18 Февраля, 2019 Понедельник

Движение на двух путепроводах, которые реконструируют на МКАД, полностью восстановят до конца мая

  • 15 января 2019 Общество 0

    На кальцавой аўта­дарозе закрылі рух па ўнутранай паласе ў раёне Сця­пянкі і па знешняй – каля павароту да філіяла БДУ побач з мікрараёнам Малінаўка. Часовыя нязручнасці для аўтааматараў звязаны з рэканструкцыяй двух пуцеправодаў над чыгу­начнымі пуцямі. Забаронены таксама праезд пад мастамі. Карэспандэнт «Р» пабывала на месцы будоўлі, каб на свае вочы ўбачыць, што адбываецца зараз на МКАД.

    Знешняя паласа кальцавой аўтадарогі над чыгункай у брэсцкім напрамку, па якой, пасвістваючы рабочым, перыядычна прабягаюць электрычкі, ужо пустая. На ёй няма не толькі аўтамабіляў, але і месцамі адсутнічае бар’ерная агароджа. Увесь транспарт накіраваны на суседнюю паласу, рух па якой арганізаваны ў абодва бакі. Зразумела, без затораў не абыходзіцца, затое ніхто і хуткасць не перавышае. Утрымліваць дарожнае палатно апорам пуцеправода дапамагаюць чырвоныя страховачныя збудаванні – з меркаванняў бяспекі, бо нагрузка на праезную частку моста ўзрасла. 

    — Выкананы работы па арга­нізацыі дарожнага руху на перыяд рамонту, а папярэдне створана бяспека для транспартных патокаў. Спецыяльныя страховачныя часовыя апоры дазволяць засцерагчыся ад празмернай дэфармацыі дарогі, — тлумачыць Яўген Пятровіч, намеснік начальніка ўпраўлення меха­нізацыі і спецыяльных работ КУП «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва  і добраўпарадкаван­ня Мін­гарвы­канкама».

    Сёння рабочыя, узброеныя тэхнікай, пачынаюць разборку асфальтабетоннага пакрыцця. Яно стварае сур’ёзную нагрузку на каркас і апоры моста – на гэтых пуцеправодах яго таўшчыня складае больш за 30 см. Паралельна разбіраюць тратуары, парэнчы, перабудоўваюць сеткі знешняга асвятлення, кантактную сетку ў падмаставой частцы, перакладаюць аптавалаконную кабельную лінію. 

    — Пасля дэмантажу асфальтабетоннага пакрыцця адразу прыступім да разборкі маналітных жалезабетонных участкаў, якія размешчаны ў міжбэлечных падоўжных стыках, — дзеліцца планамі Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд»— Затым правядзём дэмантаж бэлек пралётнага збудавання. Адначасова вырашаюцца пытанні аб вырабе новых бэлек. Гэта працаёмкі, складаны тэхналагічны працэс, які патрабуе дакладна вы­трымліваць тэрміны набору тры­валасці бетону. Для скарачэння тэрмінаў і прыняцця праектных рашэнняў апоры праве­раць разлікамі с адпаведнымі геа­ла­гічнымі даследаваннямі. Папярэдне спецыялісты Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута вызначылі, што з гэтым праблем няма. А вось бетон, арматуру бэлек пашкодзіла карозія. 

    Пасля таго як зманціруюць новыя, больш трывалыя бэлькі, масты выпрабуюць на трываласць. Калі нясучая здольнасць апор будзе недастатковай, правядуць іх умацаванне. 

    Работы ідуць паралельна на абодвух мастах – яны абсалютна аднолькавыя па ўзросце, тэхналогіі выканання і нават памерах: даўжыня складае 81 метр. 

    — Асаблівасць капітальнага рамонту гэтых пуцеправодаў у тым, што ўсе работы выконваюцца ў строгім узгадненні з працай Беларускай чыгункі, — зазначае Васіль Феадосьевіч. – Мы павінны паклапаціцца аб бяспецы не толькі аўтамабільнага, але і чыгуначнага транспарту. Рабочыя працуюць толькі ў «вокны», якія выдзяляе БЧ. На гэты перыяд чыгуначныя саставы накіроўваюць па альтэрнатыўных маршрутах, адключаюць электрасілкаванне кантактнай сеткі.

    Закончыць рамонт участкаў плануецца да канца мая, каб кальцавая поўнасцю функцыянавала ў перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Затым рэканструкцыя працягнецца. Рух транспарту ў абодвух напрамках арганізуюць па адрамантаваных частках пуцеправодаў, работы перанясуць на супрацьлеглыя ім участкі.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)