29 Марта, 2024 Пятница

Дырэктар Мемарыяльнага комплексу "Хатынь" аднавiў храналогiю апошняга дня вёскi

  • 20 марта 2018 Общество Русский 0

    Попел Хатынi да цяперашняга часу стукае ў сэрца кожнага беларуса. 22 сакавіка 1943 года нацысцкія карнікі спа­лілі вёску разам з усімі яе жыхарамі — гэта адна з крывавых старонак гітлераўскага генацыду ў нашай краіне. Ужо вырасла тры пакаленні, для якіх Хатынь — гэта сімвал, народны помнік гераізму, вы­прабаванняў і смутку. Напярэдадні 75-годдзя трагічнай даты дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі выдаў кнiгу «Хатынь. Трагедыя беларускiх вёсак». Гэта найцікавейшая праца, старонкі якой дазваляюць па-новаму зірнуць на тра­гедыю. Адзін з элементаў кнігі — адноў­леная да дробязей рэканструкцыя таго страшнага дня. Спецыяльна для «Р» гісто­рык падзяліўся падрабязнасцямі.

    Звычайная  ранiца 

    Напярэдадні таго жахлівага дня ў вёску Хатынь прыйшлі партызаны атрада «Мсцівец» брыгады Дзядзькі Васі (Варанянскага). Яны мелі задачу правесці дыверсію на шашы Лагойск—Плешчаніцы. Адна рота партызан спынілася на начлег у Хатыні, а другая — у суседняй вёсцы Мокрадзь. Але раніцай 22 сакавіка 1943 года партызаны (усяго каля 150 чалавек) выехалі лесам да шашы. Там яны пашкодзілі сувязь і арганізавалі засаду. 

    У гэты час у Хатыні жыццё ішло сваім шляхам. 

    У 7 гадзін раніцы 22 сакавіка Юлія Карабан, у якой спыніліся на начлег васьмёра партызан, прыгатавала ім сняданак, а пасля партызаны пайшлі. У доме пачаўся звычайны дзень. Дачка гаспадыні Таццяна прыбрала хату, папрасіла ў маці дазволу наведаць цётку па лініі бацькі, якая жыла ў суседняй вёсцы Сярэдняя, што знаходзілася ў 8 км ад Хатыні. У доме засталіся маці, чатыры браты – Віктар, Іосіф, Пётр, Уладзімір, сёстры Марыя і Ганна. Дарэчы, Таццяна была ў цёткі ўвесь дзень і ўвечары збіралася дадому, калі з’явіліся партызаны і сказалі, што ісці ў Хатынь нельга, бо карнікі падпалілі вёску і знішчаюць людзей. 

    Хрысціна Слонская ў той дзень вырашыла наведаць свайго роднага брата Антона Клімовіча, які са сваёй сям’ёй жыў у Хатыні. Разам са сваім мужам Усцінам яна пайшла да сваякоў, а дзяцей яны пакінулі дома, як тыя ні прасілі ўзяць з сабою ў госці. 

    Да Юзэфы Дражынскай, якая пражывала з дзвума дзецьмі ў Ха­тыні, з суседняй вёскі Мокрадзь прыйшоў яе бацька  Антон  Доўгель разам са сваім сынам Барысам, каб напілаваць дроў. 

    Жыццё ішло, і здавалася, гэты дзень будзе звычайным, як папярэднія дні. Але чорная хмара ўжо напаўзала на безабаронную Хатынь…

    Стрэлы  ў  лесе

    Каля 9.30 раніцы ў плешчаніцкім гарнізоне стала вядома, што адсутнічае сувязь з Лагойскам. Праверыць і адрамантаваць лінію выехала група нямецкіх сувязістаў пад аховай двух узводаў паліцыі 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна, які дыслацыраваўся ў Плешчаніцах.

