05 Декабря, 2022 Понедельник

Новые открытия на археологическом комплексе Кардон в Шумилинском районе

  • 25 июля 2017 Общество Беларуская 0

    Ідзе другі сезон раскопак на археалагічным комплексе Кардон

      З 4 па 26 ліпеня на тэрыторыі археалагічнага комплексу Кардон пад кіраўніцтвам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядуцца археалагічныя раскопкі. Узначальвае экспедыцыю загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко. На раскопках працуюць супрацоўнікі Акадэміі навук, выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучні Кардонскай школы і валанцёры. Навукоўцы з Інстытута гісторыі разам з выкладчыкамі пералічаных ВНУ ўдзельнічаюць у выкананні дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў 2016-2020 гг. Таму і вынікі, атрыманыя пры раскопках кардонскага археалагічнага комплексу, з’яўляюцца сумесным навуковым дасягненнем.

    У эпоху вікінгаў

      Нагадаем, што першыя даследаванні гэтага ўнікальнага археалагічнага аб’екта, які сёння называюць сапраўднай сенсацыяй у навуцы, былі праведзены летась гэтай жа экспедыцыяй. Комплекс Кардон, які ўключае гарадзішча, два селішчы і курган, адсылае сучаснікаў да эпохі вікінгаў і з’яўляецца на сённяшні дзень самым інфармацыйным гістарычным помнікам не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Усходняй Еўропы. Знойдзеныя ў ходзе раскопак артэфакты дазваляюць рабіць упэўненую заяву пра тое, што гэта мясцовасць з’яўляецца раннім пунктам шляху “з вараг у грэкі”.

      У 2016 годзе было выяўлена больш за 600 індывідуальных знаходак IX-X стст. Характар знаходак дазваляе сцвярджаць, што на гэтым месцы існавала буйное гандлёва-рамеснае пасяленне з разгалінаванымі гандлёвымі сувязямі і ўласнай вытворчасцю.

      Якія адкрыцці прынёс другі сезон раскопак? Ці пацвердзіліся смелыя меркаванні навукоўцаў? Да якіх высноў прывядуць навуковую супольнасць новыя артэфакты? Мы накіраваліся ў вёсачку Ілава для таго, каб задаць гэтыя пытанні Вользе Мікалаеўне Ляўко, пабываць на раскопках і на свае вочы ўбачыць прадметы, якія ў будучым стануць каштоўнымі музейнымі экспанатамі.

    Пашчасціла на “аб’екты”

      Сёлета работы вяліся на шасці раскопах і шурфах, якія раскіданы ад кургана да ручая. Даследчыкі стараліся ахапіць як мага больш шырокую зону, каб вызначыцца, як размяшчаліся пасяленні, наколькі далёка адно ад аднаго, якім часам датуюцца.

      “Калі ў мінулым годзе ў нас было менш раскопаў, але знойдзена больш рэчаў, напрыклад, манет, гірак, якія ўказваюць на асноўны характар жыццядзейнасці людзей,  – акцэнтавала ўвагу вучоны, – то сёлета нам пашчасціла на тое, што мы называем “аб’ект”, – гэта жылыя і гаспадарчыя комплексы”. Вядома, гэта не паўнацэнныя збудаванні ці зрубы, але, да прыкладу, у адным раскопе археолагі знайшлі контуры поўнасцю спаленай пабудовы, відавочна, жылога ці гаспадарчага прызначэння. Хоць слой гарэлага і вялікі, але контур пабудовы ўдалося ўстанавіць, і тое, напрыклад, што ў куце знаходзіўся ачаг. На гаспадарчы характар пабудовы ўказвае той факт, што ў адным квадраце было знойдзена адразу пяць нажоў X ст. Нажы ў той час былі невялікімі – жалеза асаб-ліва цанілася, бо яго было не так лёгка здабываць – з патоўшчанай спінкай. Лязо было зроблена з пакетнага металу: усярэдзіне – сталь, а звонку – жалеза. Форма – з уступам пад рукаяць.

      Былі на гэтым раскопе і іншыя, не ў такой ступені значныя знаходкі, якія ўказваюць на тое, што гэта было звычайнае жытло, не багатае. Праўда, тут жа быў знойдзены кавалак амфары – гэта паўднёвы сасуд, у якім, мажліва, быў прывезены нейкі тавар, што захоўваўся ў гэтай пабудове.   

