25 Апреля, 2024 Четверг

Захламленасць ці біяразнастайнасць

  • 15 июня 2018 Общество Беларуская 0

    У лясных экасістэмах важна захоўваць здаровы баланс і пажарабяспечную абстаноўку.

    З надыходам лета цягне на прыроду, у лес. Але ў лесе іншым разам хацелася б  большага парадку. Пэўную захламленасць ствараюць сухія і ветравальныя дрэвы, рэшткі пасля праведзеных высечак. Чаму іх ніхто не прыбірае, калі пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку прыярытэтныя ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі?

    Сваё пытанне мы адрасавалі спецыялісту – галоўнаму ляснічаму Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпану Явіду.

    – Насамрэч, закранута вельмі важнае пытанне, вакол якога існуе шмат спрэчак, – тлумачыць Сцяпан Явід. – Лес – гэта сістэма, дзе адначасова з гібеллю старых дрэў і вырастаннем новых адбываюцца пастаянныя і рознабаковыя працэсы змяненняў усяго жывога. Рэшткі дрэў, якія загінулі, знаходзяцца ў ліку найважнейшых элементаў лесу. Драўніна мёртвых дрэў гніе і прыносіць карысць шматлікім  раслінам, грыбам і жывёлам. У недалёкім мінулым пераважаў іншы пункт гледжання: маўляў, драўніна мёртвых дрэў з'яўляецца ачагом размнажэння шкоднікаў і захворванняў, і яе выдаленне, адпаведна, было прыкметай гаспадарлівага падыходу леснікоў да сваіх абавязкаў. Аднак выдаленне мёртвага дрэва (і пра гэта сведчаць даследаванні беларускіх, польскіх і іншых вучоных) наносіць больш шкоды для лясной экасістэмы, чым высечка жывога…

    З моманту смерці дрэва пачынаюцца бурныя змяненні біятопу ў яго бліжэйшым акружэнні. Павялічваецца колькасць святла і вады, якія дасягаюць дна лесу. Змяняюцца ўмовы жыцця арганізмаў (бактэрый, грыбоў, жывёлін, што знаходзяцца ў глебе), якія раскладаюць нежывую арганічную матэрыю да простых мінеральных злучэнняў. Колькасць харчовых сувязяў у гэтым біятопе дадаткова павялічваецца за кошт каранёвай сістэмы дрэва, якое спыніла сваю жыццядзейнасць. Натуральна, што багацце ежы і павялічаны прыток святла паскараюць рост раслін. Адкрываюцца новыя магчымасці развіцця перад маладым пакаленнем дрэў, у якіх раней з-за зацененасці не было шанцаў прабіцца ў верхні ярус лесу.  

    – Мёртвая драўніна, якая ўспрымаецца як захламленасць, важная для жыцця натуральных лясных экасістэм і можа прывесці да парушэння натуральных працэсаў лесааднаўлення?

    – Безумоўна. Аднак пры гэтым варта ўлічваць і другі бок медаля. У большасці лясоў Беларусі, адкуль мы атрымліваем драўнінную і недраўнінную прадукцыю, наяўнасць мёртвай драўніны з'яўляецца крыніцай для фарміравання ачагоў стваловых узбуджальнікаў і грыбных захворванняў лесу, які расце. Задача службы лесааховы – не дапускаць развіцця гэтых ачагоў узбуджальнікаў і хвароб у фарміраванні прадукцыйных лясоў. Акрамя таго, мёртвая драўніна ў  лесе ў вялікім аб'ёме з'яўляецца фактарам пажарнай небяспекі, асабліва ў засушлівыя гады.

    – Аднак паўсюдна мы сустракаем у лесе рэшткі высечак. Яны застаюцца на лесасеках і ў першую чаргу ствараюць небяспеку ў пажаранебяспечны перыяд.

    – Частка мёртвай драўніны, згодна з сучаснымі тэхналогіямі, павінна заставацца ў лесе ў выглядзе рэшткаў высечак. Правіламі высечак лесу ўстаноўлены нарматывы іх выкарыстання пры правядзенні высечак прамежкавага і галоўнага карыстання ў насаджэннях асноўных лесаўтваральных парод. Пакіданне рэшткаў высечак на лесасеках таксама вельмі карыснае: дазваляе захаваць урадлівасць лясных глебаў і дае магчымасць атрымаць да ўзросту высечкі дрэвастояў дадаткова 15-20 працэнтаў драўніннай біямасы (у  параўнанні з ляснымі ўчасткамі, на якіх былі поўнасцю выдалены рэшткі высечак).

    І, разам з тым, айчынныя эксперты, якія рэкамендуюць нам экалагічна і сацыяльна адказнае, эканамічна выгаднае лесакарыстанне, у першую чаргу звяртаюць увагу на правядзенне ў лясах санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, прафілактычных супрацьпажарных мерапрыемстваў. Асновай іх з'яўляецца ўборка сухастою і валежніку там, дзе ёсць небяспека перадачы нізавога агню на вершаліны і ператварэнне яго ў верхавы пажар. 

    – Натуральная захламленасць у лясных масівах не павінна несці небяспеку наведвальнікам. 

    – Пры вядзенні лясной гаспадаркі скіроўваюцца значныя сродкі на мерапрыемствы па навядзенні парадку, а менавіта на ўборку захламленасці, выбарачныя санітарныя высечкі, уборку адзінкавых дрэў. Асаблівы парадак лесаводы стараюцца забяспечыць у рэакрэацыйных зонах, каб захламленасць або аслабленыя і завісшыя дрэвы не стваралі небяспеку для тых, хто наведвае лес. Мы прытрымліваемся і рэкамендацый сертыфікацыі па сістэме FSC і захоўваем пэўныя плошчы лясоў у некранутым выглядзе для біяразнастайнасці. 

    – Як сведчыць статыстыка, асноўная частка загаранняў у лясах ідзе ад чалавека. Як працуе дзяржаўная лясная ахова ў пажаранебяспечны перыяд?

    – Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах рэспублікі ўстаноўлены абавязковыя патрабаванні пажарнай бяспекі ў лясным фондзе рэспублікі, і яны з'яўляюцца абавязковымі для выканання юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Дзяржаўная лясная ахова з наступленнем пажаранебяспечнага перыяду перайшла на ўзмоцнены рэжым работы. Вядзецца маніторынг з паветра сіламі авіяцыі, а таксама наземнымі сродкамі – з дапамогай камер відэаназірання. Яны ўстаноўлены ў кожным лясніцтве. Акрамя таго, работнікамі лясной аховы арганізавана патруляванне лясных масіваў. Нагадаю, што з 5-га чэрвеня рашэннем райвыканкама ўведзена забарона на знаходжанне грамадзян на тэрыторыі ляснога фонду і ўезд транспартных сродкаў.

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)