19 Апреля, 2024 Пятница

«Зямля, бачу дым!»

  • 11 сентября 2018 Общество Русский 0

    Сезон патрулявання лясоў у авіяцыі МНС пачаўся вясной, а скончыцца ў сярэдзіне восені. І калі ў 2017 годзе ў краіне з дапамогай авіяцыі было выяўлена 53 лясныя пажары, то сёлета ўжо 79. Карэспандэнт «Р» разам з экіпажам самалёта Ан-2 вылецела на патруляванне Мінскай і Магілёўскай абласцей.

    На пляцоўцы аэрадрома Ліпкі, адкуль плануем стартаваць, знаходзіцца шмат тэхнікі — адразу заўважаю самы вялікі ў свеце верталёт Мі-26, побач стаіць крыху меншая машына — Мі-8, з дапамогай якой часта тушаць пажары, а таксама верталёт AS-355. Воддаль размясціўся Ан-2, які ўжо рыхтуецца да ўзлёту. Пакуль тэхнік правярае, ці ўсё ў парадку, знаёмлюся з камандзірам паветранага судна Міхаілам Трафімчыкам і лётчыкам-назіральнікам Станіславам Дзівіным. Сёння нас чакае амаль пяцігадзінны маршрут у 700 кіламетраў.

    Пакуль ідзем да самалёта, Станіслаў паказвае бартавы журнал лётчыка-назіральніка:

    — Сёння будзем сачыць за сітуацыяй каля Смілавічаў, Асіповічаў, Бабруйска, Быхава, Краснаполля, Клімавічаў, Беразіно і яшчэ некалькіх «кропак» у Магілёўскай вобласці. Там зараз устаноўлены трэці і чацвёрты клас пажарнай небяспекі, а гэта значыць, што маніторыць сітуацыю трэба мінімум раз у дзень.

    У самалёце прасторна, чую, як раве рухавік. Значыць, час ляцець — пілот дае каманду: «Ад вінта!»

    З першых секунд адчуваю, як сэрца быццам у пяткі сыходзіць. Гляджу ў ілюмінатар – відовішча і зачароўвае, і палохае. Палёт на Ан-2 зусім не падобны на падарожжа на традыцыйных самалётах: калі яны лётаюць плаўна, то гэта паветранае судна проста заклікана праверыць вестыбулярны апарат кожнага, хто адважыўся ў яго сесці. З-за невялікага памеру самалёт больш церпіць ад ветру, таму часта яго трасе і трошкі носіць з боку ў бок. Забягаючы наперад, скажу, што палёт прайшоў добра. Міхаіл Трафімчык — пілот вопытны. Аднойчы ў Ан-2 адмовіў рухавік, але ён справіўся з кіраваннем і выратаваў самалёт, паспяхова яго пасадзіўшы.

    Першы дым мы заўважылі праз дваццаць хвілін палёту — яшчэ ў Мінскай вобласці. Хтосьці паліў на сваім участку траву.

    Каля дзвюх гадзін дня пралятаем над Краснаполлем. У нейкі момант бачым клубы дыму — лётчык-назіральнік адразу ацэньвае тэрыторыю, на якой уладарыць агонь, яна  складае каля 2 гектараў. Між іншым, частка пажараў пачынаецца з-за сельгаспалаў — людзі падпальваюць траву, пакідаюць гарэць і сыходзяць. А агонь хутка пераходзіць на лес — тады чакай бяды.

    Яшчэ два пажары выявілі пад Беразіно — на адзін ужо прыбыла машына МНС, а пра другі лётчык-назіральнік паведаміў у лясгас. «Трос, адкажы паветру» — так Станіслаў звязваецца па рацыі з работнікамі ляснога фонду. Яны ў сваю чаргу, атрымаўшы нумар квартала з пажарам, адпраўляюць на яго ліквідацыю дзяржаўную лясную ахову.

    Пакуль ляцім на базу, любуюся відамі зверху. Здаецца, што жыццё спынілася: бачу дываны лесу, дахі дамоў, сілуэты машын, дзесьці пасецца статак кароў. А вось людзей — ні душы. У нас сапраўды неверагодна прыгожая блакітна-зялёная краіна азёр і лясоў. Можна сядзець і прыдумляць вобразы кожнай маленькай рэчцы – адзін астравок падобны на кроплю, а другі — на жырафа і саву.
     

    — Цяпер можна завесці вам лётную кніжку і запісаць туды сённяшні налёт, — жартуюць члены экіпажа пасля паспяховай пасадкі.

    Маніторынг сітуацыі з ляснымі пажарамі пачынаецца з вясны і праходзіць да сярэдзіны восені.

    Накіроўваюся ў галоўны офіс, каб пагутарыць з Іванам Лабзіным, першым намеснікам начальніка авіяцыі, і даведацца аб сёлетняй сітуацыі з ляснымі пажарамі:

    — Маніторынг сітуацыі пачынаецца з вясны і праходзіць да сярэдзіны восені. У нашай краіне клімат мяняецца — становіцца менш дажджлівых дзён і больш— спякотных. Нядаўна вярнуўся з Турцыі, мы там дапамагаем калегам тушыць пажары, дык вось без жартаў скажу: у нас клімат падобны на турэцкі. У Беларусі больш за 9 мільёнаў гектараў лесу, мы стараемся кожны дзень гэтую тэрыторыю аблятаць. Вялікая ўвага надаецца паўднёвай мяжы — зараз збіраюць журавіны, з боку Украіны прыходзіць шмат людзей, таму ёсць вялікая верагоднасць узнікнення пажараў. 

    У канцы лета — пачатку восені, кажа Іван Сцяпанавіч, больш за ўсё гараць Брэсцкая і Гомельская вобласці, а ў канцы вясны — пачатку лета днём і ноччу тушылі пажары ў Барысаўскім раёне. Зараз амаль на ўсёй тэрыторыі нашай краіны захоўваецца трэці клас пажаранебяспекі лясоў, таму лётаюць пілоты кожны дзень мінімум па аднаму разу. Як гэты клас вызначаецца? Гэта робіць метэаслужба па спецыяльнай формуле, дзе ўлічваюцца тэмпература, колькасць ападкаў за суткі і кропка расы. У авіяцыі — пяць асноўных пунктаў базiра-вання: аэрадромы ў Ліпках, Паставах, Віцебску, а таксама ў Пінску і Мазыры, патрулююцца ўсе раёны краіны. Наша авіяцыя прафесійна выконвае сваю складаную работу, таму можна не сумнявацца — лясы будуць у парадку.

    glushko@sb.by

     

    Фота МНС

    Автор: ГЛУШКО ХристинаРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)