19 Марта, 2024 Вторник

Сыны малой радзімы. Франц Світо

  • 20 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Франц Світо больш за паўвека прысвяціў медыцыне, найбольш працаваў у Маладзечн, стаяў ля вытокаў службы пералівання крыві Мінскай вобласці, зрабіў шэраг адкрыццяў.

    Нядаўна споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Франца Іосіфавіча. Пра слаўны шлях таленавітага ўрача мы пагаварылі з яго сынам Уладзімірам, які прадоўжыў дынастыю.

    Дзякуй урачам за прафесію

    — Мой бацька з невялікай вёскі Уздрыгалавічы на Мядзельшчыне, рос у звычайнай сялянскай сям’і. Аб прафесіі ўрача марыў з дзяцінства, хаця сярод радні медыкаў не было. На яго выбар паўплывала жыццёвая сітуацыя. У 9-гадовым узросце яго малодшы брат Эдуард цяжка захварэў на пнеўманію. Вілейскія ўрачы справіліся з ёю. Бацькі былі вельмі ўдзячныя дактарам і нярэдка прыгадвалі іх у сямейных гутарках, — расказвае Уладзімір.

    Франц выдатна закончыў сямігодку ў Крывічах, затым паехаў у Вілейку, каб яшчэ на крок наблізіцца да сваёй мары. Бацькі, канешне, перажывалі, але хацелі (асабліва тата), каб дзеці набылі добрую адукацыю і прафесію. Франц самастойна арганізоўваў свой быт на здымнай кватэры. Мясцовую рускую сярэднюю школу таксама закончыў выдатна. Як пазней і Мінскі медыцынскі iнстытут.

    Першым працоўным месцам маладога ўрача-хірурга стала Бакштаўская сельская ўчастковая бальніца на Гродзеншчыне. Гэтай установай ён загадваў два гады. Тут правёў і свае першыя аперацыі. Работы ў медыкаў было шмат — мясцовыя жыхары нярэдка высвятлялі адносіны пры дапамозе кулака ці нажа. Але Франц Іосіфавіч не разбіраўся, чыя праўда. Яго задача — дапамагаць людзям.

    Потым ён перабраўся бліжэй да малой радзімы, якую літаральна абагаўляў. На Мядзельшчыне Франц Світо загадваў Занарацкай сельскай участковай бальніцай. І хутка праявіў сябе як выдатны урач-лячэбнік, арганізатар, гаспадар, шмат зрабіў па развіцці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, заслужыў аўтарытэт сярод калег.

    — Мне здаецца, што ён мог быць не толькі выдатным урачом, але і інжынерам, хімікам, настаўнікам… Нават святаром – бацька ўмеў слухаць і адчуваць людзей. Ён наогул быў блізкі да касцёла, бываў на службах альбо проста заходзіў у храм. Пісаў артыкулы пра гiсторыю касцёлаў. Выдатна валодаў не толькі рускай, але і польскай, беларускай мовамі, — працягвае Уладзімір. – А ў медыцыну, дарэчы, услед за ім пайшоў і яго малодшы брат. Ён таксама стаў хірургам, пераважна працаваў у нейрахірургіі, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, быў кандыдатам медыцынскіх навук.

    Вынаходнік і рацыяналізатар

    Навукай і, у прыватнасці, гематалогіяй Франц захапіўся ў канцы 1950-х. Менавіта тады атрымаў назначэнне на пасаду галоўнага ўрача ў наш горад на станцыю пералівання крыві, якая пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці ў студзені 1960-га і да гэтага часу з’яўляецца абласной. Па сумяшчаль-

    ніцтве Франц Іосіфавіч працаваў хірургам у гарадской бальніцы. Ён з’яднаў дружны калектыў аднадумцаў. У многім дзякуючы яму былі ўзведзены новыя будынкі станцый пералівання крыві ў Маладзечне, Барысаве, Слуцку, створана сетка адпаведных аддзяленняў пры раённых бальніцах.

    Пачало развіцца і бясплатнае донарства, значна ўзрос аб’ём нарыхтоўкі крыві, быў асвоены выраб многіх высокаэфектыўных прэпаратаў з яе, шырока стала выкарыстоўвацца ў лячэбнай практыцы і пераліванне. Менавіта на базе Мінскай абласной станцыі пастаянна праводзілася падрыхтоўка медыцынскіх кадраў для гематалогіі.