    Дарэчы, 118-ы паліцэйскі ахоў­ны батальён быў сфар­міраваны ўвосень 1942 года ў Кіеве з ліку ваеннапалон­ных чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі, мабілізаванай моладзі з сельскіх раёнаў Кіеўскай вобласці, жыхароў заходніх рэгіёнаў Украіны. У батальёне пры кожным камандзіры знаходзіўся шэф – нямецкі афіцэр. Камандавалі батальёнам маёр ахоўнай па­ліцыі Эрых Кёрнэр і маёр Канстанцін Смоўскі. У канцы 1942 года батальён перакінулі ў Беларусь, дзе ён браў удзел

    у карных аперацыях у Мін­скай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

    Машыны рухаліся марудна, відавочна, сувязісты правяралі лінію, шукалі месца пашкоджання. 

    Партызаны знаходзіліся ў засадзе ўжо больш за дзве гадзіны. Урэшце каля 11 гадзін раніцы з боку Плешчаніц з’явілася невялікая калона машын — два грузавікі і легкавік. Гэта рухаліся сувязісты і паліцэйскія. Нечакана з боку лесу пачуліся стрэлы. Паліцэй­­скія трапілі ў засаду, арганізаваную партызанамі. Пачаўся бой, у час якога былі забіты шэф-камандзір роты гаўптман Ганс Вельке і два паліцэйскія. Некаторыя паліцэйскія былі паранены. Партызаны страт не мелі і адышлі ў лес.

    Паліцэйскія іх не праследавалі. Адзін узвод замацаваўся на месцы бою, адначасова, па загадзе камандзіра ўзвода В. Мялешкі, былі арыштаваны жыхары суседняй вёскі Казыры, якія па распараджэнні акупацыйных улад займаліся высечкай лесу непадалёк ад месца засады. Паліцэйскія палічылі, што гэтыя людзі неяк звязаны з партызанамi, і павялі іх пад канвоем у Плешчаніцы. Сам Мялешка выехаў у штаб батальёна. У гарнізоне паднялі трывогу, частка батальёна выехала да месца бою. Убачыўшы машыны з карнікамі, арыштаваныя палічылі, што іх зараз расстраляюць, і пачалі разбягацца. Паліцэйскія адкрылі агонь па безабаронных людзях. Было забіта 26 чалавек, яшчэ пяць было паранена. Тых, хто застаўся жывымi, пад канвоем накіравалі ў Плешчаніцы.

    Па адноўленай лініі сувязі для пераследу і знішчэння партызан выклікалі падмацаванне. Па­ліцэйскія прыбылі да месца бою недзе каля 13 гадзін дня. Пазней прыбыла з Лагойска рота батальёна СС «Дзірлевангер» і каманда СД.

    А другой гадзіне дня карнікі яшчэ знаходзіліся на шашы, вызначаючы план аперацыі. Сілы карнікаў складаліся прыблізна з 150—160 паліцэйскіх і каля 100 эсэсаўцаў. Пасля карнікі рушылі па слядах партызан, прачэсваючы лес. Рухаліся яны па перасечанай мясцовасці даволі павольна, цягнулі на сабе цяжкае ўзбраенне (гарматы, мінамёты, станковыя кулямёты). Прачэсванне заняло не меней за гадзіну. 

    Два пункты гледжання

    Недзе каля 15 гадзін карнікі выйшлі да вёскі Хатынь. Пар­ты­заны ў гэты момант яшчэ знахо­дзіліся ў вёсцы. Іх адпачынак неапраўдана зацягнуўся. Ме­навіта гэта канстатаваў загад камандзіра партызанскай бры­гады В.Т. Варанянскага, які строга забараняў партызанам начлегі і дзённыя прыпынкі ў вёсках, як групам, так і асобным байцам, паколькі ў выніку гэтага акупанты знішчаюць мірнае насельніцтва.

    Карнікі пачалі акружаць вёску. 

    У абход пайшлі эсэсаўцы і палі­цэйскія 3-й роты. 1-я паліцэйская рота рассыпалася і праз поле рушыла на вёску. Наступ карні­каў пры­крываў агонь з мінамётаў і станковых кулямётаў «максім». Падчас абстрэ­лу тры парты­заны былі забі­ты і пяцёра паранены. 

