17 Ноября, 2018 Суббота

Перайшлі на светлы бок

  • 30 октября 2018 Общество Русский 0

    Увосень, калі дажджы і туманы ўскладняюць дарожную абстаноўку, колькасць наездаў на пешаходаў традыцыйна павялічваецца. Для зніжэння рызыкі трапіць пад колы ДАІ рэкамендуе нам насіць флікеры. Ад іх асартыменту вочы разбягаюцца: наклейкі, палоскі, камі­зэлькі, адзенне са святлоадбівальнымі палоскамі... Карэспандэнт «Р» з экіпажам ДАІ адправілася на начное дзяжурства і высветліла, які флікер самы эфектыўны.

    Саджуся ў машыну да экіпажа ДАІ, што заступіў на начное дзяжурства. Едзем на вуліцу Будслаўскую. Некаторыя яе ўчасткі дрэнна асветлены, а значыць, флікер для тутэйшых пешаходаў — абавязковы атрыбут.


    — Больш чым у палове вы­падкаў наезды на пешаходаў рэ­гіструюцца ў цёмны час сутак. Восенню і зімой, калі працягласць светлавога дня скарачаецца, наездаў адпаведна становіц­ца больш, — па дарозе апісвае сітуацыю інспектар ДПС ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска Ігар Ермакоў.

    — За дзевяць месяцаў гэтага года ў адным толькі Мінску адбылося 52 аварыі па віне пешаходаў. У іх 45 чалавек пацярпелі, 8 — загінулі, — прыводзіць статыстыку інспектар ДПС ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска Максім Какоеў. — Большасць вінаватых пераходзілі дарогу ў неналежным месцы. Кожны другі быў п’яны...

    Не паспеў інспектар закончыць думку, як прама перад машынай ДАІ на скрыжаванні вуліц Камайскай і Ратамскага парачка вырашыла праскочыць на чырвоны сігнал. На першы раз абое абышліся штрафам у адну базавую велічыню.

    ...Зварочваем з Далгінаўскага гасцінца на вуліцу Будслаўскую і адразу ж сутыкаемся з яркім прыкладам таго, як варта абазначаць сябе ў цемры. Па абочыне ідзе пара з каляскай, усе з флікерамі, ззяюць, як навагодняя гірлянда, а бацька яшчэ і з сігнальным ліхтарыкам у руцэ: усё ж дзіця ў ка­лясцы, а дарога даволі цёмная.

    Праз пару хвілін зоркае вока інспектараў заўважае ў цені чалавека.

    — Ну што, бачыце пешахода? — інспектары звяртаюцца да мяне.

    У адказ дарэмна ўзіраюся ў цемру, спрабую адрозніць хоць нейкае падабенства чалавека.

    — Ды я толькі ад запраўкі адышоў, а тут вы... Я ж у горадзе! Ну якія флікеры? — апраўдваецца непрыкметны пешаход.

    — Так, у горадзе на асветленых участках дарогі флікеры неактуальныя. Яны носяць рэкамендацыйны характар, — тлумачыць пешаходу Ігар Ермакоў. — Затое пры руху па краі праезнай часткі на неасветленых участках нават у горадзе святлоадбівальныя элементы абавязковыя.

    Пакаранне за адсутнасць флі­кера — папярэджанне ці штраф ад 1 да 3 базавых. Калі пешаход яшчэ і п’яны, то штраф складзе ад 3 да 5 базавых. На першы раз нашаму парушальніку даюць па мінімуму. Але колькі яшчэ такіх безадказных пешаходаў шпацыруе па дарогах і папаўняе сумную статыстыку ДАІ...

    Праз пару хвілін на гэтым жа месцы спыняем яшчэ адну пару­шальніцу.

    — Чалавека, які перабягае дарогу ў цемры, вадзіцель заў­важыць у лепшым выпадку за 40 метраў, — Ігар Ермакоў дае ўрок дарожнай матэматыкі бесклапотнай да­­ме, уручаючы флікер у падарунак. — Нават пры хуткасці аўтамабіля 50 кіламетраў у гадзіну ягоны прыпыначны шлях перавышае гэтую адлегласць.

    Флікер вадзіцель павінен заў­важыць здалёк. Калі святло­адбівальнік замацаваны на сумцы, ці будзе ад яго толк? Каб гэта праверыць, адпраўляемся на ўчастак вуліцы Нававіленскай. Ён дрэнна асветлены, а значыць, ідэальна падыходзіць для эксперымента. Тэсціраваць будзем некалькі святлоадбівальнікаў. Можна было б начапіць іх усе і закрыць гэтую тэму. Але пешахода, які свеціцца з усіх бакоў, можна сустрэць хіба што на агітацыйных банарах. У жыцці мы носім пераважна цёмную вопратку і ў лепшым выпадку адзін флікер.

    Пачынаем эксперымент з кра­совак. Святлоадбівальныя па­лоскі вытворца размясціў збоку, таму вадзіцелю яны папросту небачныя. Флікер на ручцы сумкі «тлее» ледзь-ледзь. Адзін няёмкі рух — і рукаў паліто цалкам яго закрыў. З флікерам-палоскай на рукаве вадзіцель заўважыў мяне з адлегласці 350 метраў. Нядрэнны вынік! Аднак, павярнуўшыся да машыны другім бокам, я імгненна стала нябачнай. Калі ўжо і насіць флікер-палоску, то толькі парай — на левай і правай руках. Аднолькава добра сябе праявілі спартыў­ная куртка і спецкамізэлька са святлоадбівальнымі элементамі. У іх мяне заўважылі ў далёкім святле фар з адлегласці як міні­мум 400 метраў. Дарэчы, самы высокі каэфіцыент святлоадбітку ў флікераў белага і салатавага колераў — больш за 350 кандэл. Важна: чым вышэй размешчаны святлоадбівальнік, тым ён прыкметней!

    Напрыканцы Ігар Ермакоў падкінуў пешаходам задачку для разважання:

    — Згодна з нормамі бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 метраў, бо прыпыначны шлях аўтамабіля на мокрым асфальце пры хуткасці 90 кіламетраў у гадзіну складае прыкладна 150 метраў, на сухім — каля 90 метраў. Правільнае святлоадбівальнае адзенне дазваляе больш чым у два разы павялічыць дыстанцыю, на якой пешахода бачна.


    gorbatenko@sb.by

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)