      Яшчэ ў адным месцы археолагі зрабілі невялікі шурф (археалагічная разведка), і вымаляваўся кавалак нейкай плямы. Зрабілі прырэзку і выявілі, што гэта пляма памерам 3,6 м на 1,5 м з выступаючымі абгарэлымі камянямі. Гэта ачаг, які аказаўся надзвычай вялікім і правільнай яйкападобнай формы – задужа для простага ачага, выказала думку В. М. Ляўко. Зверху была знойдзена жоўтая пацерка X ст., так званая “лімонка”. Потым там жа знайшлі невялікі металічны прадмет – бразготку. Такія бразготкі нанізваліся на нітку і вешаліся жанчынамі на шыю ў якасці ўпрыгажэнняў. Акрамя таго, там жа знойдзены кавалак лапаткі і косткі жывёл, біты гліняны посуд, жалезныя  шылы, нож і гірка-разнавага. “Гэта значыць, што там людзі гатавалі ежу, елі, там жа гублялі свае ўпрыгажэнні і іншыя рэчы”, – робіць вывады прафесар. Відаць, гэта звычайная гаспадарчая пабудова.

    Рэдкія знаходкі

      У раскопе каля ручая былі знойдзены рэдкія для Беларусі рэчы, прадстаўленыя да гэтага ў адзінкавых экзэмплярах. Вось Вольга Мікалаеўна трымае ў руках і паказвае круглы прадмет з выступаючым арнаментам. Аказалася, гэта фібула – металічная зашпілька для адзення, якая адначасова служыла і ўпрыгажэннем. Гэта бронзавы прадмет, пакрыты пацінай, упрыгожаны скандынаўскім арнаментам у стылі «барэ».

     Таксама знойдзена скандынаўская шпіль-ка  з арнаментам пад назвай “воўчы зуб” (уяўляе сабой увагнутыя трохвугольнікі). Шпілька прыш-пільвалася на вопратку і мела наверша, якое да XXI ст. “не дажыло”.

      “А як вы думаеце, што гэта такое?” – загадвае загадку вучоны і паказвае невялікі прадмет з двума зубчыкамі. Гэта падвеска-ключык – адзін з самых ранніх відаў скандынаўскіх ключоў, якія насіліся на поясе.

      І “на фінал” прафесар дэманструе “малаточак Тора” – унікальную для Беларусі знаходку, якая дайшла да нашага часу ў непашкоджаным выглядзе. Гэта асабліва ўражвае яшчэ і таму, што зроблены прадмет з жалеза, а гэты матэрыял, як правіла, захоўваецца горш за іншыя. Рабіліся такія малаточкі і з серабра, і з золата, але менавіта тое, што ён жалезны, надае знаходцы асаблівую каштоўнасць. “Малаточак Тора” – старажытны воінскі амулет, які насілі скандынавы, што ў чарговы раз пацвярджае той факт, што некалі на цяперашняй шумілінскай зямлі жылі і вікінгі.

    Зброя  ёсць,  але  вайны  не  было  

      Яшчэ на адну асаблівасць сёлетняга сезона раскопак звярнула ўвагу В. М. Ляўко. Летась, і пра гэта не раз заяўлялася на разнастайных навуковых канферэнцыях, не было знойдзена зброі. Гэты факт указвае на мірны характар жыцця пасяленцаў. Гэта думка не абвяргаецца і цяпер. Але ж сёлета ўжо знойдзена пяць розных наканечнікаў стрэл IX-X стст., самы позні – пачатку XI ст. У чым тут справа? Вось якія меркаванні выказала вучоны:

     “Пасяленне знаходзілася ля вадаёма, дзе, мы думаем, была невялікая бухта, куды заходзілі судны з таварам. Зараз, калі ручай разліўся, мы можам назіраць карціну, блізкую да той, якая была тут у X ст., і ў тое, што тут магла быць гавань, паверыць ужо не так складана. На гэтым участку магла ісці разгрузка-перагрузка суднаў, якія, скажам, прыйшлі з паўднёвага напрамку па рацэ Уле, тут нешта выгрузілі, прадалі, загрузілі, напрыклад, пушніну і павезлі на поўдзень. Частку тавараў – на Пскоўшчыну, Наўгародчыну, частку – на Полацк. Такія былі маршруты. Ну і, вядома, у суднаў павінна была быць узброеная ахова. Магчыма, здараліся і сутычкі, бо знойдзены розныя наканечнікі. Гэта маглі быць невялікія сутычкі невядома з кім, магчыма, з тымі, хто плыў па Дзвіне. Варта заўважыць, што наканечнікі знойдзены толькі ў раёне прыстані, ні ў якіх іншых раскопах зброі няма. Магчыма, калі мы наблізім раскоп да вадаёма, то знойдзем берагавую прыстань, мы ўжо знайшлі два фрагменты лодачных клёпак”.

