24 Апреля, 2024 Среда

Гімназія-каледж мастацтваў, з 30-годдзем!

  • 13 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Нам, журналістам «Маладзечанскай газеты», у гімназіі-каледжы мастацтваў даводзіцца бываць нярэдка, бо немагчыма ігнараваць дасягненні навучэнцаў і педагогаў, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі ў рэгіёне і краіне. Кожны раз пераконваемся ў тым, што перамогі здабываюцца калектыўна. Агульнымі намаганнямі тут ствараюцца ўмовы для таго, каб хацелася працаваць, вучыцца і ўдасканальвацца.

    Педагогі адразу нас папярэдзілі: выбраць усё «самае-самае» будзе цяжка. Бо гімназія-каледж унікальная сама па сабе. Гэта адзіная ўстанова адукацыі такога фармату ў рэспубліцы.

    Вялікая сіла

    Спачатку гэта была сярэдняя школа №12. У 1988-м адкрылі музычна-харавое аддзяленне, пазней на працягу чатырох гадоў — харэаграфічныя, тэатральныя і мастацкія класы. А ў 1992-м установа атрымала статус сярэдняй агульнаадукацыйнай школы мастацтваў і стала фінансава самастойнай. Педагогі заўважаюць, што абрэвіятура СОШИ аказалася сімвалічнай. І сёння многія маладзечанцы так называюць гімназію-каледж.

    Першым дырэктарам установы на працягу 15 гадоў была Людміла Васілевіч. Яе ведаюць як выдатнага прафесіянала сваёй справы. Людміла Аркадзьеўна ўнесла вялікі ўклад як у развіццё школы, так і наогул у сістэму адукацыі раёна. Менавіта ў многім дзякуючы ёй у 2003 годзе ўстанова атрымала статус гімназіі-каледжа мастацтваў. З гэтага часу тут рэалізуецца праграма сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях «Жывапіс», «Акцёрскае мастацтва», «Харэаграфічнае мастацтва», «Інструментальнае выкананне».

    Дарэчы, першы выпуск (1989 год) установы складаўся ўсяго з 30 хлопцаў і дзяўчат. Найбольшы – 87 чалавек – прыпаў на 2010 год. А медалістаў найбольш было ў 2001-м: 18 з 75 выпускнікоў.

    Немагчыма не назваць педагогаў, якія стаялі ля вытокаў слаўнай гісторыі і традыцый. Гэта Валянціна Атрушкевіч, Таццяна Банькова, Галіна Ганіч, Алена Зянько, Таццяна Кірэева, Ірэна Кудзіна, Людміла Лагуцёнак, Зоя Місевіч, Ала Міхайлоўская, Святлана Панамарова, Тамара Шамсутдзінава, Станіслава Шунько, Любоў Яцкевіч.

    Круглы стол кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў установы. Іх тут створана аж 17 — па розных кірунках дзейнасці. Такім чынам педагогі абменьваюцца вопытам.

    Цікавы і той факт, што 19 выпускнікоў гімназіі-каледжа мастацтваў вярнуліся сюды ў якасці выкладчыкаў. Таксама працуе нямала дынастый – з іх ліку Ірына Грабоўская, Таццяна і Кацярына Кулеш, Алена Місевіч, Юлія Чэрнік.

    Новы віток

    Трынаццаты год кіруе ўстановай Вольга Хазікава, з якой звязаны новы віток развіцця.

    — Нараджэнне гімназіі-каледжа мастацтваў было глыбока сімвалічным. Нягледзячы на свой невялікі па гістарычных мерках узрост, яна з’явілася ў краіне, якой ужо няма. Пабывала ў двух тысячагоддзях і некалькі разоў адраджалася ў новай якасці. Установа ўзнікла на перакрыжаванні дзвюх эпох як важкая вяха ў станаўленні беларускай сістэмы адукацыі, у якой зроблены выбар на карысць гарманічна развітай асобы, — заўважае Вольга Юльянаўна.

    Дарэчы, аб прафесіі настаўніка яна марыла з дзяцінства. Шмат гадоў выкладала ў пачатковых класах, а таксама рускую мову і літаратуру ў старшакласнікаў. На яе погляд, самае галоўнае для педагога – разумець дзяцей і ўмець зацікавіць іх прадметам.

    Надзейнымі памочнікамі ў рабоце з’яўляюцца намеснікі па розных кірунках дзейнасці – Іна Рушук, Станіслава Шунько, Ніна Пальчэўская, Анжаліка Хандзецкая, Людміла Нарэйка.

    Сёння ва ўстанове ажыццяўляецца навучанне на 2-й і 3-й ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем на павышаным узроўні вучэбных прадметаў па музычна-інструментальным, выяўленчым, тэатральным і харэаграфічным мастацтве. Тут займаецца звыш 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак – гэта адна з самых вялікіх па колькасці вучняў установа на Маладзечаншчыне.

    Асвойваць навукі і шукаць сябе ім дапамагаюць няўрымслівыя, улюбёныя ў сваю справу педагогі. Варта заўважыць, што ў гімназіі-каледжы мастацтваў працуюць два выдатнікі адукацыі, столькі ж членаў Саюза мастакоў, шасцёра настаўнікаў маюць акадэмічную ступень бакалаўра і яшчэ чацвёра – магістра.

    На ўрок да Елісеенкава, Салаўёва…

    Ва ўстанове створана звыш 20 творчых калектываў, сярод іх чатыры маюць званне «ўзорны». Навучэнцы з’яўляюцца лаўрэатамі, дыпламантамі і ўдзельнікамі конкурсаў, фестываляў, выставак ад раённага да міжнароднага ўзроўню. Нямала перамог на рахунку Ігната Данько, які валодае адметным акадэмічным вакалам, і выканаўцы на духавых і ўдарных інструментах Міхаіла Дамарацкага.

