29 Марта, 2024 Пятница

Рубель у базарны дзень

  • 05 октября 2018 Общество Русский 0

    «У нас самыя прыгожыя і смачныя гарбузы!» — зазывае гандляр на сельскагаспадарчым кірмашы, які ў выхадныя разгарнуўся ў Мінску каля Палаца спорту. Бульба, маліна, кавуны, грэцкія арэхі, журавіны, яблыкі — шырокі асартымент і параўнальна невысокія цэны выклікаюць ажыятаж у мінчан і гасцей горада. Карэспандэнт «Р» папрацавала за прылаўкам з гароднінай на кірмашы і даведалася, ці выгадна прадаўцам прыязджаць у Мінск з самых аддаленых куткоў краіны.
     

    Не бульбай адзінай

    Шэрагі прылаўкаў з гароднінай, выгадаванай на сваіх участках, імпартнай садавінай, мёдам, мясам, рыбай расцягнуліся ад Палаца спорту да ўваходу ў метро на станцыю «Няміга». Што ж, паглядзім спачатку на цэны. Па назіраннях, адзін з самых «хадавых» тавараў — бульба — абыдзецца на кірмашы ў 0,25—60 капеек за кілаграм. За капусту просяць ад 30 да 40 капеек, буракі каштуюць ад 30 да 70 капеек, цыбуля — ад 40 капеек да 1 рубля, памідоры — ад 80 капеек да 3 рублёў, а морква — ад 40 да 70 капеек. Самыя дарагія яблыкі бачыла за 2,5 рубля. Нездарма тут сабралася так шмат запаслівых гараджан. У чарзе чуюцца размовы:

    — Агуркі танней, чым на «Камароўцы»! Рубель просяць за кілаграм.

    Сустракаю на кірмашы і гасцей горада. Паміж радамі павольна прагульваецца маладая пара з Кітая — яны ўжо другі год вучацца ў БДУ. На добрай рускай мове кажуць, што пра кірмаш прачыталі на адным з сайтаў і прыйшлі сюды мэтанакіравана: закупіцца свежай гароднінай для смачнай вячэры. Падкрэсліваюць: цэнтр горада — зручная лакацыя для такіх кірмашоў.

    Якасць пацверджана


    Пра якасць прадукцыі можна не перажываць — яна пацверджана дакументальна, ёсць і дазвол на гандаль. У фізічных асоб пры сабе яшчэ дакумент з мясцовага выканкама аб тым, што прадукцыю вырасцілі менавіта на прысядзібным участку. У гэтым сезоне ёсць выдатная навіна для тых, хто вырабляе і прадае хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, гатовую кулінарную прадукцыю (толькі калі дзейнасць не адносіцца да прадпрымальніцтва). Цяпер і для іх выдзяляюць месцы на кірмашах, распавядае начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава:

    — На такіх гандлёвых зонах ёсць спецыяльныя шыльды з інфармацыяй пра тое, што прадукцыя выраблена фізічнымі асобамі без дакументаў аб якасці, бяспецы, праходжанні ветэрынарнага агляду і ветэрынарна-санітарнай экспертызе. А вось усю астатнюю прадукцыю на кірмашах трэба падмацоўваць дакументамі, адпаведнымі нормам заканадаўства. На пляцоўках атрымалі дазвол на гандаль 850 чалавек — сельгасвытворцы і фізічныя асобы. У гэтым годзе акрамя дзвюх галоўных пляцовак — каля спартыўнага комплексу «Чыжоўка-Арэна» і Палаца спорту — у Мінску выдзелілі 197 месцаў для штодзённага гандлю.

    Сорак пяць рублёў за две гадзiны


    З-за стоўпатварэнняў ля прылаўкаў з садавінай і гароднінай пазнаёміцца з удзельнікамі кірмашу не так проста. Крыху адцягваю ад працы прадаўца Леаніда. Ён з жонкай праехаў не адну сотню кіламетраў з Брэсцкай вобласці, каб пачаставаць мінчан выгадаванымі перцамі, лукам, часнаком, яблыкамі.