    Куды дзеліся кардонскія пасяленцы?

      Людзі жылі мірна, слядоў заваяванняў не было выяўлена, але тым не менш у XI ст. пасяленне было знішчана, пра што сведчыць пажар. Гісторыкамі не выяўлена ніякіх пацвярджэнняў таго, што на адрэзку з XI да XVII ст. на гэтым месцы было жыццё. Як, чаму і куды дзеліся людзі, патлумачыла В. М. Ляўко.

      Так, былі два пажары. Першы, нязначны, калі прыйшлі новыя пасяленцы (варагі), якія таксама захацелі тут жыць. Яны працягвалі мірна супрацоўнічаць з мясцовымі жыхарамі акурат да пачатку XI ст. Потым пасяленне спальваецца дашчэнту, і жыццё тут больш не аднаўляецца аж да XVII cтагоддзя.

      Гэта якраз былі часы зараджэння дзяржаўнасці, калі палачане “рушылі” ва ўсходнім накірунку. Да гэтага часу яны развівалі сваю тэрыторыю на захад, да Браслава. Калі ў сярэдзіне  X ст. кіеўская княгіня Вольга заснавала ў Віцебску пункт збору даніны, атрымалася, што паміж Улай і Віцебскам засталася свабодная зона, дзе варагі з мясцовымі займаліся гандлем і рамесніцтвам, нікому не падпарадкоўваючыся. А ў 1021 годзе кіеўскі князь Яраслаў Мудры аддаў Віцебск свайму пляменніку полацкаму князю Брачыславу. Узнікае пытанне, як можна было паўнацэнна ўладарыць, калі пасярод зямель нехта жыў сваім жыццём і рабіў, што хацеў, без кантролю? Вядома, гэта немагчыма. Таму пасяленцам паміж Улай і Віцебскам закрылі магчымасць займацца свабодным гандлем і падпарадкавалі тэрыторыю пад уладу Полацка. Магчыма, варагі перайшлі на службу полацкаму князю. Варагаў прыцягвалі толькі, калі хадзілі паходамі ці абаранялі рубяжы дзяржавы. Вось і сялілі іх па межах, чаму ёсць гістарычныя пацвярджэнні. 

      Так, у сувязі з утварэннем дзяржаўнасці, страцілі сваю актуальнасць самастойныя старажытныя водныя шляхі сувязяў поўдня з поўначчу, якія выкарыстоўваліся, літаральна, з першых стагоддзяў нашай эры.

    Раскопкамі захапіліся і  школьнікі  з  Кардона

      Сёлета ў раскопках на кургане пад кіраўніцтвам выкладчыка ПДУ Віктара Чараўко працавалі не толькі студэнты ўніверсітэта, але і кардонскія школьнікі. У Кардонскай школе на базе школьнага летніка быў арганізаваны валанцёрскі атрад “Следапыт”, у які ўвайшлі 10 вучняў. Узначаліла юных археолагаў настаўніца гісторыі Людміла Васільева, якая сама надзвычай захапілася раскопкамі. Зацікаўленасць праявілі і дзеці, большасць якіх вырашылі ў будучым стаць гісторыкамі – гэта, бадай, адно з самых значных дасягненняў гэтых раскопак.

      На кургане было знойдзена 13 пахаванняў XVII ст. На фота – найбольш добра захаванае пахаванне, якое, гэта ўдалося дакладна ўстанавіць, арыентавана на захад і не пашкоджана чорнымі капальнікамі.

