19 Апреля, 2024 Пятница

Не блытаць вечка з накрыўкай

  • 29 марта 2018 Общество Беларуская 0

    «У нашай мове ёсць словы безгаспадарны, безгаспадарчы і безгаспадарлівы. Падкажыце, дзе якое ўжываецца? Тое ж у мяне з «векам» («вечкам») і «накрыўкай». Як іх не зблытаць?» — пытае спадар Раман з Гродна.

    Спадарыня Аляксандра Сайкоўская з Мінска просіць дапамогі ў размежаванні слоў «стасункі», «зносіны», «адносіны» і «дачыненне».

    Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

    1. Рэчы, якія нікому не належаць, мы называем безгаспадарнымі: безгаспадарная маёмасць, безгаспадарны чамадан. Безгаспадарлівым можна назваць чалавека, які не ўмее разумна весці гаспадарку, якога лічаць неэканомным: безгаспадарлівы кіраўнік. Безгаспадарчы — сінонім безгаспадарлівага: як можна быць такім безгаспадарчым!

    2. Галоўнае адрозненне паміж словамі накрыўка і века ў тым, што, паводле азначэння, века з'яўляецца часткай прадмета, які яно накрывае. Гэта значыць, што, напрыклад, века куфра не бярэцца аднекуль і кладзецца наверх, а прымацавана да самога куфра. Вечкі, за якімі схаваны кнопкі аварыйнага выключэння дзвярэй у нашым грамадскім транспарце, таксама мацуюцца завесамі. Адсюль — тое, што называецца словам века, павінна асацыявацца з «дзверцамі», якія адчыняюцца і зачыняюцца.

    Накрыўка можа быць у бутэлькі (не блытаць з коркам, які ўсоўваецца ўнутр рыльца), у слоіка, у вядра, у каструлі, бочкі… Як відаць, у гэтых выпадках словам накрыўка названа тое, што цалкам здымаецца, прыбіраецца з прадмета, які яно накрывае.

    3. Дачыненне — гэта сувязь нейкіх з'яў, аб'ектаў. Напрыклад, фразу «Ці маеш ты нейкае дачыненне да канцэрта?» можна па-іншаму сфармуляваць так: «Ці звязаны ты неяк з канцэртам?»

    Назоўнік зносіны можа абазначаць дзелавыя, іншыя сувязі паміж некім: зносіны з замежнымі дзяржавамі, гандлёвыя зносіны. Сёння гэтае слова часта ўжываецца, калі трэба падкрэсліць, што гаворка ідзе пра адносіны паміж людзьмі, у час якіх яны камунікуюць, размаўляюць: мы ўжо даўно не маем з ім зносін. Гэтым жа словам абазначаюць сродкі перамяшчэння, сувязі: аўтобусы прыгарадных зносін.

    Стасункамі сёння звычайна называюць асабістыя адносіны паміж сябрамі, закаханымі. Цікава, што раней гэтае слова магло абазначаць тое, што і стаўленне.

    Нягледзячы на ўжыванне стасункаў класікамі нашай літаратуры, некаторыя навукоўцы лічаць яго непажаданым паланізмам. З сучасных слоўнікаў яно ёсць, напрыклад, у «Беларуска-рускім тлумачальным слоўніку новых слоў і новых значэнняў слоў».

    Дарэчы, стаўленне (як сінонім адносін) — гэта погляд на што-небудзь або разуменне чаго-небудзь. Напрыклад, у сучасных анкетах часам просяць выказаць сваё стаўленне да алкаголю і курэння, г. зн. паведаміць, як мы іх разглядаем: як нешта добрае, дрэннае або нейтральнае. Слова абазначае таксама характар паводзін, абыходжання каго-небудзь з кім- або чым-небудзь: яго стаўленне да жонкі заўважалі ўсе.

    Паводле даведнікаў, найбольш універсальнае са слоў, што названы ў пытанні, адносіны. Яно, з пэўнымі агаворкамі, можа ўжывацца ў значэннях усіх разгледжаных вышэй назоўнікаў. Найбольш адметным, «сваім» для яго, відаць, з'яўляецца значэнне «ўзаемная сувязь, залежнасць з'яў або іх кампанентаў», у якім яно збліжаецца са словам суадносіны: адносіны прычыны да выніку.

    Аднак гэтая ўніверсальнасць адносін не робіць слова незаменным. Каб падкрэсліць канкрэтнае значэнне, у многіх выпадках варта ўжыць адпаведны сінонім.

    У абарону слоў

    Апошнім часам назіраюцца закіды ў бок слова аранжавы. Яно нібыта лішняе ў сучаснай мове. Аднак настолькі жорстка ставіцца да гэтай назвы колеру зусім не варта, бо яна была ў даведніках 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Да таго ж сёння слова больш зразумелае і звыклае для многіх у параўнанні са сваімі заменнікамі.

    Автор: Алесь Саламевіч, Леў ГлушыцкіЗвязда

Комментарии (0)