Публикации региональных СМИ
У чацвер, 5 студзеня, на базе Бярэзінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ўпершыню прайшло спаборніцтва па фрырану. Гэта выпрабаванне на лепшае выкананне акрабатычных элементаў пад музыку, дзе ўлічваюцца складанасць элемента, пластыка і дакладнасць рухаў. У нашай краіне паркур, з якога выйшаў фрыран, – адносна малады від спорту, але ён ужо сабраў шмат прыхільнікаў сярод бярэзінскай моладзі. Складаныя акрабатычныя трукі юнакі і падлеткі спрабуюць выканаць, дапамагаючы адзін аднаму. Трэніруюцца яны самастойна: зімой – на гурбах снегу, летам – на пляжным пяску, наладжваючы і прыстасоўваючы пляцоўкі.
Калі ў малалых людзей ёсць жаданне займацца новым відам спорту, яго неабходна падтрымліваць і развіваць.Так і з’явілася ідэя аб правядзенні спаборніцтва ў дырэктара Лешніцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Здароўе” Віктара Садоўнікава. Ён яшчэ ў школьныя часы спрабаваў займацца акрабатычнымі элементамі на турніку, там жа сустрэў і аднадумцу – Яўгенія Дземяшкевіча. Юнак вучыцца на 4-ым курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і 6 гадоў прафесіянальна займаецца паркурам. Яўгеній – адзін з арганізатараў беларускай каманды EPTeam (Evolution Parkour Team) – арганізацыі трэйсераў, якая збірае ўдзельнікаў з усёй краіны. У яе ўваходзяць атлеты з Мінска, Барысава, Беразіно, Оршы, Мазыра, Полацка і Наваполацка. Апрача ўсяго, Яўгеній другі год працуе ў якасці каскадзёра, здымаецца ў рэкламных роліках і фільмах. Толькі ў апошні час яго можна было пабачыць у рэкламе МТС і магазіна абутку. Выконваў юнак каскадзёрскія трукі ў фільмах “Снайпер 1,2” ,”Псевдоним “Албанец”, “Каманда 8”, быў заняты на здымках кліпа для расійскай групы “Nuteki”-The Clowns. Нягледзячы на свой напружаны графік, Яўгеній не адмовіў свайму сябру ў судзействе на спаборніцтве ў родным горадзе.
Згодна з умовамі мерапрыемства, у кожнага ўдзельніка было дзве спробы, пасля якіх адбіраліся 5 чалавек для фінальных спаборніцтваў. Канкурэнцыя сярод падлеткаў была даволі жорсткай, аднак не знікаў камандны дух: удзельнікі перажывалі адзін за аднаго, падтрымлівалі калі ў кагосьці не атрымаўся складаны элемент, прама на месцы давалі парады.
Па выніках спаборніцтва трэцяе і другое месцы занялі Аляксандр Каравы і Вадзім Няхай. Яны, старшакласнікі, займаюцца паркурам больш за тры гады і маюць вялікае жаданне ўдасканальваць сваё майстэрства ў гэтым відзе спорту. А бясспрэчным пераможцам стаў Міхаіл Жукоўскі. Свае першыя трэніроўкі юнак правёў з суддзямі і сакратаром спаборніцтваў і дасягнуў значных вынікаў.
– Я студэнт 2 курса Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, – гаворыць пераможца. – Займаюся паркурам 7 гадоў, дзеля гэтага кожныя выхадныя дні наведваю акрабатычную залу, з’яўляюся членам віцебскай каманды па паркуру і фрырану, меў гонар неаднаразова адкрываць сезон паркуру.
Спаборніцтва закончылася, яно выклікала жвавы інтарэс ва ўдзельнікаў і гледачоў, абудзіла цікавасць у балельшчыкаў да новага віду спорту. Вялікае дзякуй за гэта арганізатары мерапрыемства гавораць начальніку аддзела фізічнай культуры, спорту, турызму райвыканкама Яўгенію Булойчыку.
– Першае ў раёне спаборніцтва па фрырану не стала камяком, – дадае Віктар Садоўнікаў. – Удзельнікі атрымалі моцны стымул для далейшых заняткаў і перамог, магчыма, дапамогуць памножыць рады аматараў новага віду спорту ў спартыўных залах. Таму і чакаем юных атлетаў у спартыўных цэнтрах, каб дапамагчы кожнаму пазнаёміцца альбо ўшчыльную заняцца паркурам.
Даведка. Фрыран – спартыўная дысцыпліна, якая пераводзіцца з англійскай мовы, як свабодны бег, створаная Севасцьянам Фуканам. Ён вызначыў сваё адрознення фрырана ад паркура. Першы імкнецца да відовішчнасці, а другі – да практычнасці. Так, фрыран прымушае сваіх аматараў пераадольваць перашкоды прыгожа, а паркур уяўляе сабой сродак на шляху да пастаўленай мэты ў пераадольванні перашкод. Гэтыя віды спорту атрымалі ў апошні час вялікую папулярнасць сярод еўрапейскай моладзі і падлеткаў.