18 Апреля, 2024 Четверг

Пачалося датэрміновае галасаванне — што павінны ведаць выбаршчыкі

  • 07 октября 2015 Выборы-2015 Беларуская 0

    Учора ў Рэспубліцы Беларусь, і на тэрыторыі нашага раёна ў тым ліку, пачалося датэрміновае галасаванне за кандыдатаў на пост Прэзідэнта краіны, якое будзе доўжыцца па 10 кастрычніка. Хто можа прагаласаваць датэрмінова? Як гэта правільна зрабіць? Якія неабходна мець з сабой дакументы, каб ажыццявіць дадзеную працэдуру? — на гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць старшыню Бабруйскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.М. Казлова.   

    Валерый Міхайлавіч,  хто можа прагаласаваць датэрмінова? 

    — Датэрмінова могуць прагаласаваць выбаршчыкі, якія па тых ці іншых прычынах не маюць магчымасці прыйсці і прагаласаваць у дзень выбараў. Прычым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці на ўчастак для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца.

    Што трэба ведаць выбаршчыку, які прыйшоў на ўчастак датэрмінова? 

    — Што датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца ў прысутнасці не менш як двух членаў участковай камісіі. Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык павінен уласнаручна распісацца ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і пазначыць дату датэрміновага галасавання.

    Якім чынам забяспечваецца тайна галасавання?   

    — У гэтых мэтах у першы дзень датэрміновага галасавання скрыні для галасавання пламбіруюцца або апячатваюцца. Штодня ў перыяд датэрміновага галасавання пасля заканчэння часу яго правядзення старшыня або намеснік старшыні ўчастковай камісіі заклейвае проразь для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання лістом паперы. Адна з вышэйзгаданых асоб і член участковай камісіі ставяць подпісы на гэтым лісце. Тое ж самае ажыццяўляецца і перад тым, як пайсці на дзенны перапынак. Раскрыццё проразі ў скрыні ажыццяўляецца зноў жа штодня перад пачаткам галасавання і пасля перапынку. Кожны дзень у перыяд датэрміновага галасавання складваецца пратакол, у якім пазначаецца колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай камісіяй, колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні для галасавання (у апошні дзень датэрміновага галасавання — агульная колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні для галасавання), колькасць сапсаваных бюлетэняў і колькасць нявыкарыстаных. Пратакол падпісваецца старшынёй або намеснікам старшыні і членам камісіі. Яго копія вывешваецца ў памяшканні камісіі для ўсеагульнага азнаямлення.

    У чыіх абавязках захоўваць скрыню для галасавання і бюлетэні?

    — Персанальна за гэта адказвае старшыня ўчастковай камісіі. Акрамя гэтага ахову ўчастка для галасавання кругласутачна — з моманту атрымання бюлетэняў і да завяршэння галасавання непасрэдна ў дзень выбараў, нясуць работнікі міліцыі. 

    Як змогуць прагаласаваць грамадзяне, якія па стане здароўя не здольныя прыйсці на ўчастак для галасавання? 

    — Для гэтага ва ўчастковай камісіі маюцца пераносныя скрыні для галасавання. Па просьбе выбаршчыкаў, выказанай у пісьмовай або вуснай форме, камісія даручае не менш як двум яе членам арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання гэтых асоб у дзень выбараў. Для гэтага просьбы выбаршчыкаў заносяцца ў спецыяльна створаны спіс. Афіцыйна ўказваць прычыну немагчымасці прыйсці на ўчастак для галасавання не патрабуецца. Звярнуцца з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы iх знаходжання выбаршчыкі могуць у любы час пасля стварэння ўчастковай камісіі, а ў дзень галасавання не пазней як за дзве гадзіны да яго заканчэння. 

    Якія дакументы павінен мець пры сабе выбаршчык, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання?

    — Выбаршчык павінен прад’явіць пашпарт або даведку органаў унутраных спраў аб яго страце, для ваеннаслужачых тэрміновай службы — ваенны білет. Калі ў выбаршчыка няма пашпарта, але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь можа быць выдадзены на падставе службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або вадзіцельскіх правоў.

    Як праводзіцца працэдура галасавання на ўчастку?

