19 Апреля, 2024 Пятница

Лёс, пастаўлены на карту

  • 06 ноября 2018 Общество Русский 0

    Рынак працы не заўсёды ўсмiхаецца беспрацоўнаму. Бывае так, што спецыяльнасць, атрыманая ў маладосцi, ужо неактуальная, i вакантных месцаў у сваiм рэгiёне можна чакаць месяцамi цi нават гадамi. Але ёсць такая магчымасць, як працоўная мiграцыя, — чалавек не сядзіць ды на неба глядзіць, а пераязджае ў суседнi рэгiён, дзе зможа добра ўладкавацца. Дарэчы, перабрацца на новае месца жыхарства можна за кошт дзяржавы. Для гэтага трэба быць беспрацоўным, зарэгістравацца ў службе занятасці. У тонкасці падобнага перасялення ўнікала карэспандэнт «Р».

    «Вакансію  знайшла ў  інтэрнэце»


    Яніна Пазняк з дачкой Віялетай ужо амаль паўгода жывуць у вялікім доме ў аграгарадку Любкаўшчына Стаўбцоўскага раёна. Тры пакоі, кухня, шырокi калідор. Цэнтральнае ацяпленне і водазабеспячэнне. Утульнае жыллё Яніне дало кіраўніцтва ААТ «Радзіма Якуба Коласа» як свайму работніку.

    Жанчына прызнаецца: шукала вакансіі, да якіх «прыкладаўся» дах над галавой. Таму што на руках — дзевяцігадовая дачка, якую яна выхоўвае адна пасля смерці мужа. Дваццаціпяцігадовы сын ажаніўся і застаўся ў Дзяржынску, дзе адкрыў сваю невялікую справу. У Дзяржынску жыла і сама Яніна. Адтуль з’ехала ў аграгарадок Дрычын Пухавіцкага раёна, дзе працавала селекцыянерам у гаспадарцы. А потым пераехала ў Любкаўшчыну. І зусім не шкадуе, што так зрабіла. Новае жыццё падабаецца і трэцякласніцы Віялеце. Вучыцца дзяўчынка ў мясцовай школе, у яе дзённіку — васьмёркі ды дзявяткі. Акрамя асноўных урокаў, бярэ заняткі ігры на баяне. Хутка запішацца на курсы па гітары. Не хапае дзіцяці хіба што танцавальнага гуртка.

    Зараз Яніна Пазняк — загадчыца малочнатаварнай фермы «Жыгалкі». Адукацыя дазваляе. Цяпер кантралюе вытворчы працэс. Шаснаццаць работнікаў МТФ кормяць, дояць і вырошчваюць 511 кароў і цялят. А кожная карова тут у дзень дае ў сярэднім амаль 24 літры малака.

    — На ферму дабірацца зручна — нас дастаўляе аўтамабіль, зарплата добрая, гаспадарка выдзяляе тэхніку для пасадкі і ўборкі бульбы, — пералічвае плюсы новай працы загадчыца фермы.

    І ёй ёсць з чым параўнаць. Жанчына ўсё жыццё — у сельскай гаспадарцы. Скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум у Іўі (зараз гэта сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), атрымала дыплом заатэхніка.

    — Гэтую вакансію знайшла ў інтэрнэце, — усміхаецца Яніна. — Патэлефанавала пракансультавацца, а праз тры тыдні дырэктар прапанаваў пасаду загадчыцы фермы. Адразу сабрала рэчы і паехала. Сельгасарганізацыя дапамагла з машынай для пераезду, а дзяржава — грашыма. Пералічылі на картку мне 1400 рублёў.

     Працу  і  жыллё  гарантуем


    А вось з гэтага месца падрабязней. Дзяржава выплачвае грошы пры перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем'яў на новае месца жыхарства і працы. На такую выплату могуць разлічваць тыя, хто знайшоў гарантаваную працу і жыллё ў іншай мясцовасці. Галоўнае — быць зарэгістраваным у якасці беспрацоўнага ў органах па працы, занятасці і сацабароне па месцы рэгістрацыі. Адзiн нюанс: беспрацоўныя, якія змянілі месца жыхарства, па заканадаўстве абавязаны адпрацаваць адзін год. Калі дагавор датэрмінова будзе скасаваны або парушаны абавязацельствы, то грошы неабходна вярнуць.

