17 Августа, 2018 Пятница

Расціце, клёны, расціце!

  • 25 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 276, у Беларусі 21 красавіка прайшоў рэспубліканскі суботнік. Актыўна падтрымалі гэтую традыцыйную штогадовую акцыю і на Пастаўшчыне. Напярэдадні ў райвыканкаме быў створаны арганізацыйны камітэт. Яго члены праехалі па горадзе і вызначылі асноўныя аб'екты, на якіх трэба прыкласці максімум сіл для прывядзення іх у належны стан.  

    Суботнік — гэта своеасаблівая талака, калі вялікай грамадой можна зрабіць вельмі шмат. Навядзеннем парадку на вуліцах, у парках і скверах, на вытворчых аб'ектах і прылеглых да іх тэрыторыях, ля помнікаў і ў месцах баявой і воінскай славы, уборкай смецця з прыдарожных палос і месцаў масавага адпачынку займаліся ў мінулую суботу пастаўчане. 

    На пустэчы за мікрараёнам 6 гарадка ў апошнія гады пабудаваны два пяціпавярховыя дамы, кватэры ў іх атрымалі 120 сямей. Завяршаецца ўзвядзенне трэцяга. У канцы лета будзе закла­дзены фундамент яшчэ аднаго. Новы мікрараён прырастае, і работы па добраўпарадкаванні  шмат. Гэтай справе і прысвяцілі суботнік старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік, яго намеснікі Ірына Іванаўна Несцяронак, Павел Радзівонавіч Станюш, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Леанідавіч Курто, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч і іншыя. Яны пасадзілі 30 клёнаў. Прыняў удзел у добраўпарадкаванні Пастаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш зямляк Сяргей Рычардавіч Зямчонак.

    — У Год малой радзімы я абавязаны працаваць менавіта тут, — гаварыў Сяргей Рычардавіч. — Паставы для мяне — дарагое месца, з ім звязаны лепшыя гады жыцця. Прыемна, што апошнім часам шмат робіцца для таго, каб райцэнтр прыгажэў. Радуюць станоўчыя змены па акультурванні тэрыторыі пры ўездзе ў горад з 11-кіламетроўкі. Суботнік — патрэбная рэч. Гэта магчымасць для кожнага ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне. Нярэдка даводзіцца чуць меркаванне: дзяржава павінна клапаціцца пра нас. А што робім мы, напрыклад, для таго, каб месца, дзе жывём, было больш прыгожым, утульным?

    Работа кіпела: адна за другой выкопваліся ямкі, высаджваліся маладзенькія дрэўцы, паліваліся, прывязваліся да калочкаў. На жаль, ніхто з тых, пад чыімі вокнамі наводзілася прыгажосць, не прапанаваў сваёй дапамогі.

    Новы комплексдля дзяцей

    У парку паміж мікрараёнамі вуліцы Юбілейнай і 5 гарадка пастаянна шматлюдна: гуляюць маладыя мамы з каляскамі, бавяцца бабулі з унукамі, знаходзяць занятак і старэйшыя дзеці. У мінулую пятніцу тут шчыра папрацавалі школьнікі. Яны зграбалі апалае лісце, падбіралі сухія галінкі дрэў. А ў суботу работнікі УП ЖКГ устанаў­лівалі тут гульнёвы комплекс «Саната». Набыты ён за сродкі раённага бюджэту яшчэ зімой. Цяпер вёўся мантаж.

    А праз дарогу — ля брацкай магілы, дзе пахаваны 333 воіны, — раўнялася тэрыторыя (напярэдадні выкарчавалі пні старых дрэў), вяліся падсыпка грунтам і падрыхтоўка да закладкі газона.

     Абнавілі дарогу

    Для вадзіцеляў, якія ў мінулую суботу накіроўваліся з плошчы імя Леніна ў райцэнтры ў кірунку заправачнай станцыі, былі часовыя нязручнасці — рух на ўчастку дарогі насупраць цэнтральнай раённай бальніцы (ад павароту на завулак Савецкі да павароту да аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН) быў перакрыты: дарога «апраналася» ў новы асфальт. Гэтай справай займаліся работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ № 132». Стаяў МАЗ з гарачым асфальтам, працавалі два каткі, асфальтаўкладчык. Хапала і ручной працы: устанаўліваліся бардзюры, асфальтам пакрываўся тратуар.

     Рыдлёўка замест… скальпеля

    Тэрыторыя цэнтральнай раённай бальніцы заўсёды дагледжаная. Тут шмат зеляніны, кветак, малых архітэктурных форм. Усё гэта стварае душэўную гармонію і садзейнічае хутчэйшаму выздараўленню пацыентаў. Тут любяць праводзіць вясельныя фотасесіі, бываюць з экскурсіямі шматлікія турысты, якія наведваюць палац Тызенгаўзаў. За парадкам на тэрыторыі сочыць у асноўным малодшы медыцынскі персанал. А вось падчас суботніка замест скальпеля ўзялі ў рукі рыдлёўкі і хірургі, змянілі белыя халаты на рабочыя іншыя ўрачы. Прыкладам для іх быў сам галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Мікалаевіч Чакавы.

