25 Апреля, 2024 Четверг

Крылаты патруль ратавальнікаў

  • 28 июля 2017 Общество Беларуская 0

    Лясныя і тарфяныя пажары, наступствы буры, разліў нафтапрадуктаў на вадаёмах, участкі зялёных насаджэнняў, якія церпяць ад нашэсця шкоднікаў або сохнуць у сувязі з пацяпленнем клімату – усё гэта можна ўбачыць і ацаніць маштабы ў час аблёту тэрыторыі на самалёце-разведчыку.

    На аб’ект мы адправіліся раніцай. Праехалі Мойсічы, павярнулі ў поле. Некалькі хвілін — і перад намі два дзясяткі самалётаў розных марак, колераў і гадоў выпуску. Тут жа «прыпаркаваліся» планёры. Спецыяльны «сачок» указвае сілу і напрамак ветру. Вітаемся з лётчыкам-назіральнікам Маладзечанскага аддзялення дзяржаўнай авіяцыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» Уладзімірам Ганчаровым. На яго рахунку сотні гадзін, праведзеных у небе, і дзясяткі выяўленых пажараў.

    — У час авіяпатрулявання маё месца ў кабіне біплана АН-2 побач з пілотам, — расказвае ён. — Звычайна падымаемся ў неба ў цёплую пару года, у найбольш пажаранебяспечны перыяд. Дазвол на старт атрымліваем за суткі да вылету, маршрут палёту загадзя вызначаны. Ён ахоплівае па перыметры Мінскую вобласць і пралягае над Маладзечнам, Валожынам, Стоўбцамі, Пухавічамі, над пасёлкам Свір. Гэта каля 600 кіламетраў (або прыкладна 4 гадзіны палёту). У Беларусі некалькі маршрутаў самалётаў-назіральнікаў. Калі яны ў небе, уся тэрыторыя рэспублікі пад кантролем.

    Авіятар адзначыў, што паветранае назіранне эканоміць шмат часу, сродкаў і дазваляе аператыўна выяўляць небяспечныя сітуацыі. Напрыклад, на вышыні 300-400 метраў (з якой звычайна вядзецца назіранне) над Радашковічамі бачна, як за Мінскам гарыць звалка. Пралятаючы над Хажова, можна адначасова ўбачыць Валожын і Вілейскае вадасховішча.

    Вопыт і ўважлівасць дазваляюць назіральніку з вялікай адлегласці адрозніць лясны пажар ад пажару на тарфяніках, або пераканацца, што «дым» над участкам – гэта даламітавага мука, якую аграрыі вывозяць на палі. Калі надзвычайная сітуацыя выяўлена, удакладняюцца яе маштабы.

    Вынікі назірання заносяцца ў спецыяльны журнал. У апошні час вядуцца нават «прамыя трансляцыі» з маршруту. Экіпаж звязваецца з кіраўніцтвам кожнага лясгаса, над тэрыторыяй якога ляціць самалёт. Гэта патрэбна для таго, каб неадкладна прыняць меры па ліквідацыі ўзгарання або іншага няшчасця.

    — Летась ад урагану пацярпелі вялікія лясныя масівы. Тады авіяразведка праводзілася кожны дзень, маштабы разбурэнняў уражвалі. Здабытая інфармацыя спатрэбілася многім арганізацыям і ўстановам. Што тычыцца лясных пажараў, яны, на жаль, выяўляюцца даволі часта. Асабліва ў сезон збору грыбоў і ягад або пасля выхадных. Нядбайныя турысты пакідаюць пасля сябе непатушаныя вогнішчы і цыгарэты. У выніку агонь можа знішчыць вялікія ўчасткі зялёных насаджэнняў, — паведаміў Уладзімір Ганчароў.

    — АН-2 – асноўны транспарт паветраных назіральнікаў, — падкрэсліў авіятар. – Маніторынг абстаноўкі звычайна праводзіцца на хуткасці 180 кіламетраў у гадзіну. Самалёт здольны падняцца амаль да чатырох кіламетраў. Тэхніка вельмі надзейная і простая ў эксплуатацыі. Яна выкарыстоўваецца ў самых розных сферах: для перавозкі грузаў,

    апрацоўкі пасеваў сельскагаспадарчых культур, у авіяцыйным, парашутным спорце і інш. Вялікае значэнне мае і тое, што АН-2 узлятае і садзіцца на грунтавыя аэрадромы. За гэта яго цэняць у МНС.

    Лётчык-назіральнік нагадаў, што Хажоўскі аэрадром эксплуатуецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Ён прызначаны для лёгкаматорных самалётаў, планёраў і верталётаў. Адметнасць аб’екта — ва ўнікальнай дрэнажнай сістэме, дзякуючы якой узлётна-пасадачная паласа (800 на 40 метраў) заўсёды застаецца сухой.

    — У хуткім часе аэрадром будзе эксплуатаваць толькі малая камерцыйная авіяцыя, — адзначыў Уладзімір Ганчароў. – Самалёты МНС спыняць палёты з гэтай пляцоўкі. Справа ў тым, што сістэма маніторынгу надзвычайных сітуацый у Беларусі ўсё больш удасканальваецца. Для іх выяўлення прымяняюцца розныя мадыфікацыі беспілотнікаў, даныя касмічных назіранняў, у лясніцтвах устанаўліваюцца аўтаматычныя камеры відэаназірання. Такім чынам, неабходнасць выкарыстоўваць самалёты-разведчыкі паступова адпадае.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)