29 Марта, 2024 Пятница

Знакомьтесь – «Аватар»: в Минске разработали первого робота телеприсутствия

  • 14 марта 2019 Общество 0

    Тое, што яшчэ не так даўно здавалася багатай фантазіяй пісьменнікаў, сёння — аб’ектыўная рэальнасць. Нашы распрацоўшчыкі прэзентавалі ўнікальную машыну, якая можа быць экскурсаводам, перакладчыкам, сакратаром, ахоўнікам, нянькай, прамоўтарам і гідам. Робат тэлепрысутнасці дапаможа чалавеку адначасова быць у двух месцах. Кіраваць ім можна аддалена, з любой кропкі планеты. Аб перавагах гэтага ноу-хау даведалася «Р».


    Многія нашы распрацоўкі не саступаюць узроўню сусветных аналагаў, а некаторыя іх і пераўзыходзяць. Сістэма «Аватар» — якраз такі выпадак. Калі за мяжой падобны робат каштуе больш за 5000 долараў, то наша машына танней у дзесяць разоў: абыдзецца ўсяго ў 500 долараў, ці ў 1 тысячу беларускіх рублёў. Да таго ж наша распрацоўка больш функцыянальная.

    Што можа рабіць гэтая цуда-машына, наглядна паказвае адзін з распрацоўшчыкаў. Ян Прахарэвіч, трэцякурснік Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, дэманструе беласнежнага робата. Яго задача досыць простая: дапамагаць людзям знаходзіцца ў патрэбным месцы, узаемадзейнічаць з аб’ектамі і людзьмі, імі­туючы ўласную прысутнасць чалавека.

    — Па-першае, гэта сістэма сацыяльнай адаптацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і парушэннем мовы, — тлумачыць Ян. — Робат будзе карысны і тым, хто часова вымушаны знаходзіцца ў чатырох сценах: хварэе, або, да прыкладу, ляжыць з гіпсам на назе.

    Распрацоўшчык просіць уявіць: чалавек не можа выйсці з дому, але ўсёй душой жадае трапіць, напрыклад, на выставу. Каб «перамясціцца» туды, спатрэбіцца толькі смартфон або ноўтбук з інтэрнэтам: запускаеш спецыяльную праграму — і ўсё, ты ў цэнтры падзей! Робат знаходзіцца ў патрэбным месцы і вяшчае для вас. Калі гэта выстава, то можна ўбачыць усе неабходныя экспанаты, слухаць гідаў і задаваць свае пытанні. Машына можа адлюстроўваць рэальны твар чалавека альбо любы аватар — калі той пажадае застацца інкогніта.

    Ёсць варыянт і для груп людзей. Напрыклад, школьнікі мараць трапіць у музей, але апынуцца там фізічна чамусьці няма магчымасці. Тады хлопчыкі і дзяўчынкі могуць скарыстацца VR-акулярамі і віртуальна падарожнічаць па залах, кіруючы камерай з вуглом агляду ў 360 градусаў. Увогуле, спектр прымянення робатаў тэлепрысутнасці вельмі шырокі: ад экскурсавода да ахоўніка — у сістэму запраграмаваны і такія функцыі.

    Гэтая ўнікальная машына таксама можа спатрэбіцца ў доме — стаць сапраўдным памочнікам. Напрыклад, кіраваць інфраструктурай жылля: рэгуляваць асвятленне, ацяпленне, уключаць і выключаць ахоўную сігналізацыю. Калі гаспадар адсутнічае дома, робат можа сам застацца за галоўнага. Функцыя асабліва спатрэбіцца, калі ёсць дзеці: спіць малы ці прачнуўся, можна ў рэжыме рэальнага часу бачыць на экране свайго смартфона — у выпадку чаго бацькі тут жа прымчацца з магазіна дадому. Або ў вас адны дома засталіся гадаванцы: можна таксама аддалена назіраць за іх паводзінамі.

