19 Марта, 2024 Вторник

Какую воду пьют жители Минска и когда она перестанет пахнуть хлором

  • 17 января 2019 Общество 0

    На снежаньскай нарадзе з актывам горада Мінска па развіцці сталіцы Прэзідэнт раскрытыкаваў якасць вады, якую п’юць мінчане, і даў даручэнне — да сярэдзiны наступнай пяцігодкі перавесці пітное водазабеспячэнне горада на падземныя крыніцы. Сітуацыя з Н2О сапраўды няпростая. Калі некаторыя раёны горада забяспечаны ёй з глыбокіх артэзіянскіх свідравін, то іншыя жыхары вымушаны моршчыць нос пры піцці ад пахаў хлоркі. Што будзе з галоўнай для нас вадкасцю ў бліжэйшыя гады? Пра смак, пах, колер і якасць вады карэспандэнт «Рэспублікі» пагаварыла з намеснікам начальніка вытворчасці «Мінскводаправод» УП «Мінскводаканал» Наталляй Сазанавай.

    Хлор i ржа


    — Наталля Іванаўна, частка жыхароў Мінска п’юць ваду з паверхневых крыніц Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, а іншая — з падземных артэзіянскіх свідравін. І большасць лічаць, што апошнім пашанцавала. Маўляў, у іх больш смачная вада. Ці так гэта?

    — Я не стала б сцвярджаць, што камусьці пашанцавала больш ці менш. У горадзе незалежна ад крыніц водазабеспячэння пітная вада адпавядае ўсім санітарным нормам, што ўстаноўлены Міністэрствам аховы здароўя. Крыніцы сапраўды розныя — паверхневыя і падземныя. Тэхналогія ачысткі вады таксама розная. Згодна з санітарным заканадаўствам вада з паверхневай крыніцы — яе ўжываюць жыхары Фрунзенскага і часткова Маскоўскага раёнаў — павінна абавязкова праходзіць стадыю абеззаражання. На нашым прадпрыемстве гэта робяць з дапамогай вадкага хлору. Такая вада адрозніваецца выключна па арганалептычных уласцівасцях — бадай, па невялікім хлорным паху. Прычым ён устраняецца простым спосабам: дастаткова набраць раніцай вады ў звычайны трохлітровы слоік або графін, і, прыйшоўшы з працы ў канцы дня, вы паху не адчуеце. Ёмістасць не трэба накрываць.

    Заводскі, Ленінскі, Кастрычніцкі, часткова Партызанскі раёны п’юць ваду з падземных крыніц пасля абезжалезвання. Па сваіх прыродных уласцівасцях вада з гэтых крыніц утрымлівае павышаную канцэнтрацыю жалеза, таму ў працэсе водападрыхтоўкі праходзіць стадыю абезжалезвання. Адзначу, што гэты элемент па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не наносіць ніякай шкоды арганізму. Вада з павышаным утрыманнем жалеза можа выклікаць непрыемны металічны прысмак, а таксама візуальна назіраецца асадак — іржа. На нашых водазаборах, размешчаных у паўднёвай частцы горада, зніжаецца колькасць жалеза да мінімальнай мяжы выяўлення прыбораў лабараторнага кантролю, гэта значыць, у некалькі разоў ніжэй, чым нарматыў.

    Вада для Савецкага, Цэнтральнага, Першамайскага, часткова Партызанскага раёнаў не праходзіць аніякай апрацоўкі, паколькі адпавядае абсалютна ўсім нормам санітарнага заканадаўства. Гэта значыць, яна проста падымаецца са свідравін помпамі, паступае ў рэзервуары чыстай вады, затым на спецыяльных станцыях перапампоўваецца ў гарадскую водаправодную сетку. Там у залежнасці ад глыбіні альбо падаецца адразу спажыўцам, альбо павышаючымі помпавымі станцыямі — мы іх называем «трэці пад’ём» — падымаецца ў шматпавярховую жылую забудову.

    Гіпахларыт натрыю, які не пахне


    — Аднак нашы чытачы, якія жывуць у Цэнтральным раёне Мінска, заўважылі, што ў водаправоднай вадзе з’явіўся пах хлору.

    — Гэта носіць часовы характар. Згодна з санітарным заканадаўствам пасля пэўных работ на водаправоднай сетцы, якія праводзяцца з умяшаннем, кажучы простай мовай, у водаправодную трубу або сетку, мы абавязаны правесці абеззаражванне. Дапусцім, мянялася засаўка або была аварыя з прарывам трубы, адбыўся кантакт са знешнім асяроддзем. Пры такіх работах мы інфармуем насельніцтва, што ў вадзе часова з’явіцца хлорны пах.

