20 Апреля, 2024 Суббота

Ад варот паварот

  • 16 августа 2018 Общество Русский 0

    Да 1 верасня засталося крыху больш за два тыдні. ДАІ ўжо патрулюе ва ўзмоцненым рэжыме прышкольныя тэрыторыі, прыпаркаваныя з парушэннямі аўтамабілі буксіруе на штрафстаянку. Асаблівая ўвага надаецца разметцы. Да пачатку навучальнага года кожны дарожны знак, святлафор і «ляжачы паліцэйскі» павінны быць на сваіх месцах. Правяраюць таксама ўсе агароджы і шлагбаумы вакол прышкольных тэрыторый. Разам з інспектарамі аддзела ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска карэспандэнт «Р» праверыла, наколькі бяспечнымi будуць дарогі ў школу?

    Каманда эвакуатаршчыкаў працуе зладжана. Пяць хвілін — і легкавушка ўжо ўзлятае над тратуарам і апускаецца ў кузаў МАЗа

    Не паспяваем ад'ехаць ад будынка ДАІ, як ужо спыняем першага парушальніка. Яўгену восем гадоў. Парушэнне банальнае — веласiпедыст не спешыўся на пераходзе. Намеснік начальніка аддзела ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Віктар Суруда нагадаў дзіцяці правілы — хлопчык вяртаецца катацца ў двор.

    Віктар Суруда:

    — За лета дзеці крыху забыліся на правілы. З пачаткам навучальнага года пойдзем у школы, будзем напамінаць аб іх выкананні. Сітуацыю пагаршае той факт, што летам многія дзеці адпачывалі за горадам. Ім спатрэбіцца час, каб прывыкнуць да ажыўленага дарожнага руху ў Мінску. Да таго ж з 1 верасня ля кожнай мінскай школы з 7 да 9 раніцы будуць дзяжурыць экіпажы ДАІ. А з 25 жніўня па 5 верасня ў светлы час сутак вадзіцелі абавязаны рухацца з уключаным блізкім святлом фар ці дзённымі хадавымі агнямі пры іх наяўнасці.

    ...Пад'язджаем да гімназіі № 24 на вуліцы Інтэрнацыянальнай і пераконваемся, што за час канікул не толькі дзеці, але і некаторыя аўтамабілісты таксама крыху забыліся пра ПДР ля школ. Ля пешаходнага перахода з парушэннем прыпаркаваны з дзясятак легкавушак. Усіх можна смела штрафаваць. Спачатку чапляем колы самага злоснага парушальніка — белай Audi. Машыну кінулі якраз на зебры. Каманда эвакуатаршчыкаў працуе зладжана. Пяць хвілін — і легкавушка ўжо ўзлятае над тратуарам і апускаецца ў кузаў МАЗа. Машына адчайна кліча гаспадара, але на гук сігналізацыі так ніхто і не прыходзіць.

    У гэты момант да зебры на-бліжаецца хлопчык. Падымаецца на дыбачкі: з-за прыпаркаваных з парушэннем аўтамабіляў праезнай часткі яму не відаць. Віктар Суруда сігналізуе вадзіцелям спыніцца, каб школьнік перайшоў дарогу.

    З пачаткам навучальнага года ДАІ ўзмоцніць кантроль над выкананнем ПДР паблізу школ

    — Паркавацца можна не бліжэй чым за 15 метраў ад зебры. Аднак некаторых вадзіцеляў гэта не хвалюе. Быццам у іх сваіх дзяцей няма. А вось з-за гэтага аўто... — ківае ў бок той самай белай Audi, якую ўжо пацягнулі на штрафстаянку, — чыёсьці дзіця магло трапіць пад колы...

    Эвакуатар працягвае працаваць на гэтай кропцы, а мы мяняем дыслакацыю. Пад’язджаем да гімназіі № 36 на вуліцы Чэхава. Ля ўвахода карціна тая ж — нехта кінуў пазадарожнік на службовым уездзе. Пакуль чакаем эвакуатар, Віктар Суруда тлумачыць:

    — З-за такіх вадзіцеляў спецтранспарт не можа ні прадукты падвезці, ні смецце вывезці. Добра, што заняткі яшчэ не пачаліся, інакш вучні засталіся б без сняданку.

    Трэцяя ў нашым спісе гімназія № 16 на вуліцы Лесі Украінкі. Аб'язджаем вакол будынка: усе агароджы і шлагбаумы вакол тэрыторыі ў норме. Вось участак, выдзелены спецыяльна для пасадкі і высадкі дзяцей.

    Віктар Суруда:

    — Ведаючы, што рух транспарту тут ажыўлены, некаторыя бацькі імкнуцца падвезці дзяцей максімальна блізка да ўвахода. Часам кідаюць аўтамабіль і вядуць дзі-ця ў клас. Астатнія бацькі ўжо не могуць пад'ехаць бліжэй і высаджваюць дзяцей проста на праезнай частцы. У выніку з-за саміх бацькоў на працягу навучальнага года ля гэтай гімназіі па раніцах дзеецца хаос.

    Дарэчы, усім уладальнікам адбуксіраваных намі сёння на штрафстаянку аўтамабіляў паркоўка на зебры ля школ уляціць у капеечку. Да штрафу за парушэнне правіл паркоўкі (1 базавая велічыня на першы раз) плюсуецца кошт працы эвакуатара (ад 35 рублёў) і кошт месца на штрафстаянцы (60 рублёў за першыя 3 сутак). У адным толькі Мінску на штрафстаянку адпраўляецца каля 50 аўтамабіляў у суткі.

    Меры вымушаныя. Мяркуйце самі: за сем месяцаў гэтага года дзеці сталі ўдзельнікамі 210 ДТЗ, у якіх 15 непаўналетніх загінулі, яшчэ 223 атрымалі траўмы. Такая статыстыка УДАІ МУС. Прычым у жніўні—верасні колькасць аварый з удзелам дзяцей узрастае. І ўсё ж з кожным годам гэтыя паказчыкі атрымліваецца зніжаць. Якім будзе верасень гэтага года, пакажа час...

     

    gorbatenko@sb.by

     

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)