    — Робат здольны купляць вам білеты ў кіно ці на самалёт, здзяйсняць шопінг у інтэрнэце і многае іншае. Проста спытайце яго пра гэта, — здзіўляе Ян Прахарэвіч. — Распрацоўка прыгодная і для офісаў: дырэктар можа ляжаць на пляжы, а робат будзе кантраляваць працу супрацоўнікаў, каб тыя не расслабляліся. За мяжой, дарэчы, ужо такое практыкуюць.
     Калі за мяжоёй падобны робат каштуе больш за 5000 долараў, то наша машына абыдзецца ўсяго ў 500.

    Можна не турбавацца: машына, якая перасоўваецца з дапамогай электраматора, нікога з ног не саб’е — устаноўлены спецыяльныя датчыкі сутыкненняў. Сістэма можа працаваць у двух рэжымах: тэлеаператара, калі робат кажа тое, што яму «падказвае» чалавек, або дзейнічаць аўтаномна. Сам, без якой-небудзь дапамогі, робат можа мець зносіны з суразмоўцамі на трох мовах: англійскай, нямецкай і кітайскай. Таксама можна ўключыць функцыю ўніверсальнага перакладчыка: сістэма лёгка арыентуецца і распазнае 30 замежных моў.

    Калі трэба, робат сам па-разумнаму адкажа апаненту. Працуе гэта так: машына выдзяляе з пытання ключавыя словы, адпраўляе іх у Гугл, а затым выдае адказ. Напрыклад, уводзіць у пошукавік: «Зямля, Сонца, адлегласць» і агучвае: «150 мільёнаў кіламетраў».

    Але распрацоўшчыкі на гэтых функцыях не спыняюцца — планаў шмат. У першую чаргу, палепшыць дызайн корпуса. Устанавіць універсальную сістэму захопу — гэта будзе поўны аналаг чалавечых рук. У бліжэйшы час робата аснасцяць галаграфічным 3D-праектарам, больш ціхімі і магутнымі рухавікамі. Таксама ў YouTube з’явіцца канал для трансляцыі таго, што машына бачыць і чуе на цікавых мерапрыемствах.

    Гэты праект высока ацанілі на міжнародным спаборніцтве робатаў у Пекіне. Хутка распрацоўшчыкі прапануюць яшчэ адзін цікавы гаджэт, які дапаможа сацыялізавацца дзецям з аўтызмам. Спецыяльны шлем віртуальнай рэальнасці будзе працаваць разам з нейрагарнітурай — прыладай, якая счытвае сігналы галаўнога мозга і перадае іх камп’ютару.

    Па статыстыцы міжнароднай арганізацыі Autism Speaks, у аднаго з 88 чалавек на планеце — аўтызм. Сёння ў электроннай базе РНПЦ атарыналарынгалогіі каля 300 дзяцей з аўтызмам, але ў рэальнасці ў краіне іх амаль 900. У дзяцей дажджу, так іх называюць, добры інтэлектуальны патэнцыял. Яны не ўмеюць падтрымліваць зносіны, але вельмі гэтага жадаюць. А на справе не глядзяць у вочы, не адказваюць на пытанні — проста хаваюцца ў сваім свеце.

    Як будзе працаваць своеасаблівы нейрашлем, расказаў куратар праекта Сяргей Кулакоў:

    — Псіхолаг загадзя падбірае дзіцяці казачных персанажаў, якія могуць быць яму сімпатычныя. Надзяваецца шлем, уключаецца «карцінка». Перад малым з’яўляецца герой у 3D-аб’ёме: лісічка, зайчык, хмарка або сонейка — усё што заўгодна. Знешняй рэакцыі на суразмоўцу ў малога можа не быць, але нейрагарнітура заўважыць усе імпульсы мозга.

    Па сутнасці, кіраванне камп’ютарам адбываецца сілай думкі. Калі персанаж дзіцяці не падабаецца — падбіраецца іншы. Калі герой сімпатычны — зносіны працягваюцца. Вядома, пад кантролем спецыялістаў, якія ўважліва сочаць за рытмамі мозга. Важна, што дзіця не бачыць самога псіхолага, а кантактуе з казачным персанажам, які яму даспадобы. Нейрашлем дапаможа трохі адаптаваць дзяцей у грамадстве, каб яны маглі мець зносіны з аднагодкамі.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)