28 Марта, 2024 Четверг

Надоедливый сервис, или Как не стать жертвой потомков "великого комбинатора"

  • 24 июля 2017 Происшествия Беларуская 0

    Адзін з легендарных «сыноў лейтэнанта Шмідта»  Астап Бэндэр некалі выменяў крэсла, нібыта  набітае каштоўнасцямі,  на чайнае сітца, «моднае ў Еўропе і лепшых дамах Філадэльфіі». Ледзь не стагоддзе мы смяемся з ашуканстваў вялікага камбінатара, а тым часам яго нашчадкі дакладна вывучылі  400 адносна сумленных спосабаў выманіць грошы ў насельніцтва  і  дураць галаву ўжо нам.

    Прыклады? Калі ласка.

    Прапановы на «сподачку з блакітнай аблямоўкай»

    Напэўна, кожнаму жыхару раёна хоць раз на хатні тэлефон паступалі  падобныя званкі. На другім канцы провада  аказваўся ветлівы  і надзвычай настой-лівы прадстаўнік невядомай фірмы, які называў вас па імені і прапаноўваў наведаць «пазнавальную прэзентацыю».

    Што толькі не прадстаўлялі ўвазе даверлівых пружанцаў увішныя прадаўцы! І «цуда»-коўдры, і «супер»-наборы каструль, і  «чароўную» бытавую тэхніку... 

    А апошнім часам падобныя прадстаўнікі ўвогуле стараюцца трапіць у жыллё  патэнцыяльных пакупнікоў. Яшчэ не так даўно ў дзверы дамоў і кватэр стукаліся з «планавай праверкай» якасці вады, каб прадаць фільтры для яе ачысткі. І вось чарговае «ноу-хау»:  цяпер пружанцам і жыхарам раёна прапануюць  ацаніць надзейнасць пластыкавых вокнаў.

    «Шанхайскі барс» па цане норкі?

    Зваротаў грамадзян у абласныя органы рэгулявання гандлю, а таксама ў грамадскія аб’яднанні абароны правоў спажыўцоў з просьбай дапамагчы скасаваць  дагавор куплі-продажу на тавар, набыты падчас правядзення прэзентацый, і вярнуць яго прадаўцу становіцца ўсё больш.

    Не, карыстацца ўсімі гэтымі рэчамі, што так прывабліва рэкламуюцца даверлівай аўдыторыі, можна: у большасці выпадкаў на тавары, якія рэалізуюцца якой-небудзь чарговай фірмай «Рогі і капыты», ёсць нават дакументы, што пацвярджаюць іх бяспеку і якасць.

    У чым  жа тады праблема? Ды ў цане, якая  ў тры-чатыры разы перавышае кошт аналагічнага тавару ў магазінах.

    Не трэба лезці ў інтэрнэт, каб паслухаць  «гісторыі з лахатрона»: сёння, бадай, у кожнага знойдуцца суседзі, знаёмыя, сваякі, якія трапіліся на гэты кручок. Прычым усіх расказаў вы не пачуеце ніколі: ёсць адукаваныя, разважлівыя людзі, якім проста сорамна расказваць, што яны далі сябе «развесці» і купілі звычайную рэч за неймаверную цану. Таму некаторыя з іх так і застаюцца са сваімі пакупкамі.

    Вярнуць тавар пасля наступлення «прасвятлення» часцей спрабуюць пенсіянеры, якія лічаць кожную капейку. Але аказваецца, што зрабіць гэта не заўсёды магчыма. Дагаворы  распрацаваны  фірмамі так, што яны  не супярэчаць дзеючаму заканадаўству, а спецыялісты па продажах, якія валодаюць асновамі маркетынгу і псіхалогіі, умеюць прыгожа паказаць любы тавар і пераканаць у яго неабходнасці.