    — Чула, што ў будучыні плануецца абеззаражваць ваду з выкарыстаннем гіпахларыту натрыю, які не пахне. Калі ён заменіць вадкі хлор?

    — З гэтай мэтай зараз праводзіцца вялікі комплекс будаўніча-мантажных работ. Узводзіцца новы будынак, павінна прайсці замена ўсяго абсталявання. Тэхналогія ўнікальная для тэрыторыі нашай краіны. Арганізацыя, якая займалася для нас праектнымі работамі, брала прыклад з аналагавых аб’ектаў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, іншых расійскіх гарадах, у бліжэйшых еўрапейскіх краінах. Сёння пакуль усё ў стадыі будоўлі, дакладныя даты запуску сказаць не магу. Але гэта перспектыва 2019 года.Кантроль якасці вады праводзіцца ў лабараторыі штодня сем дзён на тыдзень.

    Выкінутыя грошы— Наталля Іванаўна, ці можна піць ваду з крана?

    — Асабіста я п’ю водаправодную ваду.


    — Людзі часта набываюць бытавыя фільтры, каб дадаткова ачысціць ваду. Наколькі гэта мэтазгодна, на ваш погляд?

    — Перш за ўсё адзначу, што УП «Мінскводаканал» ніколі не супрацоўнічала ні з адной арганізацыяй па продажы якіх-небудзь фільтраў. І нашы супрацоўнікі, у прынцыпе, нічога нікому не прадаюць. Калі да чалавека прыходзіць прадавец і паказвае пасведчанне работніка «Мінскводаканала» альбо на ім будзе спецформа з нашым лагатыпам, трэба разумець: перад вамі шарлатан, які ад імя дзяржаўнага прадпрыемства спрабуе рэалізаваць сваю прадукцыю.

    Што датычыцца куплі фільтраў, то гэта выбар кожнага жыхара. Калі чалавека бянтэжыць пах хлору, то можна выкарыстоўваць звычайныя бытавыя вугальныя фільтры тыпу збан. Траціць грошы на дарагія сістэмы ачысткі я не раіла б. Яны працуюць на такіх фізіка-хімічных працэсах, якія спачатку ваду цалкам абяссольваюць, кажучы даступнай мовай, забіраюць усе карысныя рэчывы, а потым штучна ўзбагачаюць мінераламі, якія не ў патрэбнай колькасці засвойваюцца нашым арганізмам.

    У «Мінскводаканале», акрамя кантролю якасці вады, адсочваецца адпаведнасць нормам фізіялагічнай паўнавартаснасці вады. Гэта значыць, існуе пэўны дыяпазон паказчыкаў розных элементаў, якія ў ёй павінны прысутнічаць. Той жа кальцый або магній.

    КАМПЕТЭНТНА
     
    Наталля ГРУШНІК, начальнік хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі УП «Мінскводаканал»:

    — У Законе аб пітным водазабеспячэнні гаворыцца, што якасць пітной вады павінна адпавядаць прынятым у краіне нарматывам. І кантролем якасці вады на адпаведнасць гэтаму нарматыву маюць права займацца толькі акрэдытаваныя лабараторыі. У прадпрыемства «Мінскводаправод» такіх дзве. Адна лабараторыя займаецца кантролем якасці вады ўсіх падземных крыніц водазабеспячэння і пітной вады ўсяго горада. Другая знаходзіцца на ачышчальнай водаправоднай станцыі, якая рыхтуе і падае ваду з паверхневых крыніц. Варта адзначыць, што ўсяго за год лабараторыямі прадпрыемства адбіраецца больш за 100 тысяч проб вады і праводзiцца 300 тысяч даследаванняў проб прыроднай і пітной вады.

    У нас дзейнічаюць 14 рабочых праграм вытворчага кантролю — для кожнага водазабору, размеркавальнай сеткі горада, ачышчальнай водаправоднай станцыі. Яны прайшлі экспертызу ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і зацверджаны Мінгарвыканкамам. У рабочых праграмах вельмі дакладна ўказана, дзе праводзіць адбор вады, на якія паказчыкі, з якой перыядычнасцю трэба рабіць аналіз. Напрыклад, даследаванні на мікрабіялагічны аналіз праводзяцца ва ўсіх пробах. Арганічныя і неарганічныя паказчыкі правяраюцца па асобных схемах. А далей — у залежнасці ад тэхналогіі водападрыхтоўкі. Калі, напрыклад, кантрольныя пункты знаходзяцца ў раёне зоны ўплыву станцыі абезжалезвання, то, вядома ж, мы будзем кантраляваць узровень жалеза і марганцу. Калі ў зоне ўплыву паверхневых крыніц — будзем сачыць за астаткавым хлорам.

    Кантроль якасці вады праводзіцца ў нашай лабараторыі штодня сем дзён на тыдзень.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)