28 Марта, 2024 Четверг

Падзяліцца дабрынёй

  • 20 июня 2018 Общество Беларуская 0

    Гэта для  валанцёраў  міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» — справа амаль што кожнага  новага дня.  З мэтай дапамагчы тым  людзям,  якім патрэбна дапамога,  яны адпраўляюцца ў гуманітарныя камандзіроўкі па ўсім свеце і,  выкарыстоўваючы  сродкі ад ахвяраванняў  вернікаў,  знаходзяць  ім высакароднае прымяненне.   

    Сямейная пара з Амерыкі — Пол і Уэндзі Дотсан, — напрыклад, такім чынам два гады таму апынулася ў Беларусі.  Да гэтага моманту, прызнаюцца, нават не ўяўлялі, дзе знаходзіцца краіна.  Але цяпер яны ведаюць не толькі гэта, але і тое, што тут жывуць добрыя людзі, знаёмства з якімі не раз прыносіла ім радасць. 

    — За час нашага знаходжання ў Беларусі мы наведалі шмат розных гарадоў і сацыяльных устаноў, — расказвае Пол Дотсан.— Вывучалі ўмовы пражывання ў дзіцячых дамах, дамах-інтэрнатах, цікавіліся, якія ёсць праблемы.  І па меры сваіх магчымасцяў спрабавалі рэалізаваць нейкія сумесныя праекты па аказанні дапамогі.  За  год  арганізацыя,   дарэчы,  рэалізуе ў Беларусі  30-35 гуманітарных праектаў.  У гэтым годзе «Сафія» дапамагла Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў, Чэрвеньскаму і Мядзельскаму ТЦСАН.  А таксама і Пухавіцкаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату.  Сёння мы прыехалі завяршыць наш сумесны праект і пераканацца, што ўсё абсталяванне, якое было па-стаўлена, функцыянуе і дапамагае  людзям. 

    Падчас экскурсіі па карпусах дома-інтэрната гаворым пра тое, што рабіць добрыя справы  прыемна і радасна.  Дапамагаючы, ты сам становішся лепшым. 

    — Мы шчаслівы, што нарэшце можам цалкам прысвяціць сябе добрым справам, — кажа Пол. — Гэта стала магчымым, калі мы з жонкай выйшлі   на  пенсію.  Тут, у Беларусі, быў наш першы вопыт гуманітарнай дзейнасці.  У будучым мы плануем  пабываць з такой жа місіяй і ў другіх краінах.

    У Пухавіцкі дом-інтэрнат арганізацыя «Сафія» паставіла прамысловую пральную машыну на 60  кілаграмаў  бялізны і сушыльную машыну на 30 кілаграмаў  бялізны, а таксама 10 шматфункцыянальных медыцынскіх ложкаў з матрасамі і два спецыяльныя матрасы  для  ляжачых  хворых.

    — Гэта дапамога не толькі значна аблегчыць працу работнікаў нашай пральні, але і дазволіць нам сэканоміць значныя сродкі, якія мы зможам перанакіраваць на рашэнне іншых важных задач,  —  кажа  дырэктар  псіханеўралагічнага дома-інтэрната Уладзімір Рымашэўскі. — Уявіце, што па дамове з КУП «Чайка» мы кожны месяц плацілі за мыццё пяці  тон  бялізны і адзення прыкладна 7 тысяч рублёў.  Цяпер гэтыя аб’ёмы можна выканаць і ў нашай пральні. 

    Падчас візіту ў дом-інтэрнат валанцёры паспелі пагутарыць з пражываючымі, з персаналам, убачыць, як і чым жыве гэтая сацыяльная ўстанова.  Пол і Уэндзі лічаць, што работнікі дома-інтэрната шчыра клапоцяцца пра хворых людзей, імкнуцца стварыць утульнасць і камфорт.  І тое, што «Сафія» змагла дапамагчы ў гэтай добрай справе, усведамляць вельмі прыемна.

    Автор: Алена ІВАНОВАПухавіцкія навіны

Комментарии (0)