26 Апреля, 2024 Пятница

Костелу Святой Троицы в Ружанах исполнилось 400 лет. Поздравления передал сам Папа Римский

  • 10 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Ружаны і Сапегі. Здаецца, гэтыя словы ўжо назаўсёды непарыўна  звязаны: менавіта тут шмат гадоў таму асталяваўся вялікі і слаўны род, пабудаваўшы ў мястэчку велічны палацавы комплекс — сваю рэзідэнцыю, якая вось ужо некалькі стагоддзяў з’яўляецца візітоўкай пасёлка і, нягледзячы на разбуральны ход часу, прыцягвае турыстаў. Але, на маю думку, тут, і акрамя знакамітага палацавага комплексу, хапае славутасцяў, якія могуць выклікаць захапленне ў гасцей пасёлка.

    Здаецца, у Ружанах літаральна кожная вуліца, кожны куточак прасякнуты духам даўніны: тут захаваліся будынкі аўстэрыі, капліцы Святога Казіміра, жылога корпуса манастыра базыльянаў, рэшткі сінагогі… А ў цэнтры пасёлка, дзе сканцэнтравана найбольшая колькасць старадаўніх будынкаў, ёсць дзве высотныя архітэктурныя кампазіцыі — Траецкі касцёл і Петрапаўлаўская царква. Гэтыя помнікі архітэктурнага мастацтва ўнікальныя