03 Мая, 2024 Пятница

Не хавайце кашалёк у маразільнік!

  • 10 ноября 2016 Происшествия Беларуская 0

    Неаднаразова ў сваіх выступленнях мы звярталі ўвагу, што пажылых людзей моцна непакояць розныя “залётныя гастралёры”, асобы цыганскай нацыянальнасці, якія любяць “наведваць” менавіта бабуль-дзядуль.

    Але, разам з тым, нярэдка фіксуюцца факты, калі старых людзей крыўдзяць суседзі.

    Так, у дом да 90-гадовай бабулі, што пражывае ў вёсцы каля Івацэвічаў, часта наведвалася яе 49-гадовая суседка Ж. – жанчына, якая пры гэтым  моцна сябравала з алкаголем. Цяжка сказаць, якія былі агульныя інтарэсы ў гэтай пары, але вось стала бабуля скардзіцца сваім дарослым дзецям, што па яе суседніх пакоях час ад часу як быццам хтосьці ходзіць. Тлумачыла, што гэта “духі” і трэба запрасіць у дом бацюшку або прымяніць іншыя сродкі, каб “духі” зышлі.

    Але ў адзін з дзён пенсіянерка заўважыла, што прапалі грошы – 60 рублёў і бутэлечка “карвалола” (на спірце). Выклікалі міліцыю. Як высветлілася, гэты крадзеж здзейсніла менавіта суседка Ж. Цікава, што ў агародзе міліцыя знайшла вельмі многа пустых бутэлечак з-пад спіртавога “карвалола”. Хутчэй за ўсё, Ж. цудоўна ведала, як трапіць у дом да бабулі, не сумнявалася, што састарэлая бабуля, якая ледзьве ходзіць, яе не пазнае, час ад часу яна “забірала” лекі на спірце, а дзеці думалі, што маці яны вельмі дапамагаюць і куплялі новыя. Сама ж бабуля лічыла, што гэта “духі ходзяць” па суседніх пакоях.

    Ж. асуджана на месяц арышту.

    Штосьці падобнае здарылася ў адной з вёсак, што месціцца каля Быцені. Пажылая жанчына, у дом якой зачасціла суседка, якая злоўжывае алкаголем, прыняла рашэнне хаваць кашалёк з грашыма… у маразільнік халадзільніка, спадзяючыся, што гэтага ніхто не заўважыць. Маўляў, нікому ў галаву не прыйдзе там яго шукаць. Але суседка аказалася “назіральнай” жанчынай і ў адзін дзень, калі нікога не было дома, цераз акно прабралася ў дом і адчыніла дзверцы маразільніка…

    Яшчэ адзін павучальны выпадак з жыцця Івацэвічаў. Сямейная пара вярталася дамоў, ужо падышлі да пад’езда шматпавярхоўкі, як ім насустрач выйшаў іх малады сусед, трымаючы ў руках веласіпед. Муж і жонка аж сумеліся: вельмі ўжо гэты веласіпед падобны на іх транспартны сродак, што стаіць у падвальным памяшканні. Мужчына хуценька спусціўся ў падвал, а веласіпеда… няма. Яны з жонкай пачалі разбірацца з суседам, той даваў нейкія блытаныя і супярэчлівыя тлумачэнні, аддаўшы ў рэшце рэшт гаспадарам іх транспартны сродак.

    Муж і жонка не сталі звяртацца ў праваахоўныя органы, але туды звярнулася… суседка, якая пачула гэтую гутарку і вырашыла пакараць злодзея. На наша пытанне, чым выклікана яе такая высокая самасвядомасць, жанчына паведаміла, што і ў яе ў свой час прапаў веласіпед з падвала (у міліцыю яна не звярталася), а ключы ад дзвярэй ад падвальнага памяшкання ёсць і ў гэтага маладога чалавека. Калі яго не спыніць, то крадзяжы працягнуцца.

    …Суседзі бываюць розныя. Хтосьці прыходзіць з жаданнем дапамагчы, а хтосьці з жаданнем украсці. Важна жыць з людзьмі ў згодзе, але і важна, каб умоўныя межы даверу не пераходзілі чужыя вам людзі.

    Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.

    Автор: Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.Івацэвіцкі веснік

Комментарии (0)