28 Марта, 2024 Четверг

«Іду ваяваць за вас, мае любыя!»

  • 10 мая 2018 Общество Беларуская 0

    Маленькі даваенны фотаздымак і пахавальная – усё, што засталося ў маладзечанкі Ніны Міхалоўскай на памяць пра бацьку, які загінуў на фронце.

    Вось яны:

    Адзіны здымак Канстанціна Галубовіча і пахаванка.

    «Калі дазволіць здароўе, паеду 9 мая ў Маркава. Непадалёк ад школы стаіць высокі абеліск, на пліце якога разам з іншымі выбіта і прозвішча майго таты Канстанціна Філіпавіча Галубовіча, — дзеліцца Ніна Канстанцінаўна. — Чым больш гадоў жыву, тым больш разумею, як мне, маёй маці і сёстрам не хапала роднага чалавека. Ён загінуў 9 лютага 1945 года, усяго за некалькі месяцаў да Перамогі. Жыццё яго абарвалася ў 33 гады…».

    Паспеў пабудаваць дом

    Бацькоўская хата Ніны Канстанцінаўны засталася толькі на малюнку яе дачкі Таццяны – саламяная страха, не шаляваныя сцены. Даўно няма ні хаты, ні самой вёскі Няліткі, якая ганарліва паглядала на наваколле з узгорка. «Ад нас не тое што Беніца за тры кіламетры, нават Маладзечна было відаць», — гаворыць жанчына. Расказвае, што яшчэ да жаніцьбы бацька пабудаваў хату. Ажаніўся ў 1935 годзе з сіратой Наталляй Роўнай з вёскі Загор’е, што на Смаргоншчыне. «Людзі казалі, што яны былі прыгожай парай, — успамінае мая субяседніца. — Вяселля ў іх не было, толькі ў царкве павянчаліся. Пасля гэтага праз два тыдні тату забралі ў польскую армію, мама яго чакала, жыла са свякроўю. Вярнуўся, працаваў на сваёй зямлі. Была ў іх моцная гаспадарка – конь, карова, свінні. Праз тры гады пасля жаніцьбы нарадзілася мая старэйшая сястра Соня, затым я, Таня і Аркадзій, які маленькім памёр ад дызентэрыі. Мама казала, што з усіх сясцёр я найбольш на тату падобная. І па характары я ў яго ўдалася: ён любіў пагаварыць з людзьмі, пажартаваць».

    Вайну Ніна Канстанцінаўна памятае дрэнна — зусім маленькай была. Маці расказвала, што ад бамбёжкі ратаваліся то ў бліндажы, які застаўся з часоў Першай сусветнай вайны, то ў склепе. Малыя сястрычкі і ў першыя пасляваенныя гады хаваліся ў траву, пад дрэвы ці кусты, калі чулі гул самалёта ў небе. «Памятаю, ідзём утраіх летам на сажалку, на галовах ва ўсіх – яркія касынкі, пашытыя мамай. Як толькі пачулі самалёт, касынкі пазрывалі, каб нас не ўбачылі з неба, у траву паляглі», — успамінае субяседніца.

    Апошні пацалунак

    Канстанціна Галубовіча, як і яго аднавяскоўцаў, стрыечных братоў, забралі на вайну пасля вызвалення нашай мясцовасці. Маці расказвала дочкам, што ён абняў іх усіх, пацалаваў са словамі: «Вы мае самыя родныя, самыя любімыя! За вас іду ваяваць!».

    Можна толькі ўявіць, як цяжка было пакідаць яму жонку з трыма маленькімі дочкамі, як балела за іх сэрца. Слаў ім трохкутнікі з фронту, на жаль, яны не захаваліся. Сям’я ведала, што Канстанцін быў кулямётчыкам. Жонка кожны дзень малілася за яго, прасіла ў Бога толькі адно – каб вярнуўся жывым.

    Але ў лютым 1945 года ў дом Галубовічаў прынеслі пахавальную. Ніна Канстанцінаўна і сёння памятае, як плакала, як крычала маці. Напалоханыя дзеці баяліся, каб і з ёю не здарылася бяды… Каб не траўміраваць дачок, не паказваць ім свайго адчаю, бедная жанчына сыходзіла ў гумно і там давала волю слязам…

    У пахавальнай было ўказана, што радавы Канстанцін Галубовіч загінуў смерцю храбрых, пахаваны на ваенных могілках Клосава на тэрыторыі Германіі. На жаль, у жонкі, дачок не было магчымасці пабываць на яго магіле.

