19 Декабря, 2018 Среда

Паспяховая ў прафесіі, шчаслівая ў сям'і

  • 07 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Напярэдадні Дня жанчын мы сустрэліся з загадчыцай Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталляй Азарка, каб даведацца, як ёй удаецца сумяшчаць кар’еру і сям’ю і, разам з тым заставацца жанчынай ­– прыгожай і прывабнай, а таксама  распытаць у яе пра формулу жаночага шчасця.

    Жанчына-кіраўнік – гэта не абавязкова “жалезная ледзі”

    Наталля Казіміраўна ўзначальвае цэнтральную раённую аптэку №9 з пачатку 2000 года. Тады ў раёне працавала 8 аптэк, у 2018 іх стала 20. Захоўваючы лепшыя тэндэнцыі ранейшых гадоў, калектыў ЦРА №9 ідзе ў нагу з часам. Прафесіяналізм спецыялістаў, ініцыятыўнасць і максімальнае задавальненне попыту кліентаў не проста прыгожыя словы. Пастаянна ўдасканальваецца сістэма абслугоўвання наведвальнікаў, укараняюцца новыя формы рэалізацыі і пашыраецца асартымент тавараў, каб апраўдаць высокі ўзровень даверу людзей. Аптэчныя работнікі Івацэвіцкага раёна – згуртаваная каманда, якая пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, адкрытая ўсяму новаму і перадавому. І пацвярджэнне гэтаму – перамога ў раённым спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці гандлю сярод прадпрыемстваў, арганізацый гандлю і абслугоўвання насельніцтва за 2017 год, за што калектыў узнагароджаны Ганаровым пераходным вымпелам і Граматай Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта.

    – Я патрабавальны кіраўнік. У першую чаргу, да сябе і, адпаведна, да навакольных. Адносіны людзей у калектыве – гэта вельмі важна, і мая задача – выбудаваць гэтыя адносіны так, каб людзі хацелі ісці на працу, каб хацелі тут выкладвацца на ўсе 100%, – расказала Наталля Казіміраўна. – Дзякуй Богу, у нас сапраўды вельмі зладжаны калектыў, у асноўным – жаночы. І кожная са сваім характарам, але я ведаю, што, падыдзі да кожнай з добрым словам, яна пачуе і будзе працаваць яшчэ лепш. Людзей трэба хваліць, каб у іх крылы вырасталі. Бо працоўны калектыў быццам акіян. Вялікі, магутны, але ён складаецца з кропелек вады. Я намагаюся жыць па запаветах, галоўны з якіх – адносіцца да кожнага чалавека з павагай, дапамагчы, калі трэба. Спадзяюся, што ў мяне атрымліваецца. Радасна, што кожны год да нас прыходзяць маладыя кадры, кожны прыўносіць у працу штосьці новае, сваё. Гэтыя ідэі я заўсёды падтрымліваю, бо лічу, што сэрвіс і якасць абслугоўвання павінны станавіцца лепшымі, каб чалавеку было прыемна прыходзіць у аптэку. Мне не падабаецца, што аптэка зараз асацыіруецца з хваробамі. Аптэка – гэта здароўе, якое трэба падтрымліваць з дзяцінства. І, наогул, сярод моладзі я таксама адчуваю сябе маладой і, можа, сапраўды маладзею душой.

    А маладыя кадры аптэчнай сеткі кажуць, што Наталля Казіміраўна сваім натхненнем здольная заразіць усіх работнікаў, ды так, што адразу хочацца тварыць і дзейнічаць. Яны адзначаюць, што Наталля Казіміраўна чулы кіраўнік, да якога можна звярнуцца з любым пытаннем і добры псіхолаг, які здольны знайсці падыход да кожнага работніка і дапамагчы раскрыць яго здольнасці. Яе ўнутраная інтэлігентнасць ніколі не дазваляе ёй павышаць голас на падначаленых, усе пытанні яна вырашае стрымана. А яшчэ яна проста прыгожая жанчына, якая шчодра адорвае любоўю навакольных.

    Крыніца любві – сям’я

    Наталля Казіміраўна расказвае, што калі вяртаецца з работы дамоў, разам з медыцынскім халатам пакідае думкі пра работу ў аптэцы і ператвараецца з кіраўніка на любячую жонку, матулю, бабулю. Пра сваю сям’ю Наталля Казіміраўна шмат не расказвае, бо па жыцці кіруецца прынцыпам – шчасце любіць цішыню. Для яе сям’я – гэта тыл, гэта крыніца любові і натхнення, тыя людзі, якія заўсёды падтрымаюць.