    — Спадзяюся, што прапрацую нашмат даўжэй абавязковага года, — кажа Яніна. — Вясной зраблю градкі на прысядзібным участку, завяду жыўнасць. Раней трымала 12 свіней і 50 курэй. І зараз месца для ўсіх хопіць.


    Дырэктар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзяніс Дзішук не ўтойвае: рабочых рук у гаспадарцы не хапае. Хоць тут 236 работнікаў, маюць вострую патрэбу ў заатэхніках, аператарах машыннага даення і іншых працаўніках жывёлагадоўчага профілю. Таму і прапануюць людзям жыллё і зарплату. Даярка, напрыклад, можа зарабіць ад 700 да 1000 рублёў. Вось і едуць з усіх абласцей краіны. Толькі за апошнія два гады працоўнае месца і жыллё ў гаспадарцы атрымалі 5 сем'яў. Пра тое, што іх задавальняюць умовы, кажа статыстыка: з 10 прыезджых работнікаў 8 застаюцца ў гаспадарцы.

    КАМПЕТЭНТНА
     

    Людміла ПалазнІк, начальнік упраўлення па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама:

    — Кожны год у рамках Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва выдзяляюцца грашовыя сродкі на рэалізацыю мерапрыемстваў па перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем'яў на новае месца жыхарства і працы.


    Перасяляюць беспрацоўных за кошт дзяржавы, зыходзячы з інфармацыі аб наяўнасці вольнага жылля і вакансій, заяўленых наймальнікамі ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій.

    Пераехаць на новае месца жыхарства і працы магчыма толькі добраахвотна і ў межах краіны. На дапамогу ў перасяленні могуць разлічваць толькі тыя грамадзяне, якія афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі. Паўналетнія члены сям'і перасяляюцца толькі з іх пісьмовай згоды.

    Калі заключаны дагавор аб перасяленні, беспрацоўны атрымлівае выплату ў памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, а яшчэ — двухразовую велічыню пражытачнага мінімуму пры пераездзе з гарадоў у малыя і сярэднія гарадскія паселішчы, у сельскую мясцовасць, а таксама гарады-спадарожнікі. Сёння бюджэт пражытачнага мінімуму складае 214 рублёў 21 капейка. У гэтым годзе на новае месца жыхарства і працы перасяліліся 22 сям'і беспрацоўных. Усе яны атрымалі жыллё, ім аказана матэрыяльная дапамога больш за 58,5 тысячы рублёў. Людзі ўладкоўваюцца ў асноўным па спецыяльнасцях і прафесіях сельскагаспадарчага профілю — аператарамі машыннага даення, трактарыстамі, жывёлаводамі, заатэхнікамі, загадчыкамі фермы або вадзіцелямі. Перасяліцца на новае месца жыхарства і працы за дзяржаўны кошт можна адзін раз.

    АФІЦЫЙНА

    За 9 месяцаў органамі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аказана садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і працы 118 сем'ям беспрацоўных. Гэта 245 чалавек. Сярэдні ўзрост перасяленцаў — 34 гады. Лічбы ўдакладнілі спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

    Часцей за ўсё мянялі прапіску сем'і беспрацоўных у Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Як сведчыць праведзены аналіз, найбольш запатрабаваныя ў наймальнікаў прафесіі — аператары машыннага даення, жывёлаводы, трактарысты. З 118 сем'яў, якія перасяліліся ў гэтым годзе, 103 перабраліся ў сельскую мясцовасць. Адзінаццаць з іх змянілі буйныя гарады на вёску. Амаль 73 працэнты сем'яў пераехалі ў межах адной вобласці, астатнія — у іншы рэгіён краіны. Найбольшая колькасць сем'яў, якія перасяліліся за межы вобласці, пераехала ў Мінскую вобласць (19 сем'яў).

    ДАВЕДКА

    Матэрыяльную дапамогу пры перасяленні выплачваюць органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы знаходжання наймальніка пасля атрымання ад яго копіі загада аб прыёме беспрацоўнага на працу і заключэння з ім працоўнага дагавора (кантракта). Органы па працы на працягу 5 рабочых месяцаў пасля атрымання ад наймальніка вышэйзгаданых дакументаў падаюць у тэрытарыяльныя органы казначэйства плацежныя дакументы на пералічэнне грашовых сродкаў беспрацоўнаму ў памеры сямі альбо дзевяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

    misnik@sb.by

     

     

    Автор: Елена МИСНИКРэспубліка
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)