    Падрабязнасці яго гібелі пасля перамогі сям’я даведалася ад Міхаіла з суседняй вёскі, які служыў разам з Канстанцінам. Ён расказваў, што ў час бою Канстанціна параніла ў спіну. Ён спадзяваўся, што выжыве, казаў: «Я малады, моцны, па гэтых ранах буду жыць!». Але, відаць, медыцынская дапамога падаспела занадта позна, ён сышоў крывёй». Чаму яму, параненаму, які ляжаў на снезе ў лютым, ніхто не дапамог? Гэта пытанне і сёння не дае спакою дачцэ, якая большую частку свайго жыцця адпрацавала медсястрой…

    Чаравічкі для сірот

    Цяжка жылося ўдаве з малымі дзецьмі. Наталля Ільінічна так і не выйшла больш замуж, хаця жаніхі сваталіся. «У маіх дачок быў адзіны родны бацька, больш яго ніхто не заменіць», — казала жанчына. «Жылі вельмі бедна, ратавала ад голаду маміна майстэрства – яна была выдатнай на ўсё наваколле швачкай, — успамінае дзяцінства мая субяседніца. — Днём працавала ў калгасе, на сваёй гаспадарцы, а па начах шыла пры лямпе. Часта і нас садзіла вакол сябе, вучыла петлі абрабляць, нешта падшываць, каб хутчэй заказы выканаць. За гэта нам то зямлю ўзаруць, то нечым іншым дапамогуць».

    Удава Наталля Галубовіч з дочкамі Соняй, Таняй і Нінай.

    Маці была глыбока веруючым чалавекам, прывіла веру ў Бога і дочкам. Ніна Канстанцінаўна ўспамінае, як школьніцай пайшла перад Вялікаднём да споведзі, а настаўніца даведалася, адабрала ў яе партфель і не аддавала цэлы тыдзень. Тады за яе заступіўся дырэктар школы, нават паўшчуваў калегу за залішнюю строгасць.

    Аднойчы ў школе ім аказалі гуманітарную дапамогу – выдалі кожнай з сясцёр па пары чаравікаў. На здымку 1947 года яны ў сукенках, што з любоўю пашыла матуля, і ў велікаватых  не па сезоне чаравіках: туфляў не было за што купіць.

    Ніна запомніла адрасаванае ёй выказванне аднаго з суседзяў: «Той, у каго ёсць бацькі, ідзе па жыцці спераду, а вы, сіроты – ззаду». Пакуль не вырасла, на самай справе думала, што не можа быць нараўне з усімі. І толькі потым зразумела, якімі несправядлівымі былі тыя словы. Яе бацька загінуў як герой, абараняючы Радзіму. Дык чаму яна, яго дачка, павінна ісці ззаду? Ёй хапіла смеласці пасля сямігодкі паехаць у Маладзечна, паступіць у медыцынскае вучылішча, каб усё жыццё дапамагаць людзям. Працавала медсястрой у траўматалагічным аддзяленні гарадской бальніцы, выкладала сястрынскую справу ў нашым медыцынскім вучылішчы. Яе старэйшая сястра Софія Скарынка жыве ў Рэдзьках, усё жыццё працавала ў калгасе, разам з мужам выгадавала траіх сыноў. Малодшая Таццяна Грыневіч выйшла замуж у Залессе, яна таксама шчырая калгасная працаўніца, у яе адзін сын. Даўно няма на гэтым свеце іх маці, якая пражыла ўсяго 60 гадоў, моцна хварэла, дзевяць апошніх гадоў з-за цяжкай хваробы не магла ўстаць з ложка. Іх старую хатку ў Нялітках знеслі, маці калгас выдзеліў дом у Якавічах.

    Колькі б гадоў ні мінула

    Летась на Дзень Незалежнасці Ніна Канстанцінаўна прыйшла ў гарадскі парк. На адной са святочных пляцовак усіх жадаючых запрашалі праспяваць песню ваенных гадоў. І яна не стрымалася, выйшла да мікрафона і прысвяціла песню свайму тату.

    Ніна Міхалоўская.

    У царкве ставіць свечку і моліцца за спачын душы забітага воіна Канстанціна. Як самую дарагую сямейную рэліквію беражэ працёртую на згібах пахавальную. Углядаецца ў рысы роднага твару на здымку даваеннага часу. Ёй і сёння здаецца, што ён моцна абдымае іх, сваіх дачок, прыгаворваючы: «Вы мае самыя любыя, іду ваяваць за вас!».

    Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Ніны Міхалоўскай.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)