Цеплае сонечнае надвор’е. Мяне сустракае прыгожая светлавалосая дзяўчынка, амаль што мадэль, з карымі вачыма. Запрашае ў госці. Мы размясціліся на кухні. Таццяна Дашкевіч, выпускніца Мышанскай школы, у гэтым годзе з залатым медалём скончыла Гомельскі філіял ДУА “Універсітэт грамадзянскай абароны МНС”.
З кубка гарбаты і пачалася наша размова пра тое, як дзяўчына трапіла на прэзідэнцкі баль у Мінску.
– За гады вучобы ніколі не думала пра гэта. Нават не ўяўляла. Усё ішло сваёй чаргой. Абараніла курсавыя праекты, здала дзяржаўны экзамен, рыхтавалася да выпускнога. Навіна пра тое, што я трапіла ў спіс шчасліўчыкаў, якія паедуць на прэзідэнцкі баль, стала для мяне нечаканай. Пачуцці былі змешаныя: з аднаго боку – гонар і радасць, з другога – хваляванне.
22 чэрвеня адбыўся мой выпуск у Гомелі, праз суткі – баль.
З Гомеля выбралі адну дзяўчыну, з Мінска – хлопца. Мы ўдваіх выдатнікі-медалісты. Дзіўна, што нават у сталіцы трапіла на выпускны.
З рук міністра атрымала медаль за высокія паказчыкі ў вучэбнай дзейнасці “165 гадоў пажарнай службы”. Далей адправіліся на ўскладанне кветак да стэлы “Мінск – Горад-герой”. І пасля – прэзідэнцкі баль.
Каля Палаца адбылася невялікая фотасесія. Знаёмства з новымі людзьмі. Затым першая сустрэча з Прэзідэнтам. Кранальная і хвалюючая. Уручэнне дыпломаў з рук Аляксандра Лукашэнкі...
Пасля афіцыйнай часткі – фуршэт, выступленне артыстаў беларускай эстрады, дыскатэка. Доўжылася феерыя да поўначы.
Паездка на прэзідэнцкі баль – гэта прыгожы вынік майго курсанцкага жыцця, своеасаблівая плата за чатыры гады руплівага навучання, за нялёгкую працу, якая, на шчасце, не засталася незаўважанай.
На гэтым выпускныя не скончыліся. Мой малады чалавек скончыў ваенную кафедру БелДУТ. Тут я ўжо зняла сваю форму, пераапранулася ў сукенку і паехала танчыць.
– У які момант ты вызначылася, што звяжаш жыццё з МНС?
– Першае знаёмства з універсітэтам грамадзянскай абароны было ў 7 класе, калі мой брат прымаў прысягу (ён скончыў той жа ўніверсітэт). Перад прысягай выпускнікі выконвалі песню. Чамусьці ў мяне пацяклі слёзы. Тады я адразу зразумела: гэта – маё.
Нешта падобнае было, калі я ўпершыню ўбачыла бацьку ў строі ў параднай форме. У душы нібы ёкнула. Зараз ён ваенны пенсіянер, працаваў пагранічнікам, мама – медсястра.
Трэба было шмат чаго прайсці, каб дасягнуць мэты. Медкамісію з псіхалагічным тэстам. Фізічную падрыхтоўку на тэрыторыі ўніверсітэта. Цэнтралізаванае тэсціраванне.
Калі ўсе этапы скончыліся і я паступіла, радасці не было мяжы. Спачатку цяжка было вучыцца, асабліва складаным апынуўся “Курс маладога байца”. Што ён сабой уяўляў? Гэта набор выпрабаванняў на трываласць. А для дзяўчыны гэта, самі разумееце, нялёгка.
Вучоба была цяжкай і ў той жа час цікавай. Але ўсё гэта было патрэбна, каб затым на выпуску стаяць на цэнтральнай плошчы Гомеля і прымаць медаль і дыплом з рук міністра МНС Уладзіміра Вашчанкі.
Атрымала першае афіцэрскае званне лейтэнант. Працягну службу ў распараджэнні Гомельскага абласнога ўпраўлення.
– Раскажы падрабязней пра сваю спецыяльнасць.
– Выбрала “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Дзяўчат не накіроўваюць начальнікамі дзяжурнай змены, мы не тушым пажары, але іх папярэджваем. Можам займацца прапагандай або ісці ў інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду.
– Ты ствараеш уражанне мэтанакіраванага чалавека...
– Імкнуся, каб усё было на высокім узроўні. Вельмі дысцыплінаваў асаблівы распарадак дня ў час вучобы. А вось асабісты час заўсёды прысвячала спорту. Удзельнічала ва ўсіх спаборніцтвах: тэніс, валейбол, бадмінтон.
Ва ўніверсітэце мяне таксама ўзялі ў каманду па пажарна-выратавальным спорце, дзе на адным турніры я стала сярэбраным прызёрам. Спаборніцтвы ўключалі ў сябе пераадоленне стометровай паласы і штурмавой лесвіцы.
Можна сказаць, што я паступіла ў мужчынскі ВНУ. А гэта патрабуе жалезнага цярпення. Напрыклад, нам ноччу маглі арганізаваць марш-кідок. Свайго роду вучэнні. І ты ў поўнай экіпіроўцы ажыццяўляеш пэўныя заданні старшыны.
Я вызначылася ў жыцці і знайшла сябе. Вельмі ўдзячная бацькам і ўсім блізкім за падтрымку. 17 чалавек прыехалі да мяне ў Гомель, калі я прымала прысягу.
– У школе ты таксама была выдатніцай?
– Падобна на тое, што так. Сярэдні бал 9,4. Заўсёды ўдзельнічала ў разнастайных мерапрыемствах, у тым ліку спартыўных: валейбол, лёгкая атлетыка.
– Як правядзеш лета?
– Паеду адпачываць на мора ў Адэсу. З маладым чалавекам.

Комментарии (0)