24 Апреля, 2024 Среда

Открытки против эмодзи: кто победит?

  • 05 февраля 2019 Общество 0

    Калега павіншавала са святам папяровай паштоўкай. Сказаць, што здзівілася, — нічога не сказаць. Кручу віншаванку ў руках, разглядаю почырк, перачытваю цёплае пажаданне. Цуд: у наш час, калі стасункі ўсё больш заглыбляюцца ў хуткасныя месенджары, жыве яшчэ традыцыя дарыць напiсаныя ад рукi тэксты, да якіх можна дакрануцца, прымацаваць на самае бачнае месца ў пакоі ці пакласці ў патайную скрынку, у якую заглядваюць праз дзесяцігоддзі.

    У мяне якраз такая ёсць. Пацёртая кардонная папка для школьных сшыткаў ледзьве зацягваецца шнурочкамі, настолькі набітая яна лістамі і паштоўкамі. Упершыню за апошнія пятнаццаць гадоў з’явілася нагода яе папоўніць. У маім дзяцінстве, злёгку абпаленым камп’ютарызацыяй, паштоўкi пісалі шмат. Гэта быў атрыбут сяброўства і добрых адносін. Віншаванні ў асноўным былі «ад сябе», уласнымі словамі. Не ўсе нацэльваліся ў літаратары і ўражвалі белым вершам. Часцей сказы былі такія смешныя, «калматыя», з мноствам арфаграфічных, пунктуацыйных памылак. Але галоўнае — тэкст быў пра цябе і для цябе. Як зараз модна казаць, персаніфікаваны. 

    Перачытваючы сёння гэтыя паштоўкі, са здзіўленнем канстатую, што большасць пажаданняў, атрыманых такім чынам ад аднакласнікаў і сяброў, ажыццявіліся. Быццам бы занатаванае на паперы слова, якое захоўвалася столькі гадоў, было асуджана на тое, каб матэрыялізавацца.

    «Паштоўкi купляюць усё менш, і, як правіла, часцей арганізацыi», — наракала нядаўна знаёмая супрацоўніца пошты. Найбольш запатрабаваныя — з ужо гатовымі рыфмаванымі пажаданнямі. Не хоча народ марнаваць час. Упісаў у адмыслова прапушчаны радок імя адрасата — і гатова. А сучасныя лічбавыя тэхналогіі і наогул пазбаўляюць нас ад неабходнасці ўключаць мозг. Адмысловыя  сэрвісы нагадаюць дату нараджэння, паслужліва выдадуць цэлую выкладку эмодзi, флэш-паштовак і віншавальных відэа, і ў большасці выпадкаў прапануюць гэта бясплатна. Ніякіх энергетычных і інтэлектуальных затрат. Адзін дотык да дысплэя — і даніна ўвагі адрасату аддадзена. 

    На жаль, большасць такіх віртуальных паштовак не чапляюць. А пяціхвілінныя відэаролікі, якія вандруюць па неабсяжнай прасторы месенджараў і прыходзяць да цябе і ў другі, і ў трэці, і ў дзясяты раз ад розных адрасатаў, выклікаюць толькі прыкрасць. Самае горшае — калі нават не суправаджаюцца зваротам ці кароткім каментарыем. Адкрываеш і сумняваешся: ці то табе памылкова прыйшло, ці то цябе ўключылі ў рассылку, а пытанне, наколькі гэта ганарова, пагадзіцеся, спрэчнае. Ці проста чалавек у такім страшным цэйтноце, што некалькіх секунд не хапае, каб дадаць банальнае «Добры дзень». Але ж калі такое цяжкае выдаецца жыццё, ці варта тады наогул дзяліцца ўвагай?

    Усё, што хутка, лёгка і без напругі, не цэніць ні той, хто віншуе, ні той, хто чытае. Сучаснасць нацэлена на павярхоўнасць і фармальнасць. Таму іншым часам востра хочацца старамоднасці. Папяровай паштоўкі, запоўненай літарамі ўласнаручна. Паўнавартасных, а значыць ужывую, стасункаў. 

    У блiжэйшую суботу планую зазірнуць у кніжную краму за паштоўкамі. У лютым будзе шмат нагод.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)