25 Апреля, 2024 Четверг

Вось, п'яны паварот

  • 13 марта 2018 Общество Русский 0

    Пакуль у краіне чатыры дні святкавалі 8 Сакавіка, на дарогах праходзіла маштабная акцыя ДАІ «Цвярозы вадзіцель». Затрыманы сотні чалавек, якія рызыкнулі сесці за руль у нецвярозым стане. Карэспандэнт «Рэспублікі» паглядзела, як вылічаюць п’яных вадзіцеляў, падчас начнога дзяжурства з супрацоўнікамі ДАІ.

    За 2 месяцы гэтага года на дарогах краіны затрымана 2957 п'яных вадзіцеляў.

    Начны рэйд пачаўся ў 19.00, але я «заступаю на службу» пазней — бліжэй да поўначы. Далучаюся да экіпажа Андрэя Лаўрыновіча, інспектара ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Мінска. Пакуль едзем на першую кропку, капітан міліцыі ўспамінае нядаўні выпадак:

    — Нецвярозымі за руль могуць сесці і вопытныя вадзіцелі, і пачаткоўцы. Заўважыў аднойчы дарагі джып, ехаў без уключаных фар. У салоне знаходзіліся дзве п’яныя дзяўчыны. Сяброўкі ехалі з бара, там нешта адзначалі. Вадзіцель пазней прызналася, што адчувала сябе нармальна, таму рызыкнула сесці за руль.

    Паркуемся на вуліцы Малініна. Скажу шчыра: у святле сіне-чырвоных мігалак мне любая машына пачынае здавацца падазронай. Угледзеўшы супрацоўнікаў ДАІ, многія вадзіцелі зніжаюць хуткасць і пачынаюць ехаць асцярожней.

    — П’яны чалавек можа паводзіць сябе даволі ўпэўнена, а можа віляць на дарозе, — тлумачыць Андрэй Лаўрыновіч. — Падазрэнні ў нас могуць узнікнуць, калі ён не ўключыў фары, часта перастройваецца…

    Прайшла гадзіна, і за рулём фактычна кожнага аўто мне мрояцца парушальнікі. Але пакуль нам затрымліваць няма каго — правяраем дакументы, усё ў парадку. Яшчэ праз паўгадзіны спыняем трох вадзіцеляў без тэхагляду. Другая кропка — Партызанскі праспект. 

    Працягваем гутарку. Інспектар успамінае:

    — Адна дама аднойчы так старанна даказвала, што не п’яная, што нагамі разбіла наш службовы відэарэгістратар. Справа была на 8 Сакавіка. Яна шчыра здзіўлялася, чаму ў гонар свята нельга проста заплюшчыць вочы на сітуацыю. Спадзяюся, пасля штрафу абдумалася.

    Ужо за апоўнач на вуліцы Ванеева спыняем старэнькі «Сітраен». Жанчына апускае шкло, і ў нос нам ударае рэзкі пах спірту.

    — Я не піла алкаголь. Прапіваю курс таблетак, таму нельга, — стала апраўдвацца. — Хочаце, магу ў трубачку падзьмуць?

    Сапраўды, прыбор паказвае «нуль». А тлумачыцца ўсё проста: калі дамы «выліваюць» на сябе літры туалетнай вады, вакол іх лунае сапраўднае спіртовае воблака. З панталыку можа збіць і шклоамывальная вадкасць на спіртавой аснове, якой толькі што скарыстаўся вадзіцель. Але па-сапраўднаму п’яных вылічыць не складана: іх выдае тыповы набор рухаў і фраз. Пакуль мы едзем па горадзе, становіцца вядома: у Пінску інспектары затрымалі за рулём цяжарную з 2,7 праміле алкаголю. 34-гадовая жанчына патлумачыла, што вярталася дадому з клуба, дзе адзначала з сяброўкамі 8 Сакавіка.

    Едзем на вуліцу Перадавую, 11, дзе вадзіцелі праходзяць медыцынскі агляд. Там аншлаг. Заўважаю маладых мужчыну і жанчыну — тыя нервуюцца, спрачаюцца. Сітуацыю мне апісвае Яўген Чарняўскі, інспектар ААРіВ ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама: «Экспертыза паказала 1,25 і 1,07 праміле пры мяжы ў 0,30. Затрымалі на вуліцы Гінтаўта. Хлопца вадзіцелем назваць складана: ён на правы ніколі не здаваў. Кажа, сеў за руль, каб дапамагчы жонцы прыпаркавацца каля дома. Маўляў, тая яшчэ вопыту не набралася, сама папрасіла дапамагчы».

    Статыстыка сведчыць, што каля 10 працэнтаў ДТЗ, учыненых па віне вадзіцеляў, звязаны з ужываннем імі спіртнога перад паездкай. У мінулым годзе было затрымана больш як 23,5 тысячы вадзіцеляў, якія кіравалі аўтатранспартам у нецвярозым стане. Дарэчы, на дарогах краіны з 6 па 11 сакавіка было затрымана 408 п’яных вадзіцеляў.

    Автор: Юлия ПОПКОРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)