25 Апреля, 2024 Четверг

Што рабіць, калі ўкусіў клешч?

  • 12 апреля 2018 Общество Русский 0

    Кляшчы з'яўляюцца ранняй вясной у сонечныя дні на праталінах. Вось і сёлета першыя звесткі аб тым, што кляшчы атакавалі людзей, прыйшлі з Брэсцкай вобласці. Пікі іх актыўнасці прыпадаюць на май — чэрвень і жнівень — верасень. Гэтыя невялікія істоты з'яўляюцца пераносчыкамі многіх хвароб. Самыя распаўсюджаныя з іх — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. Чым жа яны небяспечныя?

    Клешчавы энцэфаліт — гэта інфекцыя, якая характарызуецца ліхаманкай, інтаксікацыяй і пашкоджаннем галаўнога і спіннога мозга. Ён можа прывесці да ўскладненняў неўралагічнага або псіхіятрычнага характару або нават смерці.

    Лайм-барэліёз — інфекцыя, якая «б'е» па суставах, сэрцы, нервовай сістэме, вачах. Як і ў выпадку з клешчавым энцэфалітам, заражэнне можа скончыцца лятальным канцом.

    — Кляшчы сядзяць на нізкай траве, на хмызняку, — кажа Уладзімір Пашковіч, загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — Высока яны не ўздымаюцца і на людзей з дрэваў не падаюць — дарэчы, гэта адно з устойлівых памылковых перакананняў. Яны сядзяць у позе чакання. Калі праходзіць чалавек або жывёла і дакранаецца да галінкі з кляшчом, то ён чапляецца пярэднімі лапкамі за ахвяру і пачынае паўзці туды, дзе крывяносныя сасуды вельмі блізка прылягаюць да скуры. Гэта, як правіла, пахавая вобласць, падмышачныя ўпадзіны. І як толькі клешч дабраўся да такога месца, ён пачынае сваю «чорную справу». Па досведзе мінулага году, колькасць заражаных Лайм-барэліёзам кляшчоў даходзіла да чвэрці ад агульнай колькасці. Прыкладна 3,5 % былі заражаны клешчавым энцэфалітам. Здараецца так, што адна істота адначасова з'яўляецца пераносчыкам дзвюх хвароб.

    Клешч сваімі парнымі сківіцамі пракусвае скуру і ўводзіць у рану джала. Ён выдзяляе спецыяльныя рэчывы, якія перашкаджаюць згортванню крыві, каб джала не захрасла ў ране, і клейкае рэчыва, каб утрымацца на скуры. Адчуць момант укусу немагчыма — агрэсар пры ўкусе ўводзіць анестэтык.

    Пасля ўкусу клешч выглядае, як вішнёвая костачка. Насмактаўшыся крыві, ён звычайна павялічваецца ў 10—15 разоў. Прычым звычайна ў дыяметры яго памер не перавышае аднаго-двух міліметраў. Пасля гэтага ён адпадае. Правесці на целе ён можа ад трох да чатырох сутак.

    — Магчымасць «падчапіць» маленькага шкодніка існуе не толькі ў лясах, парках і скверах, але і на прысядзібным участку, калі на ім ёсць няскошаная трава, непрыбранае з восені апалае лісце, ламачча, — працягвае Уладзімір Пашковіч. — Можна нават сказаць, што гэта не кляшчы жывуць сярод людзей, а мы жывём сярод кляшчоў. Трэба прывыкнуць да іх, як да камароў, да мух, да мурашак. Кляшчы — вельмі старажытныя насякомыя. Любых цеплакроўных істот — і жывёл, і чалавека — яны разглядаюць як сваю ежу.

    — Таму пасля прагулак трэба аглядваць сваё цела, — гаворыць афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Вырашылі выйсці на вуліцу з хатнім гадаванцам — абавязкова трэба агледзець і яго. Калі шкоднае насякомае на вас усё-такі засела, то яго трэба дастаць. У ідэале трэба звярнуцца ў раённы траўмапункт. Там акажуць кваліфікаваную дапамогу, кляшча накіруюць на даследаванне і прызначаць курс антыбактэрыяльнай тэрапіі. Але калі да ўрачоў ад вас далёка, то дастаць «вампіра» можна і самастойна. Для гэтага трэба захапіць кляшча ніткай, завязаць яе ў вузел як мага бліжэй да хабатка, затым павольна яго разгойдваць і падцягваць уверх. І ў любым выпадку, кляшча трэба аднесці ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе яго правераць на заражанасць. Месца ўкусу трэба апрацаваць антысептыкам. Гэта можа быць ёд, зялёнка, перакіс вадароду. Пасля чаго старанна вымыйце рукі з мылам.

    Даволі распаўсюджаная памылка — што трэба капнуць на кляшча алеем. Маўляў, ён задыхнецца і будзе бясшкодным. Гэты варыянт кепскі тым, што насякомае ў далейшым не будзе прыдатна для даследаванняў на наяўнасць узбуджальнікаў захворванняў. Яшчэ адна памылка — спроба сілай адарваць кляшча ад цела. Ротавы апарат надзейна фіксуе яго на скуры. Таму вынікам такіх спроб стане тое, што галоўка застанецца трывала прымацаванай, што выкліча запаленчую рэакцыю.

    У наступныя дні пасля ўкусу ўважліва сачыце за сваім самаадчуваннем: у выпадку з'яўлення недамагання, галаўнога болю, павышэння тэмпературы, болю ў мышцах неадкладна зноў звярніцеся да ўрача.

    Але звесці да мінімуму магчымасць падчапіць непажаданую маленькую істоту падчас адпачынку на прыродзе цалкам рэальна. Пажадана, каб вопратка была светлых колераў і аднастайнай расфарбоўкі. У такім выпадку своечасова заўважыць на ёй жывыя «кропачкі» будзе куды больш рэальна. Кляшчы, як правіла, напаўзаюць з раслін і хмызняку на ўзроўні ніжніх канечнасцяў цела і заўжды падарожнічаюць па вопратцы ўверх. Таму штаны пажадана пры магчымасці заправіць у абутак або гольфы ці шкарпэткі з трывалай рызінкай. Манжэты рукавоў павінны шчыльна прылягаць да цела. Галаву трэба абараніць капюшонам або шапкай.

    Знаходзячыся ў лесе, не садзіцеся і не кладзіцеся на траву. Так вы станеце ідэальнай прынадай для маленькіх зубасцікаў. Калі ж без начлегу не абысціся, то лепш выбраць для гэтага тэрыторыю, пакрытую пяском і пазбаўленую травы. А супраць кляшчоў таксама можна і трэба выкарыстоўваць рэпеленты, апрацоўваючы імі вопратку.

    Як бачым, засцерагчыся ад няпрошаных насякомых даволі проста. Таму хай паходы на прыроду пройдуць для вас без праблем!

    Автор: Валяр'ян ШкленнікЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)