25 Апреля, 2024 Четверг

За дзевяць гадоў брэсцкі ліхтаршчык стаў адной з гарадскіх славутасцей

  • 24 апреля 2018 Общество Русский 0

    Кожны вечар на пешаходнай вуліцы Савецкай у Брэсце з'яўляецца незвычайны чалавек. У цёмна-сінім кіцелі, у высокай фуражцы, з лесвіцай на плячы. Быццам з казкі Андэрсена. На яго поясе вісяць гадзіннік і крэсіва. Чалавек падыходзіць да аднаго з вулічных ліхтароў, прыстаўляе лесвіцу, узбіраецца наверх. Праз імгненне ў газніцы скача ярка-аранжавы агеньчык. За незвычайным чалавекам ад ліхтара да ліхтара пераходзіць натоўп разявак. Здымаюць яго на смартфоны i камеры. Нядзіўна — цяпер сапраўднага ліхтаршчыка ў нашай краiне можна ўбачыць толькі ў Брэсце.

    «За што вы так правініліся?»

    На тое, каб запаліць 17 ліхтароў на Савецкай, Віктару Кірысюку патрэбна прыкладна з паўгадзіны. Яшчэ столькі ж — на размову з турыстамі і шматлікія фота на памяць. Ад сваёй публічнасці ліхтаршчык не стаміўся. Наадварот, ён усмешлівы і гаваркі:

    — Нядаўна падышоў нейкі хлопчык і спытаў: «Дзядзечка, а колькі гадоў вы працуеце ліхтаршчыкам?» Я адказаў, што ўжо дзевяць. Хлапчук здзівіўся: «І за што вы так правініліся?» Праца ў мяне сапраўды няпростая, але ж яна мне ў радасць.

    Традыцыю запальваць газавыя ліхтары ў Брэсце адрадзілі ў 2009 годзе. З тых часоў Віктар Кірысюк не прапусціў ніводнага світання і захаду сонца. У яго няма выхадных, ён не бывае ў адпачынку. Кожны дзень — на рабочым месцы. Пры поўным парадзе — форма ў ліхтаршчыка дакладна такая ж, якую насілі яго папярэднікі паўтара стагоддзя таму. У краме такую, зразумела, не купіш, шыюць яе на заказ. І мяняць даводзіцца часта — кожны год.

    Працоўны дзень брэсцкага ліхтаршчыка пачынаецца незадоўга да світання. На дзяжурным аўта­мабілі Віктар Пятровіч прыязджае ў цэнтр горада. Гасіць ліхтары, далівае газы, мяняе адслужыўшыя сваё кноты. Калі трэба — здымае шкляныя колбы газніц, вязе дахаты, каб адмыць ад сажы і бруду. Увечары, за паўгадзіны да захаду, ён зноў прыязджае на Савецкую. Запальвае ліхтары, размаўляе з турыстамі. Калі загараецца апошні, сямнаццаты ліхтар, вулічныя агні ўключаюцца па ўсім горадзе. Гэта ўжо традыцыя.

    Праца — запальваць Савецкую

    Віктар Кірысюк распавядае, што работа ў яго няпростая. Ліхтаршчык павінен працаваць і ў дождж, і ў мароз:

    — І ў цёплую пару года, i ў халодную ёсць свае складанасці. Летам, напрыклад, ліхтары запальваю пасля дзесяці, а ўжо праз некалькі гадзін трэба ехаць іх тушыць. Паспаць ноччу практычна не ўдаецца. Восенню і зімой — свае нюансы. У мароз рукі дубеюць, запальнічка загараецца ледзь-ледзь. Але працаваць даводзіцца ў любое надвор'е. На здароўе, дзякуй богу, не скарджуся. На бальнічным ні разу не быў.