    — На аснове спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, пасля прад’яўлення неабходных дакументаў выбаршчыку выдаецца бюлетэнь для галасавання. Пры яго атрыманні  выбаршчык распісваецца ў адпаведнай графе спіса. Падчас галасавання выбаршчык ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка «Супраць усіх кандыдатаў». Пасля гэтага бюлетэнь апускаецца выбаршчыкам у скрыню для галасавання.

    Што рабіць выбаршчыку, калі ён выпадкова сапсаваў бюлетэнь? 

    — У выпадку, калі такое здарылася, выбаршчык мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі, які выдаў бюлетэнь, з просьбай выдаць новы ўзамен сапсаванага. Сапсаваны бюлетэнь пагашаецца, аб чым складаецца акт, які падпіcваецца старшынёй ці намеснікам старшыні або сакратаром і двумя членамі ўчастковай камісіі.Звяртаю ўвагу на адметнасць сёлетніх выбараў. Упершыню створаны ўмовы для самастойнага галасавання выбаршчыкаў, у якіх парушаны зрок. Калі раней гэтыя грамадзяне мелі магчымасць прагаласаваць толькі з дапамогай іншых людзей (не членаў участковых камісій), то цяпер — без іх дапамогі, з выкарыстаннем спецыяльнага трафарэта, аднак гэта не выключае яго права знаходзіцца ў кабіне для галасавання з суправаджальнікам або скарыстацца пры запаўненні бюлетэня дапамогай іншага выбаршчыка.

    Як падлічваюцца галасы пасля завяршэння выбараў?

    — Адносна гэтага хачу заўважыць, што цяпер у законе з’явілася норма, якая ўстанаўлівае, што  выбарчыя бюлетэні па ўсіх скрынях для галасавання павінны падлічвацца асобна: спачатку распячатваецца скрыня для датэрміновага галасавання і падлічваюцца ўсе бюлетэні ў ёй. Затым — скрыні для галасавання, якія выкарыстоўваліся пры наведванні выбаршчыкаў дома. Апошняй распячатваецца скрыня, якая выкарыстоўвалася непасрэдна ў дзень выбараў. Такая працэдура падліку галасоў дае магчымасць улічваць і рабіць галоснай тую колькасць выбаршчыкаў, якія прымалі ўдзел у датэрміновым галасаванні.Пасля завяршэння падліку галасоў на пасяджэнні ўчастковай камісіі падводзяцца вынікі галасавання па кожным участку і ўсе гэтыя дадзеныя афармляюцца спецыяльным пратаколам у трох экземплярах, які падпісваюць старшыня, яго намеснік, сакратар і ўсе члены участковай камісіі. Дадзены пратакол (яго копія) вывешваецца на ўчастку для галасавання, дзе з ім могуць азнаёміцца наглядальнікі, журналісты. Адзін экземпляр пратакола застаецца ва ўчастковай камісіі, другі здаецца ў раённую, трэці адпраўляецца для інфармацыі ў райвыканкам. На аснове пратаколаў участковых камісій раённая складае пратакол аб выніках галасавання ў цэлым па раёне. Зацвярджае яго на пасяджэнні камісіі і накіроўвае ў абласную.  

    Ці маюцца ў раёне наглядальнікі?

    — Маюцца. Цяперашняя выбарчая кампанія знаходзіцца пад пільным назіраннем наглядальнікаў як унутраных, так і міжнародных. Па стане на 5 кастрычніка ў раённай і ўчастковых камісіях акрэдытавана 95 наглядальнікаў. Раённую камісію падчас падрыхтоўкі да выбараў тройчы наведалі доўгатэрміновыя наглядальнікі БДІПЧ АБСЕ і адзін раз СНД. Яны надзвычай глыбока цікавяцца ўсім працэсам падрыхтоўкі правядзення выбараў. У бліжэйшы час у раён чакаецца прыбыццё групы кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ, якія наведаюць не толькі раённую выбарчую камісію, але і ўчастковыя. Напрыканцы размовы, карыстаючыся магчымасцю, хачу заклікаць усіх выбаршчыкаў нашага раёна — а іх, па стане на ўчарашні дзень уключана ў спіс 12 851 чалавек — прыйсці на свае ўчасткі і прыняць удзел у галасаванні. 

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы

Комментарии (0)