      Віктар Чараўко заўважыў, што калі пахаванні старажытнарускага часу X-XII стст. дастаткова добра вывучаны, тое ж тычыцца і традыцый пахаванняў XIX-XX стст., то пахаванні XIV-XVIII стст. неяк выпалі з вывучэння. Археалагічна яны, як правіла, бедныя на знаходкі. Тут няма ні золата, ні серабра, таму іх абыходзяць як чорныя капальнікі, так і археолагі. Вось і атрымліваецца, што гэты перыяд бедны на крыніцы, не вывучаны. Вучоны сказаў, што курган быў большы, што з часам ён “спаўзае” ў Дзвіну, абрушваецца. Таму гэта, па сутнасці, выратавальныя раскопкі.

      Звычайна могілкі робяцца на пясчанай зямлі, там, дзе лепш капаць. Тут жа суглінак – капаць цяжка. Але само ўзвышша было цікава людзям як месца для пахаванняў. Археолагі акуратна фіксуюць усе знаходкі і заносяць іх на план. Былі знойдзены задзернаваныя каменныя канструкцыі, аналагічныя тым гранітным ці мармуровым помнікам, якія ставяцца на магілы сёння. Такімі камянямі абазначалі перыметр магілы. Таксама, як і летась, тут было знойдзена шмат фрагментаў керамікі і вуглёў. Гэта сведчыць пра ўстойлівыя традыцыі так званага народнага хрысціянства, калі ў дні памінання людзі прыносілі на могілкі посуд з ежай, разводзілі вогнішчы. Такі язычніцкі перажытак. З фрагментаў знойдзенай керамікі можна нават сабраць некалькі пасудзін цалкам, ад донца да венца. Драўніны ад трунаў не захавалася, але той факт, што было знойдзена шмат цвікоў, сведчыць, што труны былі не выдзеўбаныя ў калодзе, а збітыя з дошак.

      Як і звычайна, знаходак на кургане мала, але і ў тым, і ў гэтым годзе тут знойдзена па тры манеткі XVII ст., гэта соліды ці шэлягі – хадавыя разменныя манеты часоў Рэчы Паспалітай. Верагодна, што іх па традыцыі кідалі ў магілы. Акрамя гэтага ў адным з пахаванняў знойдзены фрагмент ключыка. “Вучоны Павел Кенька датаваў нам і ключык, і манеты, і кераміку XVII ст., што суадносіцца з раскопкамі мінулага года, якімі кіравала Паліна Курловіч-Бяляўская. Атрымліваецца, што гэтыя могілкі дастаткова вузка датуюцца недзе 1640-мі гадамі,” –  падсумаваў Віктар Чараўко. Шкілеты з раскопак накіроўваюцца ў Полацк для вывучэння. Магчыма ўстанавіць пол, узрост і нават хваробы пахаванага. У наступным годзе даследаванне кургана працягнецца.

    Куды трапяць знаходкі?

      Хутчэй за ўсё знаходкі з археалагічнага комплексу Кардон патрапяць у музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там плануецца адкрыццё стэнду эпохі вікінгаў, заснаванага на матэрыялах, знойдзеных у Кардоне. Раскопкі будуць працягвацца, работы тут хопіць яшчэ не на адзін год. “Няхай гэта будзе ўсебеларускі аб’ект, няхай далучаюцца ўсе жадаючыя: гісторыкі, краязнаўцы, культуролагі, музеязнаўцы – усім будзе цікава”, –заўважыла В. М. Ляўко.

      Матэрыяламі раскопак ужо за-цікавіліся расійскія і ўкраінскія навукоўцы, якіх надзвычай здзівіў той факт, што ў Беларусі выяўлены больш раннія знаходкі эпохі вікінгаў, чым у іх. Гэта даказвае значна больш раннія і шырокія кантакты Падзвіння з паўночнымі і паўднёвымі суседзямі, чым у смаленскім Падняпроўі, цэнтрам якога з’яўляецца вядомы помнік Гнёздава.

      Дарэчы, археалагічны комплекс Кардон трапіў у топ-10 адкрыццяў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных даследаванняў за 2016 год.  

      На шляху ў апантаных вучоных сёння стаяць толькі так званыя чорныя капальнікі, якія сваёй дзейнасцю не толькі пазбаўляюць нашу агульную гісторыю часткі каштоўнейшых экспанатаў, але і скажаюць карціну даследаванняў. Капаюць яны непрафесійна, маючы на ўвазе толькі ўласную нажыву, часта пакідаючы вучоным, літаральна, пустую ўспораную зямлю.

    Автор: Черниченко НатальяГерой працы

Комментарии (0)