24 Мая, 2018 Четверг

Іван Эйсмант: Калі пачынае сніцца радзіма, значыць, час ехаць дахаты

  • 04 мая 2018 Общество Беларуская 0

    Тры месяцы таму Іван Эйсмант, ён жа Іван Міхайлаў, адзін з вядучых праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», узначаліў Белтэлерадыёкампанію. І першай вялікай камандзіроўкай для яго стала паездка ў родныя мясціны, на Гродзеншчыну. Добрая нагода ўспомніць дзяцінства, дзіцячыя мары, а таксама пагутарыць пра дзень сённяшні.

    … Калі дрэвы толькі саджалі

    — Іван Міхайлавіч, пра што вы падумалі, калі даведаліся, што 2018-ы аб'яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы?

    — Пра тое, што даўно не быў на малой радзіме. І што рэдка атрымліваецца прыязджаць.

    Вядома, згадваюцца родныя мясціны. Напэўна, кожны такое перажываў: калі пачынае сніцца радзіма, значыць, час ехаць дахаты.

    Калі паўстала пытанне, куды мне ехаць у камандзіроўку, а гэта была першая вялікая камандзіроўка пасля прызначэння, пытанняў не было: адназначна Гродна.

    — Зусім недалёка — ваша родная вёска Луцкаўляны Гродзенскага раёна. Якія яны — Луцкаўляны вашага дзяцінства?

    — Аб дзяцінстве заўсёды толькі цёплыя ўспаміны. У маёй памяці гэта шматлюдная вёска, шмат розных падзей, мерапрыемстваў. У школе чаго толькі не праводзілі! Спартыўныя мерапрыемствы, у паходы хадзілі. 9 Мая быў неверагодны дзень! У вёсцы каля дарогі ёсць вялікі помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны. З раніцы мы прыходзілі, стаялі ў ганаровай варце, сустракалі ветэранаў. Людзей шмат! Аркестр іграў!

    Цяпер, калі прыязджаю, канешне, пазнаю вёску. Яна развіваецца, прыгажэе. Але мае Луцкаўляны крыху іншыя. Бывае нават сумна: з'ехалі многія, з кім разам раслі і жылі… Але ў любым выпадку з задавальненнем вяртаюся туды.

    — Да каго ездзіце на радзіму?

    — Там жывуць бацькі, брат са сваёй сям'ёй. Таму прыязджаю адразу ў дзве сям'і. Бацькі на пенсіі, але, як у любой вёсцы, саджаюць агарод, і праца заўсёды знойдзецца. Брат — галоўны аграном мясцовага СВК, яго жонка выкладае ў школе.

    — На беразе возера ёсць алея, якую, здаецца, саджалі школьнікі… Можа, і ваша дрэўца таксама там расце?

    — Так. Неяк да нас у школу прыязджаў Герой Савецкага Саюза, на жаль, ужо не памятаю, хто дакладна. З гэтай нагоды мы разам саджалі алею. Адно з дрэў пасадзілі ўтрох: наш госць, я і мой аднакласнік Павел Ашурык, які цяпер узначальвае галоўнае ўпраўленне фінансаў Гродзенскага аблвыканкама. Мы тады былі зусім хлапчукамі, а дрэва і па сёння расце. Прыемна пра гэта ведаць.

    Гродна ў эфіры

    — Значная частка вашага жыцця прайшла ў Гродне. Ведаем, і ваш дзядзька Віталь Салей працаваў на абласным радыё.

    — І ён, калі я прыязджаў у госці, часта браў мяне з сабой на працу. Я глядзеў, як ён склейваў ленту, — так разумею, гэта манціраваліся рэпартажы. Былі ў яго чамаданчык, магнітафон, мікрафон рассоўны, на які я ўвесь час глядзеў і баяўся дакрануцца. Пасля, калі падрос, прывозіў дзядзьку папулярную савецкую і замежную музыку, ён ставіў яе ў перадачах.

    — Ці не тады з'явілася жаданне таксама стаць журналістам?

