19 Апреля, 2024 Пятница

«Ліквідатар» з Маладзечна Мікалай Ёж: «Героем сябе не лічу»

  • 26 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Жоўты ад радыяцыі лес, мёртвая рыба на берагах тэхналагічных каналаў, а яшчэ птушкі, якія, праляцеўшы над разбураным чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС, садзіліся на зямлю і не мелі сіл узляцець…

    Вось што ўбачыў маладзечанец Мікалай Ёж у маі 1986 года, калі разам з таварышамі прыехаў ліквідаваць наступствы самай страшнай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы.

    — Калі здарылася аварыя, мне было 22 гады, — успамінае Мікалай Іосіфавіч. — Я служыў у палку грамадзянскай абароны, які базіраваўся недалёка ад Краснадара ў станіцы Дзянская. Падраздзяленне адразу паднялі па трывозе. За тры дні полк прыняў папаўненне па штатах ваеннага часу, на службу прызвалі ваеннаабавязаных з запасу. Потым асабовы склад і тэхніку пагрузілі ў эшалоны і адправілі ў зону няшчасця.

    Калі прыбылі на месца, насельніцтва ўжо эвакуіравалі. Падраздзяленне разгарнулася ў 30-кіламетровай зоне. На тэрыторыю станцыі рушылі калонай на аўтамабілях, ехалі ў адкрытым кузаве. Са сродкаў абароны — толькі рэспіратар. Тады і ўбачыў пашкоджаны радыяцыяй лес. Потым гэты маршрут паўтараўся многа разоў.

    Ліквідатар не хавае хвалявання, успамінаць перажытае яму вельмі цяжка. Субяседнік глядзіць на фатаграфіі, зробленыя ў час «атамнай камандзіроўкі», затым працягвае аповед.

    — Нашай задачай было ачысціць дах трэцяга энергаблока ад графіту і рэшткаў ядзернага паліва, якія раскідала выбухам. Смяротна небяспечнае смецце лапатамі збіралі ў кучы. На даху знаходзіліся не больш за мінуту, працавалі хутка. І так дзень за днём.

    Работа працягвалася, пакуль доза апраменьвання дасягала 25 рэнтгенаў. Такое значэнне гранічна дапушчальнае ў ваенны час. Калі «набраў дозу», мяне перавялі на пункт дэзактывацыі ўсё у той жа 30-кіламетровай зоне. Там праводзіў дазіметрычны кантроль транспарту, мыў дахі дамоў у бліжэйшых вёсках, вывозіў радыеактыўны грунт, брукаваў жалезабетоннымі плітамі пляцоўку станцыі.

    Як спецыяліст Мікалай Ёж ведаў, наколькі небяспечная радыяцыя. Аднак было разуменне, што гэтую работу трэба выканаць. Інакш бяда набудзе большыя маштабы і колькасць ахвяр намнога ўзрасце!

    У сваю часць ліквідатар вяртаўся з падарваным здароўем. Балела галава, зводзіла суставы, з носа ішла кроў. Даваў пра сябе ведаць радыеактыўны чарнобыльскі вецер. Урачы параілі памяняць клімат і пераехаць жыць у Беларусь.

    Родная зямля, маладосць і жаданне жыць стварылі цуд. А яшчэ сказаўся вялікі запас трываласці арганізма. Бацька Мікалая быў лесніком, сям’я жыла на ўлонні прыроды. Гэта падтрымала сілы і дапамагло Мікалаю пераадолець цяжкасці.

    На Маладзечаншчыне Мікалай Іосіфавіч працаваў на розных пасадах у міліцыі, быў начальнікам штаба грамадзянскай абароны раёна. Пасля чарнобыльскай камандзіроўкі ён атрымаў медаль «За баявыя заслугі».

    Мікалай Ёж

    У героя нашага аповеду двое сыноў і дачка. Ліквідатар займаецца спортам, загартоўваецца. Здаецца, жыццё наладзілася. Аднак кожны год 26 красавіка ўсплываюць у памяці падзеі больш чым 30-гадовай даўніны, а па шчацэ не, не ды і скоціцца скупая мужчынская сляза.

    — Героем сябе не лічу. Вясной 1986 года проста выканаў свой абавязак. За тое, што не спалохаўся, не ўцёк, цяпер не сорамна перад дзецьмі, — адзначыў Мікалай Ёж.

    Даведка. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС здарылася ў ноч з суботы на нядзелю 26 красавіка 1986 года. Катастрофа разбурыла ўклад жыцця соцень тысяч людзей. 335 тысяч чалавек пакінулі забруджаныя раёны, ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школ і дашкольных устаноў, 97 бальніц.

    Агульная шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў, што складае прыкладна 20 гадавых бюджэтаў нашай краіны.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Мікалая Ёжа.

    Автор: Алег БЯГАНСКІМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)