    Быць у выдатнай форме брэсцкаму ліхтаршчыку дапамагае перш за ўсё адсутнасць шкодных звычак. Віктар Кірысюк вядзе выключна здаровы лад жыцця, сярод напояў аддае перавагу розным сартам чаю, гарбаце, настоенай на розных травах. А яшчэ сілы дае тое, што чалавек займаецца любімай справай. У маладосці Віктар Пятровіч некалькі гадоў служыў электрыкам на падлодцы, пасля амаль чатыры дзесяцігоддзі папраўляў вулічнае асвятленне. Пра тое, што ліхтаршчык у яго выкананні стане адным з сімвалаў Брэста, ён і не марыў. На ганаровую пасаду прэтэндавала каля 70 чалавек. Але права запальваць Савецкую даверылі менавіта Пятровічу. Выбіралі па многіх крытэрыях. Ацэньвалі знешнасць, правяралі камунікабельнасць, фізічныя даныя. З гэтым у Віктара Кірысюка поўны парадак. Ліхтаршчык жартуе, што не ведае, колькі яму гадоў. У пашпарт, маўляў, не зазірае:

    — Узрост — гэта глупства. Дакументы заўсёды хлусяць. Чалавеку роўна столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае. У нас жа як заведзена? Выйшаў на пенсію, і ўсё — паставіў на сабе крыж. Так быць не павінна. Жыццю трэба радавацца. Нягледзячы ні на што.

    Не губляць цікавасці да жыцця ліхтаршчыку дапамагаюць унукі. Тым, што іх дзядуля — гарадскі талісман, яны, вядома ж, ганарацца. Тым больш Віктар Пятровіч літаральна нарасхват. Яго запрашаюць на разнастайныя ток-шоу, пра яго здымаюць сюжэты, клічуць на навагоднія прадстаўленні:

    — Калегі жартуюць, што літа­ральна ў кожнага карыстальніка сацыяльных сетак ёсць фатаграфія з брэсцкім ліхтаршчыкам. Гэта, зрэшты, нядзіўна. За дзевяць гадоў са мной сфатаграфаваліся тысячы чалавек. Прызнацца, калі ў «Брэстгарсвятле» вырашылі адрадзіць прафесію ліхтаршчыка, на такі поспех там дакладна не разлічвалі.

    Ноч, вулiца, лiхтар

    Цёплым красавіцкім вечарам за ліхтаршчыкам ад аднаго слупа да другога пераходзяць дзясяткі два чалавек. Віктар Пятровіч ахвотна дзеліцца тонкасцямі сваёй працы. Цярпліва пазіруе, трапна жартуе і нават дазваляе пацерці гузікі на сваім кіцелі. Людзі вераць, што гэты рытуал абавязкова прынясе ўдачу і выканае ўсе жаданні. А яны спраўджваюцца: нехта паступіў вучыцца, хтосьці замуж выйшаў або знайшоў новую працу. Многія нават вяртаюцца ў Брэст, каб падзякаваць ліхтаршчыку, распавесці сваю гісторыю. За гады працы ў Віктара Кiрысюка было мноства дзіўных сустрэч і знаёмстваў:

    — Аднойчы пазнаёміўся з дзяўчынай з Находкі. Яна ў Брэст на экскурсію прыязджала. Брала веласiпед напракат, і мы з ёй часта бачыліся на Савецкай, размаўлялі. У выніку Брэст ёй так спадабаўся, што яна сюды пераехала жыць. Шмат гасцей з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада. Нават з Далёкага Усходу да нас едуць!

    Павышаная ўвага з боку турыстаў часам «дорыць» дадатковыя вы­даткі. Некаторыя госці адрываюць гузікі ад кіцеля. На памяць. Пятровічу нават прыйшлося прыкруціць іх дротам, каб служылі даўжэй. Зрэшты, турысты, як правіла, да ліхтаршчыка ставяцца вельмі прыязна. Нават у госці запрашаюць:

    — Куды ж я паеду, калі ў мяне праца кожны дзень? Ды і пакідаць свой горад зусім не хочацца. Як ён без ліхтаршчыка? І я без яго не змагу. Я атрымліваю неверагоднае задавальненне ад таго, што раблю шчаслівымі іншых. Што можа быць лепш?

    Автор: Павел ЛОСИЧРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)