    — Магчыма. Як цяпер памятаю, была размова, калі я паступаў: а можа, на журфак?.. Але гэта думка адышла. Акрамя таго, быў чалавек, які ў прамым сэнсе слова ўгаварыў паступаць у Акадэмію МУС.

    — Атрымліваецца, да таго, да чаго імкнуліся, прыйшлі не адразу.

    — Скончыў Акадэмію МУС, дзе даюць вельмі добрую юрыдычную адукацыю. Пасля служба. Гэта вельмі добрая школа. Дарэчы, у той час, калі жыў у Гродне, займаўся журналістыкай. Ну, умоўнай журналістыкай: дапамагаў карэспандэнту «Прэсбола» Уладзіміру Козыраву на спартыўных мерапрыемствах, пісаў нататкі пра матчы футбольнага «Нёмана», хадзіў на прэс-канферэнцыі, браў інтэрв'ю ў галоўных трэнераў, падлічваў тактыка-колькасныя паказчыкі падчас матчаў. Увогуле, займаўся «прымітыўнай» журналістыкай. Пакуль, можна сказаць, выпадкова не трапіў на тэлебачанне: прапанавалі паспрабаваць, і я прайшоў кастынг.

    У журналістыку насамрэч прыйшоў не адразу. Але аб рабоце ў Гродне і пражытых тут гадах зусім не шкадую.

    — З таго самага кастынгу прайшло не так і шмат часу, менш як пятнаццаць гадоў, і вось вы — старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Калі занялі пасаду кіраўніка, ад журналістыкі як творчага працэсу з напісаннем тэкстаў, падрыхтоўкай тэлесюжэтаў і гэтак далей прыйшлося адмовіцца?

    — Гэта абавязковая ўмова, каб усё гэта засталося. Прызнацца, часта ад гэтага пакутую: калі ўчора цябе турбавала, што цікавае прыдумаць для праграмы, то назаўтра цябе турбуе, што труба недзе цячэ… Для мяне важна сумяшчаць творчы працэс і кіраўніцтва. Я застаўся адным з вядучых праграмы «Галоўны эфір», актыўна ўдзельнічаю ў падрыхтоўцы кожнага выпуску. Мне падабаецца фармат «Галоўнага эфіру». Добрая перадача, на мой погляд. Там я магу выказаць сваё меркаванне, што таксама важна.

    Наконт новых праграм… Паглядзім. Можа, фільмы будзем здымаць. Люблю спецыяльныя рэпартажы, дакументалістыку. Нават узяўся за адзін фільм, прысвечаны Мінску. Ідэя такая, што гэты фільм можа здымацца бясконца, шмат гадоў у розныя поры. Так што ў любы момант можна зноў прыступіць да здымак.

    — У Гродне не прыглядзелі «карцінку» для новага фільма?

    — Думаю, не ад мяне першага чуеце, што Гродна вельмі прыгожы. У многіх гарадах у апошнюю чаргу рукі даходзяць да таго, каб зрабіць фасады, дворыкі. А Гродна добраўпарадкаваны, асабліва цэнтр. Зразумела, не без праблем, — і ў самых багатых гарадах яны ёсць.

    Што мне спадабалася ў Гродне — убачыў шмат турыстаў. Я так разумею, гэтаму садзейнічае бязвізавы рэжым.

    — Калі б вы былі экскурсаводам, куды б адвялі турыстаў?

    — Напэўна, у замкі. Сам, калі прыязджаю, люблю зайсці і пастаяць на аглядальнай пляцоўцы Старога замка.

    Увогуле, у Гродна неабходна ехаць на фестываль нацыянальных культур (у гэтым годзе ён пройдзе 1—3 чэрвеня. — Аўт.). Усім расказваю, якая гэта цудоўная падзея. Сама ідэя выдатная: сабраць і прадставіць столькі народаў, іх традыцыі, абрады, кухню… Мы абавязкова прыдумаем што-небудзь цікавае і на нашых каналах — пакажам фестываль ва ўсёй яго красе.