    Галоўнае — набыць гэты «цуда-тавар» прапануюць у растэрміноўку, для чаго дастаткова ўнесці мінімальны першапачатковы плацеж (напрыклад, 10 рублёў). Таму нават малазабяспечаны пенсіянер здольны гэта зрабіць.  Завабліваюць   і падарункамі, бясплатнымі абедамі і г.д. Часта гэта спрацоўвае: з нядаўняй прэзентацыі, якая праходзіла ў Палацы культуры, шчаслівымі ўладальнікамі коўдраў коштам 1400 рублёў дамоў пайшло тры чалавекі.

    «Ключ ад кватэры, дзе грошы ляжаць»

    Нядаўна ледзь не купілася на «спакуслівую» прапанову адна мая знаёмая. Мужчына, які пазваніў на дамафон, назваўся прадстаўніком фірмы, з якой іх кааператыўны дом заключыў дагавор на абслугоўванне вокнаў. Маўляў, цяпер яму патрэбна праверыць шклопакеты ў  кватэры.

    Маладая жанчына пусціла яго. Ёй нават цікава было, што скажуць пра праблему, якую вось ужо каторы час не магла вырашыць ні фірма, якая ўстанаўлівала акно, ні іншыя  спецыялісты. Пры прымітыўным аглядзе вокнаў работнік фірмы знайшоў шэраг «недахопаў»: недастатковую змазку ручак, рассыханне ўшчыльняльніка і яшчэ шмат чаго. Агучаны кошт паслугі па ўхіленні пералічанага складаў больш  за 230 рублёў.

    Магчыма, некаторыя з аконных праблем і мелі месца, але цана іх вырашэння падалася яўна завышанай. Калі гаспадыня паведаміла, што на дадзены момант не мае фінансавай магчымасці заплаціць такую суму, ёй прапанавалі падпісаць дагавор, згодна з умовамі якога можна аплаціць паслугі  ў растэрміноўку. На шчасце, знаёмай  хапіла  розуму адмовіць надакучліваму наведвальніку.

    Падобныя гісторыі пазней расказвалі і іншыя гараджане. Пад псіхалагічнае ўздзеянне «спецыялістаў па вокнах» усё-такі трапілі людзі. Магчыма, некаторыя проста не ведалі рэальных цэн на мясцовым рынку паслуг. Але некаторыя разгу-біліся, паверылі, што за праведзеныя работы прапануюць заплаціць 10 рублёў (як аказалася пасля, згодна з падпісаным дагаворам, гэта толькі першапачатковы ўзнос, а выніковая сума ў разы большая).

    Каб не застацца з «дзіркай ад абаранка»

    Перш, чым купляць ці заключаць дагавор, падумайце: ці патрэбна вам супер-каструля або патэльня з асаблівым антыпрыгарным пакрыццём за 400-500 рублёў, вусцілкі для абутку за 100 рублёў або пасцельная бялізна з антыалергенным эфектам, якая «перашкаджае інсультам, інфарктам і развіццю астэахандрозу»? Можа, лепш пайсці ў магазін і набыць аналагічны тавар па меншай у некалькі разоў цане? Толькі мы самі можам засцерагчы сябе ад сучасных «камбінатараў», у якіх адна мэта — прыбытак любой цаной.

    Патэлефануйце іншым членам сям‘і: што яны думаюць наконт неабходнасці менавіта так распарадзіцца грашыма. Калі ж усё-такі паддаліся на ўгаворы, зрабілі пакупку, а потым адумаліся і зразумелі, што гэтая рэч вам не патрэбна, што вы не  ў стане аплачваць крэдыт або растэрміноўку, што атрымалі няпоўную або недакладную інфармацыю,  скасаваць дагавор куплі-продажу і вярнуць тавар можна. Але і тут ёсць свае «падводныя камяні».

    Па-першае, калі  тавар, які рэалізуецца такім  чынам, з’яўляецца якасным, то вярнуць ці абмяняць яго, у адпаведнасці з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», спажывец мае права толькі на працягу 14 дзён.  Акрамя гэтага, павінны выконвацца ўмовы, што таварам не карысталіся, захаваны яго спажывецкія якасці і ёсць доказ набыцця яго ў пэўнага прадаўца.

