20 Апреля, 2024 Суббота

Тры гады ў далёкай Афрыцы

  • 28 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Сёння свет вельмі адкрыты, і ўжо нікога не здзівіш паездкай у далёкую замежную краіну. Калі маеш дастаткова сродкаў, то зможаш зазірнуць практычна ў любы вугалок зямнога шара. А вось гадоў сорак назад, у часы Савецкага Саюза,  выехаць за мяжу  было зусім няпроста.   І тым не менш, нават тады некаторым  удавалася  пабываць не толькі ў блізкім, але і далёкім замежжы. Сямейны альбом Івана і Галіны Талаёў з Вялікай Бераставіцы захоўвае здымкі, зробленыя ў Алжыры – у гэтай афрыканскай краіне  маладой сям’і давялося пражыць тры гады.

    — У пачатку 70-х гадоў многія спецыялісты з Савецкага Саюза выязджалі за мяжу, каб дапамагчы краінам, якія станавіліся на шлях сацыялістычнага развіцця, — успамінае Іван Аляксандравіч, — з нашага Бераставіцкага вучылішча, дзе і я працаваў,  таксама накіроўваліся  за мяжу выкладчыкі.  Першым паехаў Анатолій Міхайлавіч Скавыш, ён быў у Манголіі, потым -  Уладзімір Вікенцьевіч Семянюк, былы дырэктар нашага вучылішча, яго ўжо адправілі ў Афрыку.  Менавіта ён  прапанаваў і маю кандыдатуру для замежнай камандзіроўкі.  Мяне чакала вельмі сур’ёзная праверка, запатрабавалі характарыстыку не толькі з вучылішча, але і з райкама партыі, хоць я і не быў камуністам, сваякоў правяралі  да трэцяга калена. Семянюк паехаў у жніўні,  а мне трэба было 26 кастрычніка 1976 года з’явіцца ў Маскву, у Дзяржкамітэт па прафадукацыі. Са мной падпісалі кантракт на два гады і  адправілі ў камандзіроўку ў Алжырскую народна-дэмакратычную рэспубліку,  а жонка з чатырохгадовай дачкой Таццянай  ехалі як члены сям’і спецыяліста. Потым кантракт я яшчэ працягнуў на адзін год.І калі ў Івана Аляксандравіча на час замежнай камандзіроўкі захоўвалася месца працы і нават 50 працэнтаў заробку, то Галіне Анастасьеўне давялося звольніцца з працы, каб паехаць разам з мужам. 

    27 кастрычніка 1976 года сям’я Талаёў вылецела з Масквы  ў Алжыр. Ехалі, не ведаючы ніводнага слова ні па-французску, ні па-арабску. 

    — Вось тут і пачалося самае цікавае, — працягвае размову Галіна Анастасьеўна. – У сталіцы, горадзе Алжыры, нас сустрэлі прадстаўнікі пасольства, адвезлі на вакзал. Далей нам трэба было ехаць  у горад Батна, гэта 600 кіламетраў ад сталіцы.  Разам з намі прыехала яшчэ сям’я з Гомеля, таксама з маленькай дачкой. Нас пасадзілі ў цягнік, сказалі закрыцца ў купэ і нікому не адчыняць дзверы. Ноччу мы прыехалі ў горад Канстанцін,   там нам трэба было зрабіць перасадку.  Выйшлі мы на вакзале, сам будынак вакзала закрыты, толькі нейкі дзед-араб сядзіць побач. А ноччу холадна, дзеці малыя, араб пашкадаваў нас і ўпусціў  унутр будынка. Ён нам нешта гаварыў, пытаў, але мы не разумелі нічога і толькі паўтаралі адно толькі слова   “Батна”. На вакзале мы сагрэліся   і пазасыналі, бо з-за пералётаў ужо другія суткі не спалі. Дык араб   пабудзіў нас, кажа: “Батна” і правёў  да цягніка, на які нам трэба было сесці, каб даехаць да месца прызначэння. Дзякуючы яму мы і  дабраліся да Батны.