    «Карцінка» стане лепшай

    — На ваш погляд, якім павінна быць сучаснае тэлебачанне?

    — Ёсць два аспекты. Гэта творчы, чалавечы патэнцыял: людзі, якія могуць зрабіць феерычнае тэлебачанне. Такія людзі ў нас нараджаюцца, выхоўваюцца. Але, на жаль, пакуль не ўсе застаюцца працаваць. Колькі КВЗ-шнікаў нашых у Маскве, сцэнарыстаў, аператараў, вядучых. Многія, ведаю, атрымліваюць прапановы. Думаем над тым, як спыніць уцечку кадраў у час глабалізацыі.

    Другі аспект — фінансавы. Тэлебачанне — надзвычай дарагая рэч. Але дапамагае дзяржава, рэкламны рынак ёсць, мы самі зарабляем. І я рады, што мы прыйшлі да таго, да чаго даўно павінны былі прыйсці — пераходу на HD вяшчанне (ноччу на 30 сакавіка Белтэлерадыёкампанія пачала аддаваць свой сігнал у фармаце HD. — Аўт.). Першы крок зрабілі. Да канца года пастараемся перавесці ўсю вытворчасць на HD.

    Зараз мы на стадыі заключэння кантрактаў на набыццё чатырох перасоўных тэлестанцый. Праз год здымем імі Еўрапейскія гульні ў Беларусі.

    Што датычыцца рэгіянальных тэлерадыёкампаній, падтрымана ідэя фінансаваць іх пераход на HD з інавацыйнага фонду. Але гэта цэлая структурная змена. Таму што размова ідзе пра поўнае пераабсталяванне, замену рэжысёрскіх пультаў, экранаў, камер… Далей ідуць святло, дэкарацыі, мы нават набылі спецыяльны грым HD. Адно цягне за сабой другое.

    Калі казаць пра новыя праграмы, думаю, мы прыйдзем да таго, што будзе асобны канал навін. У сваёй краіне трэба мець такі канал.

    Прывітанне з мінулага, альбо Кадры памяці

    — У вас як гледача ёсць любімыя телеперадачы?

    — З самага дзяцінства гляджу «Што? Дзе? Калі?». Раней мяне было проста не адарваць. Зноў жа, як у гісторыі з вёскай, тады было больш цікава: Друзь быў малады, Паташоў... (смяецца). Цяпер новыя людзі прыйшлі. Але ўсё роўна добрая перадача.

    — Часта журналістаў, асабліва тых, хто працуе ў прамым эфіры, пытаюцца пра казусы. Здаецца, іх не пазбегнуць. З вамі здараліся?

    — Зразумела, усякае было. Але святло ў мяне ніколі не выключалася і нічога не падала. А вось суфлёр прападаў (на спецыяльным экране выводзіцца тэкст, які чытае вядучы. — Аўт.). На гэты выпадак перад вядучым ляжыць раздрукаваны тэкст. Мая задача ў кожную секунду, калі чытаю суфлёра, разумець, у якім месцы я знаходжуся на паперы. Калі на экране знікне тэкст, зможаш хутка зарыентавацца. Такое было. Праўда, мне пашчасціла больш, чым, здаецца, Дзянісу Кур'яну. Ён прафесійны чалавек і навіны чытаў зусім без папер. Калі ў яго аднойчы знік суфлёр, выпуск навін Дзяніс дачытаў па памяці.

    — Журналісты, карыстаючыся сваім становішчам, фатаграфуюцца на памяць, бяруць аўтографы ў вядомых людзей, з якімі ім даводзіцца сустракацца… Як вы захоўваеце ў памяці такія моманты?