    Але данясенне камандзіра 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна маёра Кёрнэра даводзіць, што паліцэйскія сілы сутыкнуліся ў вёсцы з зацятым супраціўленнем, агонь па карніках вёўся ледзь не з кожнай хаты і прыйшлося ўжыць цяжкае ўзбраенне. Згодна з данясеннем падчас бою былі забіты 34 «бандыты» і нявызнача­ная колькасць мірных жыхароў вёскі, частка якіх загінула ў полымі пажару. 

    Аднак эсэсаўцы батальёна Дзірлевангера, якія занялі вёску першымі, у сваіх сведчаннях, дадзеных следству ў 1961 годзе, сцвярджалі, што партызан у вёсцы было мала ці не было наогул, паколькі іх асабіста яны не бачылі. Пры гэтым паліцэйскія і эсэсаўцы ўспаміналі ці кароткі бой, ці абстрэл вёскі з гармат, мінамётаў і кулямётаў. 

    З усяго гэтага вынікае, што данясенне маёра Кёрнэра хлуслівае. Ніякага бою ў Хатыні не было. Як толькі партызаны заўважылі карнікаў, якія акружалі вёску, то адразу хутка пакінулі яе. Некалькі адзінкавых стрэлаў у разлік можна не прымаць, паколькі былі яны, хутчэй, сігналамі трывогі, папераджальнымі стрэламі. 

    Партызаны адышлі ў лес. Карнікі іх не праследавалі. Верагодна, палічылі, што ў лесе можна наляцець яшчэ на адну засаду. Яны заняліся больш бяспечнай і жахлівай справай — рабаўніцтвам і знішчэннем безабаронных людзей. 

    Хлусня,  каб  апраўдаць злачынства

    Узнікае пытанне: навошта спа­трэбілася маёру Кёрнэру хлусіць? Наўрад ці толькі для таго, каб данесці вышэйшым камандзірам пра поспехі падпарадкаванай яму часці. 18 лістапада 1942 года быў выдадзены загад начальніка аператыўнага штаба паліцыі і СД рэйхскамісарыята Остланд пра арганізацыю барацьбы з пар­ты­занамі ў Генеральным камі­сарыя­це Беларусь. У прыват­насці, звярталася ўвага, што жыхароў не варта прыцягваць да адказнасці. «Вырашальнай павінна быць тая акалічнасць, як паводзілі сябе жыхары падчас аперацыі». Нават з пункту гледжання нямецкіх акупацыйных улад, жыхары Хатыні не падлягалі пакаранню. Хлусня спатрэбілася Кёрнэру, каб потым апраўдаць відавочнае злачынства і парушэнне загада.

    Адно з самых галоўных пытанняў — хто аддаў злачынны загад пра такое нялюдскае пакаранне смерцю мірных жыхароў? Асноў­ным вінаватым называецца Рыгор Васюра. Ніхто ніколі не здыме віны з гэтага ката, але аддаць такі загад ён не мог, паколькі займаў усяго толькі пасаду начальніка штаба 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна. Разам з ім у знішчэнні людзей удзельнічалі і камандзір батальёна маёр Канстанцін Смоўскі, і шэф-камандзір батальёна маёр Эрых Кёрнэр, іншыя камандзіры паліцэйскіх і эсэсаўцаў. Быў яшчэ адзін афіцэр СС, якога ніхто з удзельнікаў аперацыі не ведаў. Хто гэта быў? Зусім незадоўга да гэтых жудасных падзей, 2 сакавіка 1943 года загадам начальніка ахоўнай паліцыі і СД Беларусі ў Лагойск быў накіраваны батальён Дзір­левангера і каманда СД пад кіраўніцтвам гаўпт­штур­мфюрара СС Вільке. 

