24 Апреля, 2024 Среда

Жыццявіны Пастаўшчыны

  • 18 января 2018 Общество Беларуская 0

    Імунітэт

    Пра што звычайна гавораць у чарзе на прыём да ўрача? Канешне ж, пра хваробы. А ў гэтай, усяго з чатырох чалавек, раз-пораз гучалі выбухі смеху. І было ад чаго — немаладая жанчына сыпала анекдотамі.

    — І як вам удаецца запамінаць іх? — дзівілася суседка па чарзе.

    — Шмат чытаю, трэнірую памяць, а яшчэ выпрацоўваю імунітэт да адмоўных эмоцый.

    — Як гэта?

    — Дыстанцыруюся ад ныцікаў. Сама стараюся не скардзіцца на хваробы і непрыемнасці і не люблю слухаць пра гэта ад іншых. Ёсць жа людзі, якіх хлебам не кармі, а дай пабедаваць. Сустрэнецца такі чалавек на вуліцы ці ў іншым месцы і зацягвае сваю бясконцую валынку. Я тады раблю выгляд, што моцна спяшаюся па неадкладных справах і згортваю размову. Навошта мне негатыў?  Не выслухоўваю ныццё і  па тэлефоне. “Ай-я-яй, — кажу ў трубку. — У мяне ж катлеты на газавай пліце прыгараюць. Прабач, пабягу на кухню”. І іду глядзець любімую тэлеперадачу.

    Пасажыр

    Апрануты ён быў не па сезоне лёгка і не вельмі ахайна. Узросту, напэўна, перадпенсійнага. Зрэшты, можа, і маладзейшы, але вельмі  “паношаны”. Пасажыры, набыўшы ў касе білеты, пазаймалі свае месцы ў аўтобусе, а гэты, заціснуўшы ў кулаку грошы, чакаў вадзіцеля. “Братуха, вазьмі за праезд, мне тут за 17 кіламетраў”. Але кіроўца, убачыўшы, што грамадзянін на добрым падпітку, запатрабаваў, каб той пакінуў салон: “П’яных не возім!”

    — Які ж я п’яны? — пакрыўдзіўся патэнцыяльны пасажыр. — Сустрэўся з сябрам, зусім  крыху прынялі.

    — Бачу я гэтае крыху, — раззлаваўся вадзіцель. — Вылазь! Я за цябе адказваць не буду.

    Мужчына зусім зніякавеў ад непрыступнасці  шафёра і стаў “маліцца” да пасажыраў: “Людзі добрыя, землякі! Богам прашу, заступіцеся. Мне трэба даехаць дадому. Пехатой не дайду, змерзну па дарозе”. 

    Меркаванні раздзяліліся. Адны шкадавалі бедака, іншыя не жадалі ўдыхаць алкагольныя пары. Вымушаную дыскусію спыніў аднавясковец нецвярозага чалавека — угаварыў-такі вадзіцеля абілеціць таго і ўсю дарогу заставаўся для яго цвёрдай апорай. Нават меў цярпенне слухаць.

    Даехалі да патрэбнай вёскі, «выгрузіліся». А ў салоне застаўся непрыемны шлейф. Што зробіш, розныя людзі трапляюцца ў дарозе.

    Фаіна КАСАТКІНА.

    Автор: Фаіна КасаткінаПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)