    У той час у Алжыры  было больш за 20 прафесійных цэнтраў, дзе працавалі савецкія спецыялісты, прыпомніў  Іван Аляксандравіч.  У самым горадзе  Батна быў не толькі прафесійна-тэхнічны цэнтр,  але і шпіталь, дзе працавалі рускія ўрачы, два ваенных вучылішчы,   пачатковая чатырохгадовая руская школа для дзяцей спецыялістаў, быў рускі клуб для  ваеннаслужачых, з цягам часу там пабудавалі шклозавод, металургічны камбінат. У горадзе размяшчаліся і каля 70 гідрагеолагаў, якія шукалі ваду ў Сахары.   А ўсяго ў Алжыры ў тыя гады працавала каля 10 тысяч савецкіх спецыялістаў.

    — Гэта было цудоўнае месца, горад ляжаў між гор  у   горнай даліне, — расказвае Іван Аляксандравіч, -   насельніцтва ў Батне было каля 15 тысяч чалавек.  Наш прафцэнтр размяшчаўся ў самым цэнтры горада, туды былі завезены нашы трактары, аўтамабілі, аўтобус. Мы рыхтавалі   дзве групы трактарыстаў па 25 чалавек, працавалі  ўтраіх – два выкладчыкі і майстар, ну і яшчэ два перакладчыкі. Тэрмін навучання быў паўтары гады. А наогул у нашым цэнтры было 13 груп – тут  вучылі  будаўнікоў, слесараў, токараў, зваршчыкаў, кавалёў, сакратар-машыністаў і іншых. Прычым, навучанне было раздзельнае: асобна  вучыліся  хлопцы, і асобна дзяўчаты. Прафцэнтр размяшчаўся за высокай агароджай. Раніцай гучала сірэна, вароты адчыняліся, а праз некаторы час яны    зачыняліся і без дазволу дырэктара трапіць на тэрыторыю цэнтра ўжо ніхто не мог – ні выкладчык, ні навучэнец. Працавалі з 7 раніцы да 15 гадзін.  На абед таксама гучалі сірэна, і тады можна было выйсці. Я выкладаў на рускай мове, а перакладчык перакладаў навучэнцам. Калі мы толькі  прыехалі, перакладчык  рускімі літарамі напісаў дзесьці дзвесце найбольш неабходных слоў для штодзённага абыходу,  а праз тыдзень-другі мы ўжо і самі  ведалі многа арабскіх і французскіх  слоў. А на трэцім годзе я ўжо нават і  добра валодаў французскай мовай. 

    — Нават у сне на французскай мове лекцыі чытаў, — жартуе Галіна Анастасьеўна. – Прыйдзе з работы, ляжа адпачыць, засне, і чую, як на французскай мове ўстройства рухавіка тлумачыць.

    Пасялілі маладую сям’ю недалёка ад прафцэнтра: побач быў двухпавярховы дом, дзе жылі спецыялісты-арабы, што  працавалі ў гэтым  цэнтры, тут жа  былі выдзелены  дзве кватэры для савецкіх спецыялістаў.  Талаёў разам з сям’ёй з Гомеля   пасялілі ў адну трохпакаёвую кватэру, кожная сям’я атрымала свой пакой, а ў трэці пасялілі перакладчыка. Пакоі былі абсталяваны поўнасцю мэбляй, бытавой тэхнікай, выдалі нават посуд і бялізну. У доме былі электрычнасць, газ, на ўмовы скардзіцца не было чаго, адзначылі мае субяседнікі.  

    — Калі мы прыехалі, — працягвае Іван Аляксандравіч, — перакладчык завёў нас у горад, паказаў, дзе што можна купляць. У некаторых магазінах прадаўцы нават трохі гаварылі па-руску, асабліва там, дзе было многа нашых ваенных.  Адразу  была   праблема, што ў магазінах без пустой бутэлькі нельга было купіць ніякага напою, толькі на замену. Добра што перакладчык дамовіўся, каб нам без бутэлькі ваду прадалі.

