28 Марта, 2024 Четверг

Перасяленцы з Украіны змогуць атрымаць да 800 еўра на развіццё міні-бізнесу

  • 20 июля 2017 Общество Русский 0

    Мігрантам з Украiны, якія апынуліся на Гомельшчыне, могуць прадаставіць грошы на адкрыццё ўласнага міні-бізнесу. Сродкі на лепшыя праекты дае Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа. У першую чаргу падтрымка будзе аказана самым уразлівым катэгорыям. «Р» адшукала падрабязнасцi.

    У Івана Землянога, які жыў у паселку Корсунь, быў уласны сталярны цэх, маленькі, але яго і падпрацовак электраманцёрам мнагадзетнай сям’і хапала. Пакуль абвастрэнне палітычнай сітуацыі ва Украіне не зрабіла жыццё невыносным. Улюбёны ў сваю радзіму Іван зразумеў, што шляхоў засталося толькі два: ваяваць ці пакінуць дом. Першапачаткова сям’я перабралася ў Харкаў, а потым пераехала ў нашу краiну.

    У жонкі Івана Валерыі пад Гомелем жыў стрыечны брат. Рашэнне пераехаць у пасёлак Бальшавік, пакінуўшы ўсё, прынялі хутка. Працаваць узялі толькі ў адно з мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Аформілі слесарам, на справе ж прыходзілася рабіць усё. Прычым за 1 мільён 800 тысяч недэнамінаванымі. Дапамагаў Чырвоны Крыж, які выдаваў ваўчары на прадукты. Калі хацеў змяніць працу, у большасці месцаў разводзілі рукамі — вакансій няма. Пайшоў нелегальна працаваць да ўласніка — той амаль адразу кінуў на грошы. Адсутнаць работы выклікала пагрозу дэпартацыі. З цягам часу Іван знайшоў месца сталяра ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы з зарплатай 330 рублёў і зрабіў від на жыхарства. Не ўласная справа, як на радзіме, але погляд на жыццё стаў больш аптымістычным. Чацвёртае дзіця Сафія ў сям’і нарадзілася ўжо тут, старшы сын хутка пачне дапамагаць матэрыяльна, з’явілася магчымасць выкупіць невялікі домік.

    Праблемы з працаўладкаваннем перасяленцы адчуваюць у большасці выпадкаў. Прычыны розныя — ад чалавечага стаўлення да адсутнасці прывычных вакансій. Першыя патокі мігрантаў яшчэ скардзіліся, што цяжка знайсці працу па спецыяльнасці, зноў распачаць уласны бізнес, што прыходзіцца пакідаць вялікі горад і пераязджаць у сельскую мясцовасць. Зараз жа намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алеся Кастюк заўважае, што людзі хапаюцца за любую магчымасць, асабліва калі прапануюць месца з жыллём. Часта прыходзіцца забываць пра набытую спецыяльнасць і пачынаць жыццё з нуля.

    Новы праект Чырвонага Крыжа «Мікраэканамічныя ініцыятывы» — дадатковая магчымасць даць людзям неабходны заробак. Толькі зараз ініцыятыва павінна зыходзіць ад іх. Перасяленцам трэба вызначыцца, чым яны жадаюць займацца і якая дапамога патрэбна. Заяўку можна будзе пакінуць у раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Рэсурсы прадаставяць 200 праектам коштам да 800 еўра.

    — Улічвацца будуць уразлівасць, матывацыя кандыдата, — пералічвае Алеся Касцюк патрабаванні для суіскальнікаў. — Нам важна, з якой мэтай чалавек бярэцца за праект, наколькі на самой справе гэта яму патрэбна. Вялікую ролю іграюць навыкі і вопыт, аднак пры неабходнасці да 30% сумы можа пайсці на навучанне. У прыярытэце будуць тыя, хто плануе застацца на працяглы тэрмін, і тыя, хто мае матэрыяльныя праблемы, а таксама тыя кандыдаты, якія атрымлівалі дапамогу ў рамках праграмы па раздачы ваўчараў, а такіх у нашай вобласці каля 800 чалавек.

    Спецыялісты Чырвонага Крыжа правяраць перасяленцаў будуць уважліва: ад абследавання жыллёвых умоў да гутарак з суседзямі і ўласнага назірання. Толькі пасля заканчэння праверкі і збору інфармацыі перасяленец можа стаць патэнцыйным атрымальнікам дапамогі. Наяўных грошаў суіскальнік не ўбачыць. Сродкі адразу пойдуць на матэрыялы, неабходныя для пачатку рэалізацыі праектаў, закупацца яны будуць сумесна з Чырвоным Крыжам. На вылучаныя сродкі можна будзе арганізаваць фермерскую справу, напрыклад, разводзіць кур ці трусоў, наладзіць аказанне паслуг візажу ці манікюру, адкрыць гандлёвую кропку. Усё залежыць ад ініцыятыў саміх перасяленцаў. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу года.

    Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, у нашай краiне налічваецца больш за 4100 замежных грамадзян, якія з 2004 года звярнуліся з хадайніцтвамі аб наданні iм статусу бежанца або прадастаўленні дадатковай абароны. Больш за 2300 з іх — украінцы.


    МЕРКАВАННЕ

    Максім СІЛІН, асістэнт каардынатара дэпартамента гуманітарнай дапамогі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа:

    — Наш маніторынг паказвае, што праблема працаўладкавання вымушаных перасяленцаў, асабліва з Украіны, даволі актуальная. Праект «Мікраэканамічныя ініцыятывы» павінен сітуацыю палепшыць. У свеце такая практыка выкарыстоўваецца шырока — ад Азіі да Афрыкі. Вылучаныя сродкі дапамагаюць людзям адчуваць сябе стабільна, атрымліваць пастаянны даход, яны паступова пераходзяць на самазабеспячэнне і канчаткова інтэгруюцца ў грамадства. Праекты бываюць самыя розныя: ад вялікіх аграрных ідэй, калі людзям выдаецца тэхніка для работы на полі, да невялікіх кропак па продажы тавараў ці, напрыклад, аказання паслуг, а таксама наладжвання рэалізацыі чагосьці, зробленага ўласнымі рукамі.

    Автор: Ольга ВАЛЬЧЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)