20 Апреля, 2024 Суббота

Што прапануюць змянiць у сiстэме працаўладкавання выпускнікоў ВНУ ў 2019 годзе

  • 13 марта 2018 Общество Русский 0

    Аб праблеме прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах гавораць даўно. Асабліва ярка праблема паўстала ў мінулым годзе, калі рынак працы атрымаў амаль удвая больш спецыялістаў — у шэрагу ВНУ на гэты год прыйшоўся здвоены выпуск. Установы рабілі неймаверныя намаганні па працаўладкаванні бюджэтнікаў. Зрэшты, былі выпадкі і ў іншыя гады, калі выпускнікам бюджэтных аддзяленняў уручалі свабодныя дыпломы — рабочых месцаў для іх не знаходзілася. Не, вольныя месцы на рынку працы былі, але для іншых спецыялістаў. У гэтым годзе на выніковай калегіі Мінадукацыі намеснік Прэм'ер-міністра Васіль Жарко яшчэ раз расказаў: сістэма прагназавання патрэбнасці ў кадрах павінна кардынальна змяніцца. Што будзе адбывацца ў галiне адукацыi i на якiя перамены вымушана будзе пайсцi вышэйшая школа — у пытаннi разбiралася карэспандэнт «Рэспублікі».

    Цi дасягальныя адзначаныя мэты?

    Пакуль на рынку працы відавочны дысбаланс попыту і прапановы.

    Тэарэтычна сутнасць рэформы простая: ВНУ, перш чым вызначаць, якая колькасць абітурыентаў неабходная і чаму навучаць студэнтаў, раяцца з дзяржорганамі. А яшчэ дакладней, Мінпрацы і сацыяльнай абароны з улікам дэмаграфічных даных і патрэб эканомікі фарміруе Мінадукацыі заказ, а гэтае ведамства размяркоўвае задачу паміж ВНУ. Хоць абяцае рабіць гэта асцярожна, зыходзячы з сітуацыі ў навучальных установах, каб, у прыватнасці, не страціць навуковыя школы, што склаліся там за многія гады працы.

    Зрэшты, сур'ёзных перамен варта чакаць толькі ў 2019-м акадэмічным годзе, паколькі першы прагноз, арыенціровачна, будзе гатовы толькі напрыканцы гэтага года. Пакуль працуем не тое каб па-старому, але па ўстаноўленых раней правілах: прадпрыемствы і арганізацыі праз дзяржорганы кіравання ўносяць інфармацыю аб сваёй перспектыўнай кадравай патрэбе. Ці могуць быць такія заказы суб'ектыўнымі? Несумненна. Ці можа арганізацыя займацца такімі далёкімі прагнозамі? Наўрад. Рынак працы ў залежнасці ад развіцця тых ці іншых галін мяняецца занадта хутка.

    Але ці справіцца з падобнай задачай потым упаўнаважаны орган? Скажам, мы спрагназавалі колькасць і кірунак падрыхтоўкі спецыялістаў, адмінусавалі незапатрабаваных эканамістаў і юрыстаў, але ці азначае гэта, што мы трапілі ў цэль? І што новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі, у ліку якіх вельмі запатрабаваны сёння кірунак — напрыклад, па блокчэйне і крыптавалютах, якія многія эксперты зараз параўноўваюць з перспектывай МММ, будуць актуальныя праз пяцігодку?

    Дык, можа, справа не ў гучных назвах? Без сумненняў, на іх цяпер клюнуць абітурыенты. Але што далей? Цi не атрымаем мы зноў сітуацыю, калі падобныя эксперты паставяць дыпломы на палічку і пойдуць фарбаваць ногці па хатах? Можа, важней ісці іншым шляхам, зрабіўшы навучальныя праграмы больш гнуткімі, калі спецыялізацыя ў залежнасці ад сітуацыі на рынку працы даецца на апошнім курсе?