    За 30 гадоў склалася мноства традыцый. Чвэрць стагоддзя існуюць творчыя конкурсы «Зорны капеж» і «Зорная палітра». З цягам часу яны сталі праводзіцца ў адкрытым фармаце, да іх далучыліся юныя таленты не толькі з нашага, але і іншых раёнаў. Яшчэ ў мінулым стагоддзі з’явіўся праект «Зоркі ХХІ стагоддзя». Ён таксама выйшаў за рамкі гімназіі-каледжа і нават праводзіцца на галоўнай сцэне Палаца культуры. Такім чынам ушаноўваюць пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, адзначаюць за дасягненні ў спорце, а таксама лідараў дзіцячых і юнацкіх грамадскіх арганізацый. Выказваюцца падзякі настаўнікам і бацькам вучняў.   

    Нярэдка ў гімназію-каледж мастацтваў прыязджаюць на творчыя сустрэчы папулярныя беларускія артысты. Адну з апошніх правёў наш зямляк Алег Елісеенкаў. Бываюць тут і знакамітыя выпускнікі Аляксандр Салаўёў, Ніна Багданава.   

    На шляху да перамог

    Навучэнцы дэманструюць аднолькава высокія вынікі не толькі ў творчасці, фізічнай культуры, але і ў вывучэнні многіх іншых праграмных прадметаў. Яны заўсёды сярод пераможцаў навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд.

    А найбольшую колькасць алімпіяднікаў падрыхтавалі настаўнікі рускай мовы і літаратуры Жанна Гадлеўская і Ніна Каранік, біёлаг Святлана Ашуркевіч, матэматык Таццяна Кірэева, гісторыкі Людміла Лагуцёнак і Валянціна Петрыкевіч. Сёлета ўпершыню прадстаўніца гімназіі-каледжа мастацтваў Лізавета Карпіновіч перамагла ў рэспубліканскай алімпіядзе па астраноміі. Два гады да гэтай перамогі яна ішла разам са сваім педагогам Вольгай Усюкевіч. Дарэчы, гімназія-каледж адзінае яе месца работы, якой аддадзена 20 гадоў. Разам з Лізай настаўніца праштудзіравала не толькі падручнікі школьнай праграмы, якіх, па іх прызнанні, недастаткова. Давялося звярнуцца да падручнікаў ВНУ, інтэрнэт-крыніц і расійскіх алімпіядных заданняў. Астраномію Лізавета выбрала невыпадкова: гэтым прадметам яе зацікавіла настаўніца.

    У ліку пераможцаў на «рэспубліцы», а таксама алімпіяды па рускай мове і літаратуры сярод школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць» выхаванкі Жанны Гадлеўскай Анастасія Іванова і Ксенія Шымановіч.

    За 30-гадовую гісторыю ўстановы 33 навучэнцы 54 разы адзначаліся за асаблівыя поспехі спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі. Спецыяльнымі прэміямі фонду заахвочваліся і педагогі Жанна Гадлеўская, Ніна Каранік, Валерый Мурычын, Дзмітрый Ганецкі.

    Для навучання ва ўстанове створаны выдатныя ўмовы – абсталяваны камп’ютарныя класы, лінгафонны кабінет, праведзены інтэрнэт, дзейнічае лакальная інфармацыйная сетка, ёсць сучасная аўдыё- і відэатэхніка, грунтоўная метадычная база.

    Адкрываем свет разам

    Пра калектыў гімназіі-каледжа можна расказваць бясконца. Акрамя выкладання педагогі знаходзяць час і на тое, каб выхаванцам усебакова адкрыць свет. Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Баркоўская курыруе дзейнасць гімназічнай бізнес-кампаніі «Art-biz». Яна вучыць дзяцей вязаць у розных тэхніках і вырабляць сувенірную прадукцыю, а яе калегі дапамагаюць асвойваць роспіс па шкле і складаюць сцэнарыі мерапрыемстваў. Выкладчык біялогіі Дзмітрый Ганецкі з’яўляецца кіраўніком адзінага ў вобласці гуртка «Акварыумістыка». Ён захапляецца падводным светам, стварыў калекцыю марскіх насельнікаў. А выкладчык па класе баяна Аляксандр Розін адрадзіў старадаўні від музычнай народнай творчасці — ігру на драўляных лыжках — і арганізаваў вучнёўскі аркестр. Таксама педагог кіруе вучнёўскай тэлестудыяй «Шанс-ТВ».

    Ва ўстанове нават незвычайны лабарант па фізіцы. Тамара Алейнікава захапляецца раслінаводствам. Сапраўдным «кветкавым аркестрам» яна дырыжыруе ў… гімназічнай цяпліцы. Ёсць хобі і ў сталяра Леаніда Шчабяракі, які захапляецца гісторыяй і майструе далікатныя вырабы «пад даўніну». Іх з задавальненнем выкарыстоўваюць у творчых пастаноўках. Гэтымі днямі ва ўстанове праходзіць выстаўка яго работ.

    Тут працуюць таксама сацыяльна-педагагічная і медыцынская служба, прафесійны і калектыў сталовай. Відавочна, што гімназія-каледж мастацтваў – установа з трывалымі традыцыямі ў навучанні і выхаванні, дзе камфортна ўсім – навучэнцам, педагогам, бацькам.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)