21 Ноября, 2019 Четверг

Вяртанне з дна

  • 02 августа 2019 Общество 0

    У нашай краiне 88,5 тыс. чалавек залежныя ад наркотыкаў. Гэтая лічба параўнальная з насельніцтвам, напрыклад, Полацка. МУС, Мінаховы здароўя і Мінпрацы і сацабароны вырашылі запусціць эксперыментальны праект: у верасні ў Мінску плануюць адкрыць першы цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных. Акрамя медыцынскай дапамогі, пацыентаў падтрымаюць у пошуку працы, аднаўленні дакументаў, а таксама будуць назіраць за іх станам на працягу года пасля выпіскі са стацыянара. Падрабязнасці высвятляла карэспандэнт «Р». 


    Цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных зойме некалькі палат РНПЦ псіхічнага здароўя.
    ФОТА АЛЯКСЕЯ ВЯЗМІЦІНАВА

    Выйсці з ценю

    Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеяннi гандлю людзьмі МУС — каардынатар эксперымента. Працяглай рэабілітацыі для нарказалежных у дзяржаўных медустановах пакуль няма. Існуюць стандартныя 28-дзённыя праграмы, але яны не заўсёды эфектыўныя, дзеліцца назіраннямі Кацярына Шэлегава, намеснік начальніка першага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС:

    — У праграмах рэабілі­тацыі, што існу­юць, няма сацыяльнага кампанента. Гэта значыць, залежны 28 дзён знаходзіцца ў медустанове, а потым выходзіць у звыклы соцыум і не ведае, як яму будаваць жыццё далей. Так і вяртаецца ён да старых сяброў і згубных звычак. Важна ж разумець, што залежнасць ад наркотыку не толькі фізічная, але і моцная псіхалагічная... Акрамя таго, трэба браць пад увагу і тое, што ў нас усё яшчэ стыгматызавана грамадства. Напрыклад, у Германіі ці Партугаліі наркаман успрымаецца як чалавек хворы, медыкі і сацыяльныя службы ідуць яму насустрач, ствараюць умовы для таго, каб ён вярнуўся да цвярозага жыцця і стаў паўнавартасным членам грамадства, прыносіў карысць. У нас жа ад нарказалежных, бывае, адварочваюцца нават самыя блізкія людзi. Выступаючы з ініцыятывай стварыць гэты эксперыментальны цэнтр, мы абапіраліся на міжнародны вопыт. У еўрапейскіх краінах даўно функцыянуюць дзяржаўныя цэнтры працяглай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі. Калі атрымаецца рэалізаваць такую ідэю ў нас, гэта будзе вялікі прарыў.


    Але ёсць і такая праблема: наркаманы далёка не заўсёды гатовыя выйсці з ценю і звярнуцца па дапамогу медыкаў. З 88,5 тыс. нарказалежных у краіне толькі 12,5 тыс. знаходзяцца на медыцынскім уліку. Назіранне ў нарколага цягне шэраг сацыяльных абмежаванняў: залежны не зможа атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, яму зачынена дарога ў некаторыя прафесіі. На лячэнне ж у платным цэнтры не ў кожнага знойдуцца сродкі. У чым перавага новай эксперыментальнай праграмы? Па-першае, на працягу паўгода-года пасля выпіскі са стацыянара пацыенты будуць праходзіць сацыяльную рэабілітацыю. Спецыялісты органаў па працы і занятасці дапамогуць ім аднавіць дакументы, сацыяльныя сувязі, знайсці жыллё і працу. Па-другое, ведамствы разглядаюць пытанне аб тым, каб скараціць тэрмін знаходжання пад наглядам нарколага і ў цэлым перагледзець працэс, зрабіўшы яго больш рацыянальным і эфектыўным, калі залежны будзе лячыцца ў новым рэабілітацыйным цэнтры, тлумачыць Кацярына Шэлегава:

    — Несумненны плюс цэнтра таксама ў тым, што ўся праграма рэабілітацыі будзе бясплатнай. У дапамогу кваліфікаваным медыкам мы будзем прыцягваць грамадскія арганізацыі, якiя ўжо зарэкамендавалі сябе ў працы з нарказалежнымі, а таксама спецыялістаў недзяржаўных рэабілітацыйных цэнтраў.

