17 Ноября, 2018 Суббота

Трыа на ўсе галасы

  • 15 октября 2018 Общество Русский 0

    Ганна і Аляксандр Вецка пазнаёміліся яшчэ ў студэнцтве — дзяўчына вучылася на першым курсе вуза, а хлопец заканчваў чацвёрты. Далей расклад, у прынцыпе, стандартны — неспадзяваная сустрэча пасля вучобы, чатыры гады спатканняў, вяселле, нараджэнне дачкі, пераезд са Слоніма ў Мінск, набыццё кватэры, рамонт… Аднак нечаканы паварот лёсу зрабіў маладым людзям сюрпрыз і цалкам змяніў іх планы на жыццё. Карэспандэнт «Р» зазірнула на агеньчык да сям’і і паглядзела, як дамачадцы «змагаюцца» з гэтым самым сюрпрызам — гадавалымі трайнятамі.

     

    Калі  пад  сэрцам —  тры  зоркі  


    Пераступаю парог кватэры сям’і Вецка — і застываю на месцы ад нечаканасці: на мяне паўзуць адна за адной тры гадавалыя малыя. Усе — аднолькавыя, як на падбор.

    — Як вы іх адрозніваеце? — пытаюся ў замяшанні.

    — Ну як, па тварах, яны ж усе розныя, — смяецца васьмігадовая Ліза.


    У свой час бацькі вырашылі паведаміць навіну пра будучага браціка ці сястрычку (яшчэ тады яны не ведалі, што народзіцца тройня) старэйшай дачцэ на яе дзень нараджэння. Адразу Ліза адрэагавала не надта радасна, а праз пэўны час, калі даведалася, што малодшых будзе аж трое, запляскала ў ладкі: «Мы будзем бясплатнікамі ў школе!» Пасля нараджэння сястрычак старэйшая Ліза не адыходзіла ад іх ні на крок. А праз два тыдні так стамілася, што спытала ў бацькі, навошта ён забраў з раддома траіх, і дадала: «Трэба было толькі Насцю браць, яна самая спакойная».

    — Ведаеце, калі мы ўладкаваліся ў Мінску, пачалі ўзнікаць думкі пра другое дзіця. Хацелі хлопчыка, а атрымалі трох дзяўчынак адразу, — жартоўна пачынае гісторыю Ганна і адначасова ўсаджвае малых на вячэру. — У трынаццаць тыдняў я пайшла на першае УГД. Урач водзіць датчыкам і пытае, ці рабілі ЭКА, ці прымала гармоны, ці першае гэта УГД. Калі на ўсе пытанні пачула адказ «не», павіншавала з цудам — трыма здаровымі эмбрыёнамі. Я была проста ў шоку: і плакала, і смяялася адначасова.


    Доўгія  дзевяць  месяцаў…

    Ганна прызнаецца, што выношваць дачок было вельмі складана. Ужо з першых тыдняў пачаўся жудасны таксікоз і трымаўся аж да чатырох месяцаў. За гэты час маладая матуля схуднела на пяць кілаграмаў.

    Пасля першага УГД яе ўзялі пад апеку спецыялісты РНПЦ «Маці і дзіця». Яны прадказвалі роды на 32—34-м тыднях, што абсалютна нармальна ў вападку з трайнятамі, і вага малых пракладна па 1,6 кілаграма. Амаль так усё і атрымалася. Не па плане пайшло толькі развіццё фетафетальнага трансфузійнага сіндрому, пры якім узнікае дысбаланс крывабегу. Прасцей кажучы, адно дзіця становіцца донарам і аддае сваю кроў, ваду і ежу рэцыпіенту — сястрычцы. Наперадзе чакала ўнутрычэраўная аперацыя.


    — Канешне, я перажывала. Падчас аперацыі назірала праз манітор за кожным крокам спецыялістаў. Атрымліваецца, Ксюша і Насця знаходзіліся ў адным пузыры, іх падзяляла толькі тонкая перагародка, Аліса размясцілася асобна, — прыгадвае выключныя моманты маці дзяўчынак. — Я лічыла разам з урачамі, колькі агульных сасудаў прыпякалі на плацэнце, бачыла, як у Ксюшы адкачвалі літр лішняй вады.

    Пасля родаў матулю вельмі падтрымала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «РАНА» для бацькоў неданошаных дзяцей, якое створана на базе аддзялення неданошаных РНПЦ.

    У  ход  ідзе  кашачы  корм

    А вось дзядуля малых Юрый Віктаравіч мяркуе, што ў сям’і дачкі ўсё толькі пачынаецца: спачатку трэба было вынасіць малечу, а цяпер — пракарміць, выгадаваць ды на ногі паставіць.


    Выходзім на вячэрнюю прагулку разам з трайняткамі, матуляй і дзедам. Усе прахожыя азіраюцца, а потым віншуюць з такім цудам. Напэўна, увагу прыцягвае трайная каляска — такі своеасаблівы доўгі вазок з адпаведнай колькасцю карапузаў. Каштуе гэты вазок нямала — каля 3000 рублёў.

    Вы, напэўна, здагадаліся, усе фінансавыя выдаткі ў сям’і памножыліся на тры. Грашовыя клопаты ўзяў на сябе бацька. Ён працуе рэгіянальным менеджарам у банку. Тату дзяўчынкі вельмі любяць: не паспеюць увечары скрыпнуць дзверы, як малыя ўжо спаўзаюцца ў прыхожую.  


    Днём з дзяўчынкамі «змагаюцца» Ганна і Юрый Віктаравіч. Ён, дарэчы, афіцыйна працаўладкаваны як няня па доглядзе за дзецьмі. Дзядуля жартуе, што гэта ён вінаваты ў трайным шчасці:

    — У маім родзе нараджаліся двойні і тройні: і ў прабабулі, і ў бабулі, і ў маёй маці, і сястры. Часам узнікаюць думкі, што лягчэй дровы калоць. Спачатку было боязна ў рукі браць, калі былі па 40 сантыметраў даўжынёй і па 2 кіло вагой — у два разы меншыя за звычайных нованароджаных. Бывала, прачнуцца рана, пачнуць пішчаць, я іх пакладу адно за адным на падушку — тады добра змяшчаліся — і кармлю з бутэлечкі. А зараз распаўзаюцца хто куды і ўстройваюць «галівуд» па ўсёй кватэры: то ў корм да кошкi залезуць, то яшчэ куды.


    Да двух гадоў кармленне трайнятак аплачвае дзяржава. Штомесяц дзед забірае па 18 баначак мясных кансерваў на кожную, па 60 баначак пюрэшак, па 18 пачкаў соку, кашы і сумесі. У выніку выходзіць каля двух прыстойных магазінных калясак. Акрамя гэтага, штомесяц выплачваецца дапамога на трайнят — каля 70 рублёў.

    Ганна прызнаецца, што пасля родаў часу на сябе зусім не хапала, цяпер жа яна можа пакінуць дачок з дзедам і адлучыцца ў басейн ці магазін, што не можа не радаваць.

    ДАРЭЧЫ

    За мінулы год у краіне нарадзілася 1116 двайнят і 16 трайнят. За дзевяць месяцаў бягучага года ў РНПЦ «Маці і дзіця» на свет з’явілася 106 двайнят і трое трайнят.

    veronulas@sb.by

     

    Автор: Вероника УЛАСЕВИЧРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)