    Дарэчы, гэтая праца ўжо распачата — пералік спецыяльнасцей у новым класіфікатары істотна скарочаны і ўзбуйнены. Самымі важнымі такія змены лічаць і прадстаўнікі бізнесу. Напрыклад, дырэктар бізнес-школы «Тут і Цяпер» Аляксандр Мудрык перакананы: з першага курса не павінна быць драбнення на кучу спецыяльнасцей і спецыялізацый. І падрыхтоўка не павінна быць індывідуальнай для спецыялістаў эканамічнага, маркетынгавага, фінансавага профіляў:

    — Лепш, калі за тры гады мы дадзім усім эканамічным спецыяльнасцям, а іх больш за 50, фундаментальныя веды ў галіне мікра- і макраэканомікі, фінансаў. Каб потым выпускнік не моршчыў лоб з нагоды таго, як яму падлiчыць працэнт ад чысла, а меў трывалыя веды. А за год да заканчэння ВНУ, калі можна спланаваць патрэбы эканомікі не толькі дзяржаўных, але і прыватных прадпрыемстваў у маркетолагах, лагістах, эканамістах, бухгалтарах і г.д., зрабіць тонкае «завострыванне» пад пэўную спецыяльнасць. Тады мы будзем мець сапраўды высакакласнага спецыяліста, якога на аснове магутнага падмурка ў любы момант можна будзе перавучыць. Усё гэта забяспечыць яму стапрацэнтнае працаўладкаванне, таму што прагноз у патрабаваннях да канкрэтных спецыяльнасцей будзе зроблены за год да выпуску.

    Прапанаваць або абавязаць?

    Зрэшты, толькі крытыкаваць існуючую сістэму было б няправільна. Як і вінаваціць ВНУ ў тым, што да гэтага часу яны адкрывалі новыя спецыяльнасці, зыходзячы толькі з уласных інтарэсаў. Па-першае, для гэтага былі патрэбныя кваліфікаваныя педагогі i праграмы, па-другое, цікавасць магчымых заказчыкаў. Новыя спецыяльнасці адкрываліся толькі тады, калі ўсе гэтыя пазлы супадалі. Так было, у прыватнасці, у БДУ пару гадоў таму са спецыяльнасцю «Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі».

    Іншая справа, што да гэтага часу праблема працаўладкавання ў большай ступені клалася на плечы саміх ВНУ, якія спрабавалі выбудаваць добрыя адносіны з прадпрыемствамі, што з`яўлялiся магчымымі спажыўцамі кадраў. Запрашалі іх у камісіі, спрабавалі зацікавіць. Многія рэктары наракалі: у ліку спажыўцоў актыўных усяго працэнтаў 20. А калі б у iх была iншая пазіцыя, гэта сэканоміла б грошы, якія затрачваюцца потым на перавучванне спецыялістаў.

    Замацаваць дамоўленасці юрыдычна? Такая думка таксама гучала неаднаразова. Скажам, студэнт, які вучыцца на бюджэце, адказны за сваё першае рабочае месца і адпрацоўку па спецыяльнасці ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

    — Чаму б не паставіць у больш жорсткія рамкі заказчыка кадраў? Выявіў жаданне пяць гадоў таму? Будзь добры, выканай абавязацельствы, — кажа першы прарэктар РІПА Эдуард Каліцкі. — Праблема ў тым, што за гэтыя заказы ніхто адказнасць не нясе. Праз тры гады падрыхтоўкі спецыяліста можа атрымацца, што прадпрыемства ў ім не мае патрэбы. Калі выпускнік не едзе да першага рабочага месца, ён абавязаны выплаціць грошы, затрачаныя на яго навучанне. Гэта значыць, яго абавязацельствы замацаваныя. Дык, можа, замацаваць абавязацельствы і за прадпрыемствамі?

    Пакуль жа на рынку працы відавочны дысбаланс попыту і прапановы. Напрыклад, па словах першага прарэктара БНТУ Георгія Вяршыні, ужо сёння запыт ад прадпрыемстваў на інжынерныя кадры ў 2,5 раза перавышае магчымасці ўстановы. Многія іншыя ВНУ аб такім попыце могуць толькі марыць. Ці зменіцца сітуацыя з новым фарміраваннем заказу на кадры? Як гаворыцца, пажывём — пабачым.

    Автор: Вера АРТЕАГАРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)