    — Неяк год таму мне трапіў на вочы фотаздымак, дзе я з Дэвідам Бэкхэмам. І згадаў, што гэта было, калі сборная Англіі прыязджала на матч у Мінск, мы сустракаліся ў кулуарах. На шчасце, амаль усе сустрэчы з вядомымі людзьмі суправаджаюцца відэаздымкамі, і з гэтага заўсёды можна зрабіць фатаграфію. Я ніколі не браў аўтографы і стараўся не навязвацца з фатаграфаваннем. А вось відэа захавалася шмат. Мне часта дасылаюць сюжэты, дзе я яшчэ малады… Хоць я і цяпер не стары (усміхаецца). А там мне 27 гадоў, раблю інтэрв'ю з вядомымі людзьмі. Цікава паглядзець. Аднак з часам гэта ператвараецца ў звыклую штодзённую працу. На пенсіі буду згадваць!

    Адзін з яркіх успамінаў — Алімпіяда ў Сочы. Пасля яе мы самі сабе сказалі: «Давайце запомнім. Больш такога з намі ніколі не будзе». Калі на той алімпіядзе размяркоўвалі, хто па якім відзе спорту працуе, я выбраў біятлон. Не ведаю чаму. Не было ніякага прадчування, хоць мы разумелі, што ў нас у гэтым відзе можа быць медаль. А тут — адразу чатыры! Кожны гоначны дзень у жаночых спаборніцтвах заканчваўся медалём. Гэта феерыя!

    Спаборніцтвы заканчваліся даволі позна, а нам трэба было паспець з сюжэтам у «Панараму». Тры разы браў інтэрв'ю ў Дашы Домрачавай. Прычым мы гэта рабілі сходу, каб не манціраваць. Гэта значыць, я вітаюся, прадстаўляюся, задаю пытанне і развітваюся. Потым усё вельмі хутка заганяецца ў камп'ютар, перадаецца і ідзе ў эфір. І калі я падышоў да Дашы трэці раз… Усміхнуліся мы абое. Таму што першы раз я задаў пытанне, што яна адчувае, другі… а трэці — што пытацца? Не хацелася ў той момант разбіраць гонку, хацелася эмоцый — таго, чаго чакае глядач. Даша тады ва ўсіх трох інтэрв'ю звярталася да людзей, дзякавала. Пасля я запісаў з ёй вялікае інтэрв'ю.

    — Спорт, як аказваецца, блізкі вам ва ўсіх сэнсах — пісалі аб ім, вялі перадачы, самі гуляеце ў футбол...

    — Гуляю з вялікай асалодай. Не хачу сказаць, што у мяне больш працы, чым у некага з журналістаў, але пакуль я пераключыўся з усіх калятэлевізійных рэчаў на тое, чым займаюся цяпер. І ўсё ж у найбліжэйшы час збіраюся вярнуцца да футбола. Альберт Скараход, стваральнік «зорнай» каманды «Арт-старс», ужо тэлефанаваў — у чэрвені ў Маскве павінен прайсці чэмпіянат свету па футболе сярод артыстаў і тэлевізіёншчыкаў. Прапаноўваў пагуляць. Але гэта азначае з'ехаць на цэлы тыдзень, што пакуль для мяне немагчыма. А вось калі будзе гульня ў Мінску, дык з задавальненнем.

    Бліц-апытанне

    Найлепшы адпачынак

    На моры, напэўна. Вельмі даўно не быў.

    Любімая кніга

    З сястрой усё школьнае дзяцінства адно аднаму перачытвалі Ільфа і Пятрова.

    Найлепшая навіна за апошні час

    Мы перайшлі на HD.

    Галоўная вынаходка чалавецтва

    Тэлебачанне, напэўна.

    Ваша пасланне ў бутэльцы

    Запрасіў бы прыехаць у Беларусь. Гэта калі кідаць у мора.

    Жыццёвае правіла

    Стараюся ва ўсім разабрацца і ўпэўніцца сам.

    Тры складнікі ідэальнай раніцы

    Гэта працоўная раніца, але на працу мне к абеду (такое часта бывае ў выхадныя дні). Добрае надвор'е. Я снедаю на вуліцы.

    Автор: Таццяна КУЗНЯЧЭНКАВАЗвязда

Комментарии (0)