25 Апреля, 2019 Четверг

Какие разработки предложит спасателям новый белорусско-китайский инновационный центр гражданской обороны

  • 19 марта 2019 Общество 0

    У Мінску адкрыўся бе­ларуска-кітайскі даследчы цэнтр грама­дзян­скай абароны. Іна­­ва­­цый­ны праект — адукацыйная і эксперыментальная пляцоўка, якая адказвае за бяспеку будучага. Новыя сучасныя праграмныя прадукты цэнтра сур’ёзна аптымі­зуюць працэсы маніторынгу, папярэджвання надзвычайных сітуа­цый і рэагавання на іх. «Рэспубліка» даведалася аб ноу-хау, якія тут распрацуюць.


     Каб гарантаваць бяспеку людзей і ўразлівых кропак інфраструктуры, іх трэба кантраляваць 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень.


    Сучасны горад — складаная шматузроўневая структура. Транспартная, тэле­камунікацыйная, электра- і водазабеспячэння, а таксама многія іншыя сістэмы функцыянуюць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Каб гарантаваць  бяспеку людзей і ўразлівых кропак інфраструктуры, іх трэба кантраляваць пастаянна.

    Беларуска-кітайскі даследчы цэнтр размясціўся на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Невялікую экскурсію напярэдадні адкрыцця спецыяльна для «Рэспублікі» правёў начальнік кафедры аўтаматычных сістэм бяспекі Валерый Пармон:

    — Дзякуючы апошнім інава­цыйным распрацоўкам мы можам разлічваць не толькі на экстраннае рэагаванне на надзвычайную сітуацыю, але і на яе прадухіленне. Гэта вельмі важна.

    Гляджу вакол: цэнтр абсталяваны па апошнім слове тэхнікі — некалькі вялікіх праекцыйных экранаў, сучасныя камп’ютары, серверы. Адначасова тут могуць займацца справай каля 30 чалавек. Спецыялісты будуць распрацоўваць сістэмы і праграмныя прадукты, якія палегчаць і паскораць работу аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных службаў.

    — Мы вывучым перадавы вопыт кітайскіх калег і адаптуем шматлікія іх распрацоўкі пад спецыфіку нашай краіны, — Валерый Пармон запускае адну з такіх праграм. 

    На экране з’яўляецца карта Мінска, дзе мігае чырвоная кропка — гэта сігнал аб пажары. Дзеля эксперымента ўявім, што гарыць адзін з цэхаў прамысловага прадпрыемства. Правяраем праграму.

    За лічаныя секунды сучасная інтэрактыўная сістэма дае поўную інфармацыю аб раёне, дзе адбылося здарэнне. Напрыклад, ужо па дарозе да месца ўзгарання вы­ратавальнікі могуць вывучыць схемы памяшканняў, дзе палае агонь. Ацаніць дарожную абстаноўку, загадзя даведацца аб усіх бліжэйшых небяспечных аб’ектах. На экране планшэта адлюструюцца дакладныя каардынаты крыніц водазабеспячэння. Тут жа ўсплыве інфармацыя пра бліжэйшыя пад­раздзяленні МНС, пасты міліцыі і хуткай дапамогі. Праграма зэка­номіць каштоўны час.

    Аксана Любімава, выкладчык кафедры аўтаматычных сістэм бяспекі, паказвае фішкі яшчэ адной інавацыйнай праграмы — сістэмы ранняга апавяшчэння:

    — Дапусцім, назіраецца моцны вецер, які змятае ўсё на сваім шляху. Калі сёння людзі атрымліваюць СМС-апавяшчэнне на тэлефон з канстатацыяй гэтага факта, то ў будучыні інфармаванне аб надзвычайных сітуацыях бу­дзе ўсебаковым. Паведамленні імгненна патрапяць на тэлебачанне, радыё, з’явяцца ў розных сацыяльных сетках. З паэтапнай інструкцыяй, у якой будзе падрабязна апісана, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі.

    Аксана Любімава праводзіць у іншую частку даследчага цэнтра. Саджуся за манітор і ўяўляю сябе ў ролі дыспетчара будучыні. Паведамленні пра любыя надзвычайныя здарэнні яму можна будзе адпраўляць праз Skype, WhatsApp, Viber і іншыя месенджары. На экране ў спецыяліста высвецяцца імя інфарматара, яго пол і нумар тэлефона.

    — Дыспетчар прымае паведамленне, рэгіструе яго, аналізуе і тут жа рэагуе — дасылае сігна­лы патрэбным службам. Далей адсочвае, як прымаюцца меры, — Аксана Любімава запэўнівае, што многіх ілжывых выклікаў можна будзе пазбегнуць: псеўдаінфарматараў занясуць у асобны спіс, іх паве­дамленні будуць старанна пераправяраць.

    У цэнтры таксама створаць карысны прадукт для ўласнікаў ці кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Сэнс такі: праграма ў рэжыме рэальнага часу будзе кантраляваць сістэмы пажаратушэння, паведамляць аб няспраўнасці, ацэньваць рызыку ўзнікнення пажару. Аксана Любімава тлумачыць, як гэта працуе:

    — На маніторы адлюстроўваецца план будынка. Там будзе відаць, якія сістэмы выйшлі са строю, якія патрабуюць тэхнічнага абслугоўвання, тэрміновага рамонту і многае іншае. Так можна ўвесь час аддалена сачыць за бяспекай у будынку.

    Праходзім да манітора: на экра­не бачныя ўсе неабходныя паказчыкі надвор’я, якія дапамагаюць прагназаваць, прадбачаць і кантраляваць небяспечныя працэсы і з’явы прыроды. Праграма зможа папярэджваць і складаць падрабязны план дзеянняў для ліквідацыі бедстваў і эвакуацыі людзей. Але гэта яшчэ не ўсё: сістэма таксама стане карыснай і для прадухілення тэхнагенных катастроф.

    Пералічваць тое, да чаго мы няўмольна прыйдзем у будучыні, можна шмат часу. Беларуска-Кітайскі даследчы цэнтр грамадзянскай абароны закліканы стварыць гарманічнае, высокаэфектыўнае і бяспечнае асяроддзе. Увасаб­ляць у жыццё ўсе інавацыйныя задумкі можна будзе дзякуючы высокакваліфікаванаму экспертнаму і навуковаму патэнцыялу Інстытута даследаванняў грамадскай бяспекі ўніверсітэта Цінхуа, кампаніі GSafety і Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Новая практыка-арыентаваная адукацыйная пляцоўка таксама стане інструментам па абмене перадавым вопытам і тэхналогіямі ў сферы сучасных сістэм бяспекі. Інавацыйны цэнтр ужо сёння расчыніць свае дзверы. 

    ДАРЭЧЫ

    «Нацыянальнай стратэгіяй па зніжэнні рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у Беларусі на 2019–2030 гады» прадугле­джана распрацоўка новай мадэлі кіравання бяспекай гарадскога асяроддзя. Сістэма «Бяспечны горад» уключае перадавыя дасягненні навукі і тэхнікі. Стварэнне беларуска-кітайскага даследчага цэнтра — адзін з важных пунктаў на шляху да запаветнай мэты.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)