    – Без сваёй сям’і я ніколі б не стала той, хто я ёсць. Што б ні адбывалася ў жыцці, я заўсёды ведала, што вярнуся дамоў, і там мяне сустрэнуць самыя дарагія людзі, мая падтрымка і апора, – дзеліцца думкамі Наталля Казіміраўна. – Мой муж для мяне – маё каханне, мой сябар, мой брат, мой лёс. Усе перамогі і ўсе паразы мы дзялілі на дваіх. Узгадавалі двух сыноў, зараз падрастае ўнук. Калі знаходжуся дома, я забываюся, што я кіраўнік, побач са сваім мужам я заўсёды жанчына – слабая, якая прагне клопату і ўвагі.  Я добра ведаю, мая сіла – у маёй слабасці. Бог падараваў мне цудоўную сям’ю, дзякуючы якой я і дасягнула такой пасады. Калі ў сям’і ўсё ладзіцца, лёгка прысвячаць сябе прафесіі. Але, па праўдзе кажучы, для мяне на першым месцы заўсёды заставаліся родныя людзі. Лічу, што гэта нармальна, кожны чалавек павінен мець моцную сям’ю – сапраўдную крэпасць хатняга цяпла і дабрыні, да якой заўсёды хочацца вяртацца.

    Жанчына заўсёды павінна заставацца прыгожай

    У гэтым упэўнена Наталля Казіміраўна, гэтаму вучыць яна і маладых супрацоўніц.

    – Мяне гадавала ў большасці бабуля, яна была простай вясковай жанчынай, але заўсёды казала мне: “Унучачка, падрасцеш, пойдзеш замуж, і прыгатаваць трэба, і памыць, але за сабой даглядай – прычоску зрабі, рукі абавязкова даглядай, з агарода прыйдзеш, хоць тлушчам якім памаж, калі крэму не будзе. І на людзях заўсёды трэба добра выглядаць, мужу будзе прыемна, калі на цябе ўвагу звяртаць будуць”. Столькі гадоў прайшло, а я памятаю гэтыя слова і ўпэўніваюся, што яны праўдзівыя.  Мы моцныя тым, што мы жанчыны. І павінны гэтым карыстацца! Я аб гэтым кажу і маладым дзяўчатам, трэба балаваць сябе. На тое мы слабы пол, каб мець маленькія жаночыя слабасці. Мне здаецца, сакрэт жаночай маладосці тоіцца ў тым, каб атрымліваць задавальненне ад усяго на свеце, насалоджвацца кожным момантам жыцця.

    Сакрэт жаночага шчасця

    На маё пытанне пра сакрэт жаночага шчасця, Наталля Казіміраўна ўсміхнулася і адказала, што жыццё не алгебра, таму агульную формулу сапраўднага шчасця не выведзеш, хаця б таму, што ў кожнай жанчыны яно сваё.

    – Для мяне шчасце – гэта любімая работа, муж побач, нават калі ён не ў добрым настроі, дзеці і ўнук, які асвойвае чытанне. Шчасце – яно ў дробязях. У дарозе дамоў пасля цяжкага працоўнага дня, у кожным куточку наша дому, які мы з любоўю ўладкоўвалі і куды так хочацца вяртацца. У вачах блізкіх людзей. У прафесіі, якая прыносіць задавальненне і знаёмства з цікавымі людзьмі. Шчасце жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам, любіць і марыць.

    Як адзначае Дзень жанчын

    Наталля Казіміраўна прызнаецца, што галоўныя святы ў іх сям’і – Дзень Божага Нараджэння і Пасха, на 8 Сакавіка асаблівых традыцый у яе няма, проста збяруцца ўсёй сям’ёй і правядуць гэты веснавы дзень разам. Наталля Казіміраўна любіць гэтае свята, бо яно дае пачатак вясне і цяплу, а яшчэ таму, што яе кабінет падчас гэтага свята ператвараецца на маленькую аранжарэю ці сад, бо ўсе добра ведаюць, што кветкі яна таксама любіць.

    – Хачу павіншаваць усіх жанчын нашага раёна з гэтым прыгожым святам і пажадаць здароўя, усмешак, цудоўнага настрою, каб побач з імі былі сябры, родныя, блізкія, любімыя людзі. А самае галоўнае, дарагія жанчыны, усвядоміць, нарэшце, што мы заўсёды спяшаемся жыць і шмат чаго не заўважаем. Таму не трэба жыць кожны дзень, як апошні. Трэба пражыць яго як першы, здзіўляцца ўсяму і адкрываць для сябе штосьці новае. Радавацца, напаўняцца станоўчымі эмоцыямі, любіць. Няхай гэтая вясна прынясе ў ваша жыццё добрыя перамены, шмат сонца, цяпла, шчасця, няхай будзе мора кветак і шчаслівых падзей.

    На здымку Ганны ІЛЬЯШЭВІЧ: Наталля Азарка (у цэнтры) разам з маладымі спецыялістамі калектыву.

    Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ.

    Автор: Ганна ІЛЬЯШЭВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)