22 Мая, 2024 Среда

Калі чужая маёмасць — спакуса

  • 20 ноября 2015 Происшествия Беларуская 0

    Кожны тыдзень аператыўная зводка РАУС “стракаціць” выпадкамі крадзяжоў, як кажуць, на любы густ. Нядобрасумленныя асобы, не жадаючы асабліва напружвацца, спрабуюць нажыцца за кошт іншых. Канечне, лягчэй украсці і спадзявацца на тое, што застанешся незаўважаным, чым зарабіць на выгоды самому. І, як правіла, калі чалавек адчуў лёгкую нажыву, рызыкнуў здзейсніць крадзеж адзін раз, будзе спрабаваць і далей. Спакуса завалодаць чужой маёмасцю, часам, настолькі вялікая, што ёй бывае паддаюцца нават самыя, здавалася б, добрасумленныя грамадзяне. А беспакаранасць, як багна, зацягвае і вымушае ісці супраць правілаў зноў і зноў. Але рана ці позна ўсё тайнае становіцца яўным. І тут на бок пацярпелых ад злачынцаў становіцца закон і яго прадстаўнікі, якія караюць тых, хто “спатыкнуўся” з усёй строгасцю.

    Жаночыя “забавы” 

    Алена Занька, 1993 года нараджэння, жыхарка вёскі Люсіна, замужняя жанчына, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці,  трапіла ў непрыемную гісторыю, звязаную з крадзяжом.

    10 чэрвеня а 10 гадзіне вечара Занька гасцявала ў знаёмых у Ганцавічах. Як мае быць, выпілі, пасядзелі. Занька выйшла з пакоя на балкон, а калі вярнулася, заўважыла, што гаспадары кватэры, па вуліцы Матросава, заснулі. Госця вырашыла адправіцца дамоў, але на выхадзе, у калідоры, заўважыла жаночую сумачку, у якой ляжаў мабільны тэлефон, зараднае прыстасаванне, 2 флаконы духоў і грошы ў суме 680 тысяч рублёў. Не вытрымала. Забрала з сабою. Выклікала таксі і паехала дамоў у Люсіна.

    Праз некалькі дзён пацярпелая, гаспадыня кватэры, у якой гасцявала Занька, пазваніла апошняй і па-добраму запатрабавала вярнуць украдзеныя рэчы. Але, па словах Занькі, грошы ўжо “разышліся”, а сумку з маёмасцю яна пакуль аддаць не можа, бо знаходзіцца ў бальніцы з дзіцем.

    Тут у справу прыйшлося ўмяшацца супрацоўнікам міліцыі, якія канфіскавалі ўкрадзеныя рэчы, а самой Алене Занька прыйшлося пакрыць матэрыярыяльную шкоду пацярпелай. Жанчына патлумачыла міліцыянерам, што крадзеж здзейсніла з-за цяжкага матэрыяльнага становішча і віну поўнасцю прызнала. Але закон ёсць закон. Пакараннем за правапарушэнне стаў немалы штраф у памеры 40 базавых велічынь — 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Вывад можна зрабіць адзін: наўрад ці ўкрадзенае каштавала такой сумы, страчаных нерваў, плямы на рэпутацыі жанчыны і “чорнай” славы на ўвесь раён. 

    Яшчэ адзін выпадак крадзяжу з удзелам жанчыны, Наталлі Радзюк, 1976 года нараджэння, маці непаўналетняга дзіцяці, жыхаркі вёскі Вялікія Круговічы, адбыўся 14 чэрвеня.

    Напярэдадні, Радзюк з сяброўкай культурна адпачывалі ў кафэ “Надзея” ў Вялікіх Круговічах. Там яны пазнаёміліся з двума хлопцамі з Ганцавіч, з якімі выпівалі. На наступны дзень раніцай кампанія сустрэлася зноў, п’янка працягвалася. Адзін з кавалераў узяў у доўг алкаголь у названым кафэ, у гэты час да кампаніі далучыліся яшчэ 2 сяброўкі Радзюк. Пасядзелі, пазнаёміліся, канечне, выпілі, пасля чаго было прынята рашэнне працягнуць вяселле на мясцовым вадаёме. “Спонсар” алкаголю, ганцаўчанін, тут жа пайшоў купацца з адной з жанчын, а Радзюк тым часам,  карыстаючыся момантам, што сяброўкі адвярнуліся, залезла ў кішэню адзення мужчыны і ўкрала адтуль грошы, пасля чаго схавала купюры сабе ў бялізну.

    Мужчына, калі заўважыў крадзеж, звярнуўся ў міліцыю. На судзе Радзюк прызналася ў здзяйсненні правапарушэння і нават раскаялася. Але для суда гэтага мала, а таму зладзейка атрымала пакаранне — штраф у памеры 30 базавых велічынь (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў).

    Злодзею кожная рэч трэба

    Вызначыўся таксама і жыхар Малькавіч, 1956 года нараджэння, Леанід Наумік, які раней ужо быў судзімы.

    6 красавіка а першай гадзіне ночы мужчына пранік у гаспадарчае збудаванне ў Малькавічах, адкуль украў тачку і некалькі пярэдніх і задніх колаў ад веласіпеда. Гэтага Науміку здалося мала і ён вырашыў залезці яшчэ і ў хату. Там злодзей знайшоў газавую пліту, веласіпед, электрычную вадзяную помпу, бензакасу, 2 стацыянарныя тэлефонныя апараты. Не пагрэбаваў Наумік і мастацкай літаратурай: 36 кніг таксама аказаліся патрэбнымі. Украдзены былі таксама і рызінавыя боты, асеннія жаночыя боты, электрычныя выключальнікі і нават гаспадарчы пэндзлік.

    Пасля падліку матэрыяльнай шкоды супрацоўнікамі міліцыі, аказалася, што ўкраў Наумік на суму ажно ў 8,5 мільёна рублёў.

    Але на гэтым “прыгоды” малькавіцкага злодзея не скончыліся. 1 чэрвеня ён вырашыў паўтарыць свой “подзвіг” і пранік у другое гаспадарчае збудаванне ў тых жа Малькавічах. Спатрэбіліся Науміку і 10 кілаграмаў цвікоў, і 3 сякеры, і электрарухавік. Усяго ж ён вынес маёмасці на суму 3,5 мільёна рублёў.

    Гаспадары, вярнуўшыся, адразу заўважылі, што замкі ў будынках спілаваны, а гаспадарчыя рэчы таямнічым чынам зніклі. Разгадваць дадзеную таямніцу прыйшлося супрацоўнікам РАУС, якія пасля праведзеных аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў “выйшлі” на Леаніда Науміка, у якога і знайшлі рэжучае палотнішча, якім ён спілоўваў замкі, і частку ўкрадзеных рэчаў.

    Пакараннем для Леаніда Науміка стала пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Ну і, безумоўна, згодна з прыгаворам суда, ён павінен пакрыць матэрыяльны ўрон пацярпелым і кампенсаваць нанесеную маральную шкоду.

    Автор: Ксенія ЛуцкоСавецкае Палессе
    Теги: 

Комментарии (0)