Главная|Карта сайта|Обратная связь
Поиск  
Портал СМИ Беларуси
Суббота, 19 мая, 2012
Главная>Публикации региональных СМИ
Публикации региональных СМИ

Аляксей ПЛАТКО
Вальс як сродак перавыхавання
Маладзечанская газета

У гімназіі-каледжы мастацтваў прайшоў калядны баль у стылі XIX стагоддзя. Упершыню разам з гімназістамі ў ім удзельнічалі падлеткі, якія стаяць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх.

Усё тут было па-сапраўднаму. Полымя свечак, шалясценне бальных сукенак, мальберты з карцінамі, ціхая музыка ператварылі школьную сталовую ў старадаўнюю залу. Салодкія сталы былі ўпрыгожаны рукамі дзяцей – вучняў мастацкіх класаў. Дапамаглі іх накрыць і спонсары – ТАА «Белхол», хлебазавод.

І вось арганізатар і гаспадыня балю, а ў звычайным жыцці настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Леанідаўна Гадлеўская звярнулася да запрошаных:

— Спадарыні і спадары — сёння хочацца назваць вас менавіта так! Дазвольце нагадаць вам некаторыя правілы свецкага этыкету. На бальную цырымонію не спазняюцца. Дамы сюды прыходзяць у вячэрніх уборах і, пажадана, у пальчатках, кавалеры – у касцюмах. Размовы вядуцца нягучна, кавалеры павінны рабіць дамам кампліменты. Забараняецца трымаць рукі ў кішэнях, жаваць. Апладысменты на балі не прыняты…

Апошняе правіла публіка ўсё ж час ад часу парушала. Бо як было справіцца з эмоцыямі, калі юнакі і дзяўчаты выконвалі паланэз – урачысты танец, якім заўсёды адкрываліся балі, кружыліся ў вальсе. Грацыёзныя дзяўчынкі, статныя хлопцы – большасць вучняў гімназіі наведваюць харэаграфічны клас. А вось моладзь з іншых школ горада навучылася танцаваць усяго за паўтара месяца.

— Мы вырашылі адысці ад традыцыйных метадаў выхавання падлеткаў, якія стаяць у нас на ўліку, — расказвае галоўны спецыяліст камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марыя Палікарпаўна Козік. – Жанна Леанідаўна Гадлеўская і яе вучні на працягу трох гадоў рэалізуюць праект «Спяшайцеся рабіць дабро!», дапамагаюць дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. У яго рамках мы і пачалі сумесную падрыхтоўку да балю.

Добрую ідэю падтрымалі дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў Вольга Юльянаўна Хазікава, яе намеснік па выхаваўчай рабоце Ніна Уладзіміраўна Пальчэўская. Вопыт у педагогаў і іх выхаванцаў ёсць. У мінулыя гады яны запрашалі на падобныя мерапрыемствы сувораўцаў, самі ездзілі ў сувораўскае вучылішча. І вось – новая смелая задума… Сацыяльны педагог гімназіі №3 Марына Анатольеўна Галашумава, якая мае харэаграфічную адукацыю, цярпліва вучыла падлеткаў танцаваць. Дапамагала і выкладчыца музыкі гімназіі-каледжа Алена Іванаўна Дамарацкая. Арганізатары расказваюць, што на першай рэпетыцыі падапечныя паводзілі сабе насцярожана, ціснуліся ў кут, нярэдка чулася «не буду!», «не хачу!»  Але танец сапраўды здольны тварыць цуд! Дзеці, якія да гэтага не ведалі адзін аднаго, разняволіліся, пасябравалі. Ім стала цікава! Яны ні разу не спазніліся на рэпетыцыі, і з кожным разам у іх атрымлівалася ўсё лепш. А як яны былі рады, калі гаспадыня вясельнага салона «Раксалана» Таццяна Сцяпанаўна Крыкунова за сімвалічныя сумы прапанавала дзяўчынкам бальныя сукенкі, падагнала іх кожнай па фігуры! Гэтыя ўборы застануцца ў іх назаўсёды. І вальс маладыя людзі не развучацца танцаваць!

— А яшчэ мы паабяцалі «цяжкім» падлеткам, што калі да канца навучальнага года будуць добра сябе паводзіць, здымем іх з уліку, — гаворыць Марыя Палікарпаўна. — Ведаеце, за гэты час усе мы сталі сябрамі. На рэпетыцыях шмат гутарылі пра Каляды, пра тое, чаму мы іх святкуем. Многія чулі пра ўсё гэта ўпершыню, прасілі: «Раскажыце што-небудзь яшчэ». І з такім даверам пыталіся: «Вы ж нас цяпер не пакінеце?»

Праграма балю не абмяжоўвалася танцамі. Працавалі літаратурныя, мастацкая гасцёўні. Хлопцы і дзяўчаты вялі дыскусіі на тэмы кахання, гулялі ў гульні «ручаёк» і «бурымэ», адказвалі на пытанні віктарыны, слухалі выступленні юных артыстаў з гімназіі-каледжа. Кожны момант свята па-свойму адкрываў нашу моладзь, высвечваў яе здольнасці, душэўныя якасці. «Гэта вялікія працаўнікі!» — з любоўю гаворыць пра сваіх юных памочнікаў Жанна Леанідаўна. Асабліва ўражальнай была тэатральная п’еса па матывах твора Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ёлцы», якую паставіў Валерый Юр’евіч Мурычын. Яна  кожнага прымусіла задумацца, якой страшнай бывае людская абыякавасць.

Дзівосны калядны баль – вяршыня творчай працы нераўнадушных людзей, яскравы прыклад, як далікатна, з любоўю і спагадай можна працягнуць руку дапамогі падлеткам, якія аднойчы аступіліся. Так хочацца верыць, што ў гэты вечар яны зразумелі, што такое сапраўдныя каштоўнасці, адчулі сябе сапраўднымі дамамі і кавалерамі – прыгожымі, высакароднымі, дастойнымі захаплення іншых і здольнымі толькі на добрыя ўчынкі…

ПАКУЛЬ РЫХТАВАЎСЯ МАТЭРЫЯЛ
Нам стала вядома, што 20 вучняў гімназіі-каледжа мастацтваў і 5 найбольш актыўных падлеткаў з іншых школ пабывалі на рэспубліканскім праваслаўным калядным балі, які ў чацвёрты раз  прайшоў у Мінскім Палацы дзяцей і моладзі. Гэта было незабыўнае відовішча: моладзь танцавала на працягу шасці гадзін, удзельнічала ў гульнях, знаёмілася. Прыгожая старадаўняя традыцыя вяртаецца, і ўсё больш пар кружыцца ў вечным вальсе…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
1
2
3
4
5

©БЕЛТА
Национальный телевизионный конкурс "Телевершина"
Международная специализированная выставка "СМИ в Беларуси"