    — Мы ўжо не першы год удзельнічаем у кірмашы. Гэта выгадна, нягледзячы на затраты на дарогу. Начуем мы ў Мінску ў дзяцей, таму не пераплачваем за пражыванне. Сюды шмат людзей прыходзіць. Канкурэнцыя высокая, але і пакупнікоў шмат, тавар не залежваецца. У гэтым годзе шмат яблыкаў было — вось і вы частуйцеся, вазьміце парачку штук! Вельмі салодкія і сакавітыя, — прапаноўвае Леанід, і я ніяк не магу адмовіцца.

    Ідзём далей — увагу прыцягвае велізарны гарбуз. Ля прылаўка гаспадыні Тамары назіраецца ажыятаж. Асартымент наступны: семкі, грэцкія арэхі, гарбузы, рэпа, спецыі. Усё выгадавала сама на ўчастку на Століншчыне:

    — Гарбуз, кажаце, вялікі? Не, гэты важыць 25 кілаграмаў, а быў адзін — вагой у 40 кілаграмаў. Яшчэ ўсе дзівяцца, што я рэпу прадаю. Яна толькі ў мяне ёсць на кірмашы. Арэхі грэцкія — таксама мае. Вы б бачылі, якія велізарныя дрэвы выраслі! Пакаштуйце, дарэчы, вось і вылушчаныя арэхі ёсць.

    Прашуся да Тамары ў памочнікі — здаецца, падмога ёй не перашкодзіць з такім патокам пакупнікоў.

    — Ну, глядзіце, толькі нічога не наблытайце! — папярэджвае.

    Думаю сабе: вопыт працы прадаўцом за плячыма ёсць, што ўжо тут на кірмашы не спраўлюся? Саманадзейна. Аказалася, праца не такая простая, якой здаецца на першы погляд. Арганізаванай чаргі няма: з усіх бакоў сыплюцца пытанні: «А кмен па чым?», «А грэцкія арэхі можна пакаштаваць?»... Ледзь паспяваеш сцяміць, якую цану назваць і каму з натоўпу аддаць узважаны кілаграм перцаў. Відаць, дапамогі ад мяне тут няшмат: толькі блытаюся пад нагамі. У Тамары ж усё атрымліваецца спакойна, без мітусні:

    — Я тут з самай раніцы. Другі дзень ужо працую. Няпроста, вядома ж, адной спраўляцца, але тут шмат людзей прыходзіць. Акупляюцца і дарога, і пражыванне ў гасцініцы «Беларусь».

    За дзве гадзіны за прылаўкам наша з Тамарай выручка склала каля 45 рублёў. Побач з 40-кілаграмовымі мяшкамі бульбы размясціўся Мікалай з Брэсцкай вобласці. Кажа, што за два дні кірмашу плануе прадаць прывезеную тону — попыт ёсць. Пакуль што зарабіў каля 300 рублёў пры цане на бульбу ў 40 капеек.

    Перабягаю да прадаўца з велізарнымі скрынямі з журавінамі. Ягады Ала збірала ў Браслаўскім раёне. Раней прадавала іх у Расію, у супермаркеты і на рынкі, — зараз жа гэта зусім нявыгадна, трэба рабіць велізарны пакет дакументаў і плаціць за іх афармленне грошы:

    — Таму добра, што ёсць магчымасць паўдзельнічаць вось у такіх кірмашах.

    Прадаюць на кірмашы і імпартную гародніну, садавіну. Святлана з Івянца прызнаецца: хацелася б і свае кавуны, дыні прапаноўваць, але не ўдаўся ўраджай у гэтым годзе з-за халаднаватай вясны:

    — Вось даводзіцца да сяброў у іншых краінах звяртацца! Дыні, кавуны, вінаград — з Узбекістана, Таджыкістана, Азербайджана. Трэці год удзельнічаю ў кірмашы — вельмі падабаецца.

    Скончыцца сезон кірмашамі 3 і 4 лістапада зноў каля Палаца спорту, у якім будуць удзельнічаць вытворцы з усіх рэгіёнаў краіны.

    matuzova@sb.by

     

    Автор: Юлия МАТУЗОВАРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)