    Ёсць і такая праблема: наркаманы далёка не заўсёды гатовыя выйсці з ценю і звярнуцца па дапамогу медыкаў. З 88,5 тыс. нарказалежных у краіне толькі 12,5 тыс. знаходзяцца на медыцынскім уліку. 
    MARKOJOVASEVIC.RS

    Галоўнае — матывацыя

    Цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных зойме некалькі палат РНПЦ псіхічнага здароўя. У стацыянары хвораму спачатку дапамогуць справіцца са станам адмены, прымяняючы лекавыя прэпараты, а пасля пацыент уключаецца ў саму праграму рэабілітацыі. Яна разлічана на 28-дзённае знахо­джанне ў медустанове, распавядае Аксана Калбасава, намеснік дырэктара па медыцынскай частцы (па наркалогіі) РНПЦ псіхічнага здароўя:

    — Кожны дзень пацыента будзе распісаны. Рэабілітацыя ўключае ў сябе групавую псіхатэрапеўтычную працу, сеансы індывідуальнай псіхатэрапіі і псiхакарэкцыi, фізіятэрапеўтычнае лячэнне. Да таго ж мы плануем аказваць медыка-псіхалагічную дапамогу сем’ям асоб нарказалежных. Як паказвае практыка, праца з асяроддзем хворага вельмі важная для выздараўлення. Сама тэрапеўтычная брыгада будзе складацца з каардынатара — загадчыка аддзялення, псіхіятра-нарколага, псіхатэрапеўта, медыцынскага псіхолага, спецыяліста па сацыяльнай рабоце, параспецыялістаў, валанцёраў, сацыяльных работнікаў.


    Праграма рэабілітацыі будзе для кожнага індывідуальная, зыходзячы з патрэб канкрэтнага пацыента. Пакуль што іх плануюць дзяліць на тры катэгорыі: старэйшыя за 25 гадоў, якія маюць прафесію, сваякоў, жыллё і не маюць крымінальнага мінулага, старэйшыя за 25 гадоў, якія маюць крымінальнае мінулае, не працуюць, не маюць блізкіх сваякоў і жылля, і юныя нарказалежныя да 25 гадоў, якія не маюць істотнага вопыту працы і самастойнага жыцця. 

    — Прайсці рэабілітацыю ў нас змогуць тыя, хто сапраўды матываваны на пазбаўленне ад залежнасці. Канчатковае рашэнне аб уключэнні пацыента ў рэабілітацыйную праграму будзе прымаць каардынатар праграмы. Пасля таго як хворы пакіне сцены медустановы, ён павінен будзе наведваць цэнтр два разы на тыдзень на працягу 6 месяцаў, а затым раз на тыдзень на працягу 12 месяцаў, — удакладняе Аксана Калбасава. 

    Таксама пасля заканчэння медыцынскай рэабілітацыі пацыент па жаданні можа працягнуць рэабілітацыю ў недзяржаўным рэабілітацыйным цэнтры.

    Планы і перспектывы

    Фішка новага эксперыментальнага цэнтра — сацыяльная рэабілітацыя. На апошнім тыдні знаходжання нарказалежнага ў РНПЦ псіхічнага здароўя з ім пачнуць працаваць спецыялісты органаў па працы, занятасці і сацабароне, дзеліцца планамі Алег Такун, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

    — Хутчэй за ўсё, пацыенту будуць дапамагаць два спецыялісты. Адзін — работнік службы занятасці, ён падтрымае ў справе працаўладкавання, дапаможа знайсці працу, а калі адукацыі і асаблівых навыкаў у былога нарказалежнага няма, то прапануе атрымаць прафесію, прайсці бясплатныя навучальныя курсы. Другі спецыяліст — сацыяльны работнік. Ён падкажа, як аднавіць дакументы, знайсці жыллё, паспрыяе наладжванню кантактаў з сям’ёй. Плануем назіраць за гэтым чалавекам як мінімум год, будзем кантактаваць з ім. Рэсацыялізацыя вельмі важная для поўнага выздараўлення. 


    Гэтай восенню эксперыментальны цэнтр рыхтуецца прыняць каля 8 пацыентаў, матываваных пазбавіцца ад нарказалежнасці. Калі вынікі пілотнага праекта будуць станоўчымі, то колькасць месцаў павялічыцца, а такія цэнтры з’явяцца ў іншых рэгіёнах краіны.

    matuzova@sb.by
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)