    Паводле згаданага вышэй за­гада пра арганізацыю барацьбы з партызанамі ў Генеральным камісарыяце Беларусь ад 18 ліста­пада 1942 года толькі начальнік каманды СД меў выключнае права вырашаць – спальваць вёскі ці не, знішчаць ці эвакуіраваць іх жыхароў. Такім чынам, загад пра знішчэнне Хатыні, забойства жанчын і дзяцей мог аддаць толькі гаўптштурмфюрар СС Вільке. 

    Агонь i кроў

    Калі пачалася страляніна, 12-гадовы Уладзімір Яскевіч пабег у бок лесу. Аднак далёка ён не ўцёк, а схаваўся блізка ад вёскі ў яме, дзе захоўвалі бульбу. Што рабілі карнікі, ён не бачыў, толькі чуў страляніну, бачыў пажары і вялікі дым. Хлопчык так спалохаўся, што не чуў ляманту людзей, яму здавалася, што вакол усё гудзе і шуміць. Чамусьці ён спадзяваўся, што жыхары пакінулі вёску, што яго сям’я паспела схавацца ў лесе. Неўзабаве да ямы, дзе хаваўся хлопчык, падышлі два немцы. Адзін узняў аўтамат і хацеў стрэліць, але не зрабіў гэтага. Паразмаўляўшы паміж сабой, немцы пайшлі. Ужо пасля Уладзімір даведаўся, што ўся яго сям’я загінула. Здолела схавацца і выратавацца толькi сястра Уладзіміра – Соф’я Яскевіч. 

    Дом Жалабковічаў стаяў на ўскрайку вёскі. Калі ўсчынілася страляніна, Сцепаніда Аляксееўна, маці 12-гадовага Сашы, загадала сыну ўцякаць. Хлопчык ускочыў на каня і памчаўся з вёскі. 

    Спыніўшы абстрэл, карнікі акружылі вёску і пачалі выганяць людзей з дамоў. Мужчын, жанчын і дзяцей прывялі ў цэнтр, дзе знаходзілася пуня. Туды загналі сем’і Бараноўскіх і Жалабковічаў, Навіцкіх і Жыдовічаў, Яскевічаў і Ётка, Рудак, Карабан, Клімовічаў, Іосіфа Федаровіча… 

    Аб тым, што было далей, рас­павёў сведка трагедыі, былы каваль Іосіф Камінскі. «…І мяне павялі ў той хлеў… Дачка, і сын, і жонка – там. І людзей столькі. Я кажу дачцэ: «Чаму вы не адзеліся?» — «Дык сарвалі з нас адзежу», — кажа дачка. Ну, прыгоняць у хлеў і зачыняць, прыгоняць і зачыняць. Столькі людзей нагналі, што і не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей і страх гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху і падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што і дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць… А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго і не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці – такі крык, што… Я сыну кажу: «Праз галовы, праз галовы трэба!» 

    Падсадзіў яго. А сам панізе, паўз ногі. А на мяне бітыя і наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, і прадыхнуць нельга. Але варушыў плячыма – тады я здаравейшы яшчэ быў, – стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха і абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць – яго і палажылі. На ім людзі пабітыя – з кулямёта ўсіх… Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая…

    Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога…»

    На трэці дзень жыхары нава­коль­ных вёсак пахавалі целы за­бітых і спаленых людзей у трох магі­лах побач з тым месцам, дзе ад­былася трагедыя. Над кожнай быў устаноўлены крыж. Пасля вайны тут быў пастаўлены сціплы абеліск з зоркай. У пачатку 1960-х гадоў над магілай жыхароў Хатыні устаноўлены помнік «Смуткуючая маці». 

    Пазней, калі ствараўся мемарыял, на гэтым месцы быў насыпаны невялікі курган і ўстаноўлены Вянок Памяці як сімвалічны зруб новага дома, як сімвал шчасця, якое не адбылося. 

    Артур ЗЕЛЬСКІ, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь»


     

    Рэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)