    Па-другое, для таго,  каб  было складаней вярнуць набыты тавар, прэзентацыі і іншыя падобныя мерапрыемствы часцей за ўсё наладжваюцца менавіта ў аддаленых населеных пунктах — падалей ад свайго юрыдычнага адраса, склада. У дагаворы куплі-продажу пунктам вяртання пазначана не актавая зала, клуб ці іншае месца, дзе праходзіла прэзентацыя, а горад Брэст, Мінск, Гродна і г.д. Вярнуць жа  якасную рэч нават ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны можна толькі  асабіста або праз давераную асобу, а не праз паштовыя паслугі. У іншым выпадку аплату за тавар з вас усё  роўна спагоняць — праз суд.

    Варта памятаць і тое, што не ўсе якасныя тавары можна вярнуць прадаўцу. Не належаць вяртанню, напрыклад,  метражныя тавары, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, тэхнічна складаныя тавары бытавога прызначэння, мэблевыя гарнітуры, прадметы асабістай гігіены, посуд і шэраг сталовых і кухонных прылад з палімерных матэрыялаў...

    Скажыце сабе: «Камандаваць парадам буду я!»

    Што тычыцца  аказання паслуг па «рамонце» вокнаў, устаноўцы вадзяных фільтраў і г.д., то, паставіўшы свой подпіс у дагаворы, тым самым пакупнік згаджаецца з усімі яго ўмовамі і цэнамі.

    Калі фірма не зарэгістравана ў дзяржаўным рэестры бытавых паслуг, яе дзеянні можна кваліфікаваць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. У выпадку ж, калі фірма працуе афіцыйна, скасаваць дагавор на пакупку магчыма, а вось на аказанне паслугі — наўрад ці атрымаецца.

    Як быць, калі быццам бы ўсё законна? Проста не давайце сябе ашукаць, не бегайце па «прэзентацыях» у пошуках «падарункаў» і не пускайце чужых людзей у свае дамы і кватэры.

    Каментарыі і парады

    І быццам бы ўсё ў рамках закона...

    Аляксандр Гук,  начальнік Пружанскага РАУС:

    — У народзе падобных «прадаўцоў» і «спецыялістаў» называюць махлярамі. Хаця сёння ў  дзейнасці большасці з гэтых фірмаў знайсці састаў крымінальнага злачынства праблематычна.

    Як правіла, тыя, хто ажыццяўляе гандаль па ўзорах, у тым ліку, рэалізуе тавар падчас правя-дзення прэзентацый, дзейнічаюць у  рамках прававога поля, яны маюць адпаведную рэгістрацыю, неабходную дакументацыю.

    Што тычыцца «спецыялістаў па вокнах», то ў раённы аддзел унутраных спраў сёлета звярталіся людзі, якія паведамлялі пра спробы невядомых грамадзян — прадстаўнікоў арганізацыі, што нібыта праводзіць акцыю па прафілактычнай праверцы вокнаў, — увайсці ў іх жыллё. Праве-дзеная праверка паказала, што фірма — рэальная. Хаця відавочна, што працуе яна зноў жа па хітрай схеме: робіцца стаўка на даверлівых лю-дзей, патэнцыяльным кліентам прадстаўнікі фірмы іншы раз прадстаўляюцца афіцыйнымі асобамі,  партнёрамі камунальнай службы.

    Таму адказ на пытанне: «Як не трапіць на вуду надакучлівага прадаўца тавараў і паслуг?» — банальны. Не будзьце даверлівымі і думайце перш, чым штосьці купляць і падпісваць. Калі чалавек не ўмее распараджацца сваімі  грашыма, то міліцыя не абароніць яго ні ад якіх махляроў: спажывец сам адказвае за свае пакупкі.