    … Практычную дзейнасць Франц Іосіфавіч паспяхова спалучаў з навукова-даследчай і рацыяналізатарскай. Адна з найбольш значных яго распрацовак — прэпарат для лячэння ацёку мозга «Ліяфілізаваная мачавіна» (для ін’екцый), якую ўкараніў у прамысловую вытворчасць. Вынікам маштабнай работы стала дысертацыя кандыдата медыцынскіх навук, якую ён з поспехам абараніў.

    — Менавіта ў Маладзечне ў 1961 годзе на станцыі пералівання крыві была выпушчана першая партыя айчыннай мачавіны. На станцыі бацька стварыў лабараторыю па выпуску прэпарата: на працягу васьмі гадоў 11 спецыялістаў выраблялі лякарства, якое потым перапраўлялася ў 92 клінікі краіны. Гэта больш за восем тысяч камплектаў, — расказвае сын.

    У 1963 годзе Франц Іосіфавіч атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходства мачавіны. А ў 1966-м дзякуючы яму была наладжана лінія па выпуску лякарства на Днепрапятроўскім заводзе бактэрыйных прэпаратаў.

    Ён таксама прыдумаў і ўкараніў у прамысловую вытворчасць аднаразовую пластыкавую сістэму для асептычнага растварэння сухіх лекавых прэпаратаў. Галоўным камітэтам ВДНГ СССР аўтар быў узнагароджаны бронзавым медалём. Свае навуковыя распрацоўкі ён апісваў і ў манаграфіях. Самая вядомая з іх – кніга «Служба крыві і донарства Міншчыны». Гэта навукова-публіцыстычнае даследаванне станаўлення і развіцця адпаведнай службы ў рэгіянальным маштабе.

    Францу Світо неаднойчы прапаноўвалі работу ў Маскве ў галіне фармакалогіі і гематалогіі. Але ён заставаўся верным беларускаму краю.

    Рукапісы не гараць…

    Безумоўным прыкладам у прафесіі Франц Іосіфавіч стаў і для сваіх дваіх сыноў. Спачатку Уладзімір і Аляксандр выбралі педыятрыю. Пазней малодшы працаваў урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам, а старэйшы ўзначаліў Мінскую абласную станцыю пералівання крыві.

    — Прафесія нашай мамы таксама звязана з медыцынай: яна фармацэўт. Мы з дзяцінства з братам чулі іх «медыцынскія размовы». Нярэдка бывалі ў таты на рабоце. Тагачасная станцыя зусім іншая: не такая аўтаматызаваная і тэхнічная. Але нас тады цікавілі не магчымасці станцыі, а падсобная гаспадарка, у якой утрымлівалі бараноў, трусоў ды мышэй. Жывёл выкарыстоўвалі ў розных даследаваннях, — успамінае сын.

    Уладзімір Францавіч нават і не думаў, што некалі стане галоўным урачом станцыі пералівання крыві. Прыняцце рашэння было не простым.

    — Як і мой тата, я імкнуся яднаць калектыў і ствараць належныя ўмовы для работы. Але пры гэтым мне важна заставацца самім сабой і мець свой погляд, — гаворыць субяседнік.

    У напамін аб доўгім працоўным шляху Франца Іосіфавіча ля будынка станцыі захаваліся яблыні – Белы наліў і Антонаўка, якія ён у свой час прывёз з малой радзімы. Яны па-ранейшаму радуюць пышным цветам і духмянымі пладамі.

    Франц Іосіфавіч для сваіх дзяцей стаў прыкладам і ў сямейным жыцці.

    — Мы ніколі не чулі, каб бацькі нават размаўлялі на павышаным тоне. У таты наогул былі прыроджаныя тактоўнасць і інтэлігентнасць. Нас з братам ён найперш выхоўваў сваімі добрымі ўчынкамі, — успамінае Уладзімір.

    Нашчадкі захавалі дом на Мядзельшчыне, у якім гадаваўся Франц. Там па-ранейшаму квітнее яблыневы сад. Засталася і вялікая бібліятэка: у ёй пераважна навуковыя выданні і любімыя гістарычныя кнігі. Ёсць у сям’і асабліва дарагі рарытэт — аўтабіяграфічны рукапіс на беларускай мове на 200 старонак, які Франц Світо адрасаваў сваім нашчадкам, каб яны ведалі, адкуль пайшоў іх род («дакапаўся» ён аж да 1802 года) і былі дастойнымі яго прадаўжальнікамі. Цяпер Уладзімір рыхтуе рукапіс да друку.

    Фота: АЎТАР і архіў Уладзіміра СВІТО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)