     ...і гармоніка

    Пастаянна любуюся арыгінальнымі, з густам аформленымі клумбамі каля школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Падчас суботніка на добраўпарадкаванні тэрыторыі школы працаваў не толькі тэхнічны персанал, але і дырэктар Анатолій Анатольевіч Собаль, іншыя выкладчыкі. З рабочым інструментам яны ўпраўляліся гэтак жа ўмела, як і з музычным — гармонікам, цымбаламі, флейтай, дудачкай.

    — Пройдзе не так шмат часу, і ў наш горад у чарговы раз на Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» завітае шмат гасцей, — гаварылі работнікі ўстановы. — Яны ніколі не абмінаюць нас. Таму і стараемся, каб тут было прыгожа.

     Справа кожнаму знайшлася

    Навядзеннем парадку на прылеглых тэрыторыях калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада займаюцца пастаянна. Многія, не чакаючы суботніка, адразу пасля таго, як сышоў снег, выграблі смецце, пабялілі дрэўцы, абнавілі клумбы. Хапіла спраў і на суботніку. Сотні рук працавалі з венікамі, граблямі, лапатамі, піламі, сякерамі. На вуліцы 17 Верасня, ля 6 гарадка, яшчэ з часоў, калі тут стаяла лётная часць, засталіся два гаражы, іншыя пабудовы. Па назначэнні яны даўно не выкарыстоўваліся: з часам пахіліліся сцены, згніў і праваліўся дах. Таму і сталі месцам звалкі. Сюды скідвалася ўсё непатрэбнае: пластыкавыя бутэлькі, шкло, папера… Членамі штаба па правядзенні суботніка было прынята рашэнне знесці пабудовы. Гэтым і заняліся мужчыны, якія працуюць у розных аддзелах райвыканкама.

    Працоўны дэсант з ліку работнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, аддзела адукацыі, спорту і турызму наводзіў парадак на набярэжнай ракі Мядзелкі. У гарадскім парку працавалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у бярозавым гаі ўздоўж чыгункі — ільнозавадчане.

    Каласальны аб'ём работ па ўборцы прыдарожнай паласы ўздоўж дарогі Паставы—Браслаў ад мікрараёна 5 гарадка, а таксама ля гаражных кааператываў выканалі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншых аддзелаў. У марафон па навядзенні чысціні актыўна ўключылася моладзь. Члены БРСМ у рамках рэспубліканскага суботніка правялі акцыю «Труд — крут». Колькі смецця было сабрана з несанкцыянаваных звалак, падлічыць цяжка. Але, каб яго вывезці, аднаго трактарнага прычэпа аказалася мала. На жаль, тыя, хто мае тут гаражы, ніколі не далучаюцца да навя­дзення парадку, не ўносяць прапаноў па няпланавым правядзенні суботніка. УП ЖКГ заўсёды гатова забяспечыць транспартам, неабходным інвентаром. Толькі калі людзі ўсвядомяць важнасць падтрымання чысціні — будзе толк. Не выключана, што прыбраная тэрыторыя неўзабаве зноў зарасце смеццем.

    Навядзенне парадку заўсёды патрабуе дадатковых рабочых рук і сіл. Зладжана працавалі на суботніку калектывы раёна газазабеспячэння, дзяржаўнага каледжа, вузла электрасувязі. Свой уклад у добраўпарадкаванне ўнеслі ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра, пагранічнай камендатуры, работнікі раённага Дома культуры, раёна электрасетак і многіх іншых арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў горада. Людзі розных узростаў і прафесій выконвалі важную і карысную справу. Толькі за адзін дзень горад змяніўся ў лепшы бок. Здаецца, не было той вуліцы, якая засталася б непрыбранай.

    Безумоўна, зрабіць усё за адзін ці нават некалькі дзён немагчыма. Стварэнне прыгажосці — справа працаёмкая. Каб было чыста, пра гэта трэба дбаць пастаянна. Добраўпарадкаванне працягваецца. І надалей кожны чацвер будуць прыбірацца вуліцы. Больш актыўна да навядзення парадку трэба падключыцца жыхарам вуліцы Юбілейнай, мікрараёна будаўнікоў, уладальнікам прыватных прыся­дзібных участкаў. Асаблівай увагі патрабуюць прыдамавыя тэрыторыі ля шматкватэрных дамоў.

    Толькі разам магчыма зрабіць наш горад чыстым, прыгожым, каб яго з задавальненнем наведвалі госці, а галоўнае — каб нам самім было прыемна і ўтульна жыць.

    Анна АНІШКЕВІЧ

    Автор: Анна АнішкевічПастаўскі край

Комментарии (0)