    Як скасаваць заключаны дагавор?

    Алеся Мацаюк,  загадчыца юрыдычнай кансультацыі, тлумачыць:

    — Універсальнага адказу на гэтае пытанне няма. У кожным канкрэтным выпадку неабходна зыходзіць з умоў, прапісаных у дагаворы. Многія памылкова думаюць, што любы дагавор у любы момант можна змяніць, скасаваць. Але ж гэта магчыма толькі па ўзгадненні бакоў. Аднабаковая адмова ад выканання абавязацельстваў не дапускаецца. Калі бакі не дасягнулі пагаднення аб скасаванні дагавора, суд можа зрабіць гэта толькі пры істотным парушэнні ўмоў дакумента другім бокам, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам ці самім дагаворам. У прыватнасці, заканадаўствам прадугледжана магчымасць скасавання дагавору ў сувязі з істотным змяненнем абставінаў, з якіх бакі зыходзілі пры яго заключэнні.

    Хачу заўважыць, што і грамадзяне,  і юрыдычныя асобы свабодныя ў заключэнні дагавораў. Больш таго, умовы дакумента вызначаюцца па згодзе абодвух бакоў. Таму пры заключэнні дагавора рэкамендую ўважліва вывучаць умовы, звязаныя не толькі з прадметам дагавора і коштам тавару ці паслугі, на чым, у першую чаргу, людзі засяроджваюцца, але звярнуць увагу і на іншыя пункты.  Напрыклад, пра тэрміны і месца выканання дагавора, верагоднасць унясення змяненняў, а таксама магчымасці датэрміновага скасавання дагавора альбо адмовы ад яго выканання. Калі вы не згодны з прапанаванымі ў дагаворы ўмовамі, можна ўносіць у яго іншыя ці наогул адмовіцца ад падпісання.  

    Работа над памылкамі

    Як нялёгка вярнуць грошы за куплены тавар ці  паслугу, ведае ўпаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў па Пружанскім раёне Інэса Шука:

    —За апошні час па падобных пытаннях  звярнуліся тры чалавекі — жыхары горада і  г.п.Ружаны. Праблемы былі вырашаны на карысць грамадзян, дзякуючы своечасоваму паступленню зваротаў: купленымі рэчамі ніхто не карыстаўся, а прэтэнзія аб вяртанні тавару была складзена на працягу 14 дзён пасля яго пакупкі. Пры нашай дапамозе людзі змаглі аддаць тавар і вярнуць за яго свае грошы.

    Увогуле сёння і Міністэрства гандлю, і прадстаўнікі адвакатуры занепакоены дзейнасцю падобных прадстаўнікоў сеткавага маркетынгу. Апошнія  добра ведаюць псіхалогію, адразу вызначаюць сваіх кліентаў, як правіла, гэта лёгкаўнушальныя людзі, пенсіянеры. Як прызнаюцца пакупнікі, што звяртаюцца да нас, яны «быццам пад гіпнозам знаходзіліся», не заўсёды адэкватна ацэньвалі свае фінансавыя магчымасці і рэальную патрэбу ў той ці іншай рэчы. Каб дапамагчы чалавеку вярнуць свае грошы, патрэбна ювелірная адвакацкая работа.       

    А сёння фірмы сталі яшчэ больш хітрымі: апошнім часам на прэзентацыях часта прысутнічаюць прадстаўнікі камерцыйных  банкаў, з якімі і афармляецца дарагая пакупка — у крэдыт, заклад ці пазыку. Яшчэ ніводная судовая справа  па дагаворах, згодна з якімі фінансавыя абавязацельствы грамадзяне маюць перад  банкам, на карысць спажыўца не была вырашана.   

    Калі вы лічыце, што сталі ахвярай махляроў, і вам ёсць, што сказаць па згаданай тэме, тэлефануйце нам па нумары 9-12-36.

    Падрыхтавала  Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)