19 Марта, 2024 Вторник

"Дарование-2017": премию получил 231 юный житель Пружанского района!

  • 28 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    У чарговы раз зала Палаца культуры сабрала самых разумных, самых таленавітых і самых дужых юных жыхароў Пружаншчыны.

    16 снежня прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання “Дараванне — 2017”.

    Прэмія, заснаваная райвыканкамам, уручалася сёлета ўжо шосты раз. І, як адзначыў ва ўступным слове намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец, кожны год на пружанскім небасхіле запальваюцца новыя зорачкі, а намінантаў становіцца ўсё больш.

    Сёлета ўзнагароду атрымаў 231 таленавіты навучэнец Пружаншчыны (на 29 больш, чым летась). Нагадаем, што намінантамі прэміі становяцца тыя навучэнцы, якія дабіліся значных дасягненняў на працягу каляндарнага года. Таму неаднойчы на сцэну выклікаліся студэнты ВНУ – сёлетнія выпускнікі школ Пружанскага раёна.

    Першымі прымалі дыпломы і грашовыя прэміі тыя, хто праславіў раён на міжнародным узроўні. А гэта 13 вучняў устаноў адукацыі, спорту і культуры, а таксама 3 творчыя калектывы. Напрыклад, калектыў народнай студыі моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка” і ўзорны дзіцячы хор “Вітанак” сёлета атрымалі дыпломы І ступені ІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Дзеці планеты”. Вучаніцы выкладчыцы ДШМ імя Р. Шырмы І.В. Галаўніцкай Кацярына Грышчук і Анастасія Шанюк былі ўзнагароджаны за перамогі на Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “Музыкі святло”.

    Гучна заявілі пра сябе на міжнароднай арэне і пружанскія спартсмены. Шматлікімі перамогамі адзначыліся фігурысты, якія займаюцца ў трэнера В.А. Уважанай. Выхаванка трэнера С.А. Чайкоўскага Яна Зубкова заняла трэцяе месца на Міжнародным турніры імя Карбышава па лёгкай атлетыцы.

    19 навучэнцаў сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх навукова-даследчых канферэнцый, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.

    Дыплом пераможцы (1 месца) у рэспубліканскім конкурсе творчых работ навучэнцаў у рамках фестывалю вучэбнай кнігі атрымала вучаніца СШ №3 Таццяна Шука (настаўніца С.В. Хвясюк).

    Выдатна выступілі на рэспубліцы і тры творчыя аб’яднанні раёна. А харэаграфічны калектыў “Ладачкі” ДШМ імя Р. Шырмы (кіраўнік Т.М. Дварадкіна) і дуэт віяланчэлістаў (кіраўнік В.М. Барысюк) наогул адзначыліся перамогамі.

    Што тычыцца памераў грашовых узнагарод, то сумы размеркаваліся наступным чынам: за дасягненні (1,2, 3 месцы) на міжнародным узроўні – 5 базавых велічынь, за дасягненні на ўзроўні рэспублікі – 4 базавыя велічыні, а на абласным узроўні – 3 базавыя велічыні.Зразумела, што найбольш узнагарод атрымалі пружанцы за перамогі і добрыя выступленні на абласным узроўні. У гэтай намінацыі дыпломы атрымалі 56 навучэнцаў, 7 творчых калектываў і спартыўная каманда (трэнер В.А. Красько).

    Калі разбіць пружанскія таленты на катэгорыі, то атрымаецца, што пераможцамі і прызёрамі інтэлектуальных і творчых конкурсаў рознага ўзроўню сістэмы адукацыі сталі 93 вучні (з іх у асабістым заліку — 40); па лініі культуры ўзнагароды атрымалі 88 навучэнцаў (у асабістым заліку — 7); па лініі спорту – 50 навучэнцаў ДЮСШ (у асабістым заліку — 41).Разам з юнымі пружанскімі талентамі на сцэну падымаліся і іх бацькі. Так, найперш заслуга ў выхаванні годных грамадзян належыць ім. Падчас узнагароджання гучалі і прозвішчы настаўнікаў, трэнераў, мастацкіх кіраўнікоў, якія таксама ўклалі ў кожнага намінанта часцінку сваёй душы. Здаецца, іх не хапала на сцэне…

    P.S. Калі ж дадаць лыжку дзёгцю, то хочацца звярнуцца да тых, хто пасля асабістага ўзнагароджання спяшаўся пакінуць залу. Давайце будзем больш ветлівымі і станем паважаць заслугі іншых. 

    Зразумела, што свае таленты цэняць паўсюль, але такая прэмія, як “Дараванне”, існуе толькі на Пружаншчыне!

    Нельга не адзначыць, што па-сапраўднаму чароўным гэты вечар зрабілі работнікі культуры. Дзея, што разгортвалася на сцэне, вартая ўзроўню рэспублікі. Усё – гульня акцёраў, касцюмы, святло, музыка, задума – было выканана на высокім прафесійным узроўні.

    Парадавалі абсалютна ўсе: ад вядомых ужо спявачак да самых маленькіх танцораў. Вялікі дзякуй за шоу!

    Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Кацярына ПашкевічРаённыя будні

Комментарии (0)