    У асноўным, арабы адносіліся да савецкіх спецыялістаў з павагай, праўда, былі і такія, якія нас не любілі. У гэтым выпадку нас папярэджвалі:   у тую вось лаўку не заходзьце, рускіх там не любяць.У пятніцу мужчыны звычайна ішлі на базар, закуплялі прадукты на тыдзень. А жанчынам не рэкамендавалі адным выходзіць у горад.

    — А чым Вы займаліся ўвесь час дома? – пытаюся ў Галіны Анастасьеўны.

    — Калі мы прыехалі туды, якраз была мода на махер, — усміхаецца Галіна Анастасьеўна, — у нас яго   было не купіць, а там яго было навалам і каштаваў ён капейкі. Вось мы, жанчыны,  і  вязалі цэлымі днямі: сабе, дзецям, усім родным. У нас нават быў перакладчык Сяргей, дык мы і яго навучылі вязаць.

    Да таго ж, я паехала ў Алжыр у камсамольскім узросце, дык прыходзілася хадзіць на камса­мольскія сходы, нам давалі камса­мольскія даручэнні, у прыватнасці,  я праводзіла мерапрыемствы з дзецьмі ў рускай школе.

    Апраналіся нашы жанчыны  па еўрапейскаму стылю, ніхто не прымушаў хаваць твар. А вось арабскія жанчыны хадзілі з закрытымі тварамі, у паранджы, толькі адны вочы відаць. Замужнія жанчыны насілі на нагах бранзалеты. Там муж заўсёды ідзе спераду,  а жанчына павінна ісці на некалькі  крокаў ззаду, ды вось гэтыя кольцы звіняць пры хадзьбе, і муж чуе, што жонка ідзе за ім.

    Нас папярэдзілі, каб мы на віду ў іх усіх  іх традыцый і звычаяў стараліся прытрымлівацца, асабліва ў  рамадан -  месяц посту,   прасілі нават,  каб нашы дзеці на віду  ў іх нічога не елі.

    Дарэчы, нашы дзеці  добра сябравалі з арабскімі, гулялі разам у двары. І Таня наша з імі многа часу праводзіла. Толькі што дамоў мы іх не запрашалі і сваім дзецям не дазвалялі да іх хадзіць.

    Цікаўлюся ў маіх субяседнікаў, як яны прывыклі да афрыканскага надвор’я?

    — Летам тэмпература даходзіла нават да плюс 40 градусаў, — гаворыць Іван Аляксандравіч, -  а зімой звычайна трымалася 15-18 градусаў, хоць некалькі разоў здаралася,  што і  снег выпадаў,  і тэмпература апускалася нават да мінус аднаго. Смешна было назіраць, як арабы ў шлёпанцах на босыя  ногі хадзілі па снезе і казалі: “Сібір! Сібір!”

     А вось каб гарачыні самай пазбегнуць, там абедзенны перапынак давалі  на  тры гадзіны,  каб людзі маглі пабыць дома.  На дзень на вокнах  зачынялі жалюзі, каб сонца не пякло. У нас тут яшчэ ніхто не ведаў пра жалюзі ў той час, а там яны былі ўжо. 

    Наш горад размяшчаўся ў між­горнай даліне, гэта месца называлі яшчэ “вароты Сахары”. І калі дуў вецер з боку пустыні, то ўзнікалі пясчаныя буры. І не дай Бог было апынуцца ў  гэты час   на вуліцы.  Пясок, як іголкамі,  калоў твар, рукі, забіваліся і вочы, і вушы, і рот,  немагчыма было ні дыхаць, ні гля­дзець. Мы закрывалі вокны і жалюзі, але ўсё роўна на падаконніках быў вялікі слой пяску і ўся падлога  ім пакрыта,   ледзь потым  маглі адмыць кватэру.

    — А яшчэ мы шмат чаго пабачылі  за гэты час, пакуль былі ў Афрыцы, — дапаўняе Галіна Анастасьеўна. – Дырэктар  прафцэнтра выдзяляў спецыяльны транспарт, каб мы маглі пабываць у розных цікавых мясцінах. Вазілі нас у пустыню Сахару, у аазісы, на гарачыя крыніцы ў горы.  У 30-і кіламетрах ад нас быў  Чымгад, старажытнарымскі горад. Там захаваўся амфітэатр, і летам  праводзіліся міжнародныя музычныя фестывалі, прыязджалі артысты з розных краін і выступалі нават без мікрафона, там такая цудоўная акустыка! Сядзеш на самы верхні ярус, а ўнізе выступаюць артысты і ўсё вельмі добра чуваць.

     Музей там захаваўся з вельмі цікавай мазаікай,  базарная плошча, лазні-тэрмы,   трыумфальная арка, вельмі захапляючыя ўражанні мы там атрымалі. І на Міжземнае мора вазілі нас адпачываць. У Батне мы нават бачылі, як цвіце агава, што бывае вельмі рэдка. 

    Нацыянальная страва ў Алжыры “кус-кус” – каша з пшаніцы пад спецыяльным соусам з мясам, прыгатаваная на пару.  А яшчэ там вельмі распаўсюджана кава.   У Батне нават  быў спецыяльны завулак, дзе малолі каву, там такі водар стаяў!  Прычым, каву п’юць там бесперапынна, ідзеш па вуліцы, арабы сядзяць прама на тратуары з   маленькімі кубачкамі і цэлы дзень п’юць каву.

    У асноўным,  арабы займаліся гандлем. Там што ні вуліца, дык адны магазіны:  з адных дзвярэй выходзіш -   і ў другія, майстэрні прыватныя, кавярні, булачныя і шмат чаго іншага.  А яшчэ была вуліца, якую мы назвалі “залатая”, там прадавалі золата ручной работы. Там такія прыгожыя і непаўторныя рэчы сустракаліся! 

    А вось чаго не было там, дык гэта сала, бо свініны яны наогул не ядуць. 

    Мама аднойчы вырашыла нам зрабіць падарунак і адправіла пасылкай сала, хатнюю кілбасу, паляндвіцу. Ды толькі адправіла   пасылку яна  не авіяпочтай, а звычайнай.   Гэта пасылка ішла да нас 6 месяцаў, калі мы яе атрымалі, то якіх толькі краін штампаў там не было, нават  Конга і Аўстраліі.    Сала, вядома,  усё зжоўкла за гэты час, але мы яго абрэзалі і елі, бо так хацелася! Ну і гарэлкі  таксама там не было. Бо алкаголь моцны яны зусім не п’юць.    А нашым мужчынам часамі хацелася пасядзець і выпіць па чарачцы, таму як хто ехаў, то прывозілі з сабой некалькі бутэлек. 

    Вядома, сумавалі па доме, пісьмы ішлі вельмі доўга, туды і назад пісьмо ішло два месяцы. Адзін раз толькі за тры гады прыязджалі ў водпуск. 

    Я пацікавілася ў Івана Аляк­сандравіча і Галіны Анас­тасьеўны, ці хацелі б яны яшчэ раз пабываць у тых месцах?

    — Вядома, было б цікава глянуць, што і як цяпер там, — згадзіліся абое. – Але каб так паехаць цяпер на тры гады, то ўжо, напэўна, не рызыкнулі б. Тады маладыя былі, смялейшыя, і грошай хацелася зарабіць больш. А цяпер ужо падумалі б некалькі разоў. Але што было, тое было, не шкадуем, тым больш, што ўражанняў засталося на ўсё жыццё. Фота аўтара і з  архіва  сям’і Талай 

    Автор: Ірына МіклашБераставіцкая газета
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)