28 Марта, 2024 Четверг

Па сілах стаць асілкам

  • 28 марта 2019 Общество 0

     Іван СКІБА: «Нагрузка будзе максімальна набліжана да рэальных спаборніцкіх умоў».

    ФОТА АЛЯКСАНДРА КУШНЕРА

    У Акадэміі навук вынайшлі ўнікальны шматфункцыянальны трэнажор, аналагаў якому ў нас пакуль няма. Яго разумная фізнаг­рузка не шкодзіць арганізму: падыходзіць як для школь­нікаў, так і для пенсіянераў. Заняткі на ім павышаюць агульную вынослівасць, развіваюць і ўмацоўваюць мышцы, звязкі і сухажыллі — трэнажор можа зрабіць сапраўдную рэвалюцыю ў сілавой трэніроўцы. Пады­ходзіць для спартсменаў, аматараў ЗСЖ, рэабілітацыі пасля траўмаў, для лячэбнай фізкультуры. «Р» даведалася, як працуе гэтая прылада.

    Трэнажор распрацавалі невыпадкова — неабходнасць у ім спела ўжо даўно. Асабліва ў прафесійных спартсменаў, якім трэба ўмацоўваць мышцы пояса верхніх канечнасцей, спіны і прэса, паляпшаць ударныя здольнасці. Для спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі новая прылада выдатна падыходзіць, таму што сумяшчае ўсе сілавыя трэнажоры ў адным.

    — Нагрузка, якую адчуе спартсмен, будзе максі­мальна набліжана да рэальных спаборніцкіх умоў. Яна стабільная, не залежыць ад амплітуды рабочага дзеяння, — тлумачыць аспірант Інстытута філасофіі НАН Іван Скіба.

    Распрацоўшчык праекта перакананы: трэнажор пераўзыходзіць усе існуючыя прылады. Бо ўдасканальвае не толькі фізічную гатоўнасць чалавека, але і псіхалагічную — дапамагае пераломваць пікавыя моманты нагрузак, пераадольваць складаныя і энергазатратныя сітуацыі. Напрыклад, сілы сапернікаў прыблізна роўныя і аднаму з іх трэба тэрмінова паднатужыцца, каб стаць пераможцам. Дарэчы, трэнажор апрабаваны на спартсменах тайскага бокса. На працягу месяца на ім займаліся тры разы на тыдзень — па 20 хвілін. Вынікі вельмі парадавалі: сур’ёзна знізіліся выпадкі траўматызму на трэніроўках і спаборніцтвах, павысіліся спартыўныя вынікі байцоў. Іван Скіба дадае:

    — Гэты механізм спатрэбіцца для трэніровак не толькі спартсменаў, але і аматараў. Яго можна ўстанаўліваць у школах, універсітэтах, трэнажорных залах. Асабліва трэнажор спатрэбіцца для кабінетаў лячэбнай фізкультуры ў медыцынскіх цэнтрах і бальніцах — ён адпавядае ўсім неабходным патрабаванням нагрузкі ў рамках ЛФК.

    Для заняткаў на трэнажоры няма ўзроставых абмежаванняў. Вырашаць праблемы са здароўем змогуць і пажылыя людзі, якія даўно траўміравалі, да прыкладу, плечавыя суставы або перанеслі аперацыю на іх. Трэнажор бяспечны і для пазваночніка. На ім таксама можна трэніраваць мышцы спіны без небяспечнай кампрэсійнай нагрузкі. Практыкавацца зараз змогуць і тыя, каму раней гэта было забаронена па медыцынскіх паказчыках.

    Распрацоўшчыкі акцэнтуюць увагу на яшчэ адной асаблівасці сучаснага шматфункцыянальнага трэнажора — у ім спалучаюцца дынамічная і ізаметрычная нагрузкі. Калі першае паняцце зразумела ўсім, то другое тлумачыць Іван Скіба:

    — Ізаметрычная трэніроўка — забыты метад, які ў пачатку мінулага стагоддзя і аж да 1960-х гадоў выкарыстоўвалі спартсмены па ўсім свеце. Сёння ён мала дзе прымяняецца, а дарэмна. Гэта каласальная эканомія часу — для ўключэння ў працу мышц досыць усяго пару хвілін. Дарэчы, сухажыльная трэніроўка больш істотна павялічвае фізічную сілу, чым звычайная.

    Цікава, што ізаметрычная нагрузка накіравана на статычную вынослівасць. Гэта адзін з найбольш недаацэненых метадаў трэніроўкі, які можа сур’ёзна павысіць агульны стан арганізма. З трэнажорам таксама зручна развіваць і ўмацоўваць менавіта тыя мышцы, якія ў гэтым маюць асаблівую патрэбу ў дадзены момант. Трэніраваць сардэчна-сасудзістую, дыхальную сістэмы. Таксама ёсць методыка, пры якой трэнажор дае нагрузку на ўсё цела.

    — Пададзена заяўка на патэнт. Вельмі спадзяёмся, што ў найбліжэйшай будучыні трэнажор з’явіцца ва ўсіх, каму ён патэнцыяльна спатрэбіцца. Цана не будзе кусацца: кошт розных яго версій вагаецца ад 120 да 160 долараў, — распрацоўшчык наглядна паказвае, як трэба працаваць на трэнажоры. Пару хвілін — і гатова: мышцы і суставы папрацавалі на славу. Іван Скіба дэманструе і другую распрацоўку — за гэтым трэнажорам трэніравацца павінны ўжо два чалавекі. Прынцып такі: адзін займаецца, другі дапамагае і наадварот. Выкарыстоўваюцца субмаксімальныя нагрузкі, якім надаецца ключавая роля ў падрыхтоўцы спартсмена.

    Між іншым, працуючы над сваім прадуктам, вынаходнік прымяніў і свае практычныя ўменні. Аспірант Інстытута філасофіі НАН Іван Скіба па першай адукацыі — псіхолаг. Таксама майстар спорту па тайскім боксе: аб якасных і высокаэфектыўных фізнагрузках ён ведае ўсё і нават больш. Менавіта з магістарскай дысертацыі аб метадах псіхафізічнай трэніроўкі ўсё і пачалося.

    Распрацоўшчык інава­цыйнага шматфункцыянальнага трэнажора спадзяецца, што ўсе плюсы новага прадукту неўзабаве высока ацэняць спажыўцы — ён дапаможа дасягнуць высокіх вынікаў у спартыўнай дзейнасці, паспрыяе паспяховаму зыходу ў сферы лячэбнай і аздараўленчай фізкультуры, а таксама дапаможа ўдаска­наліць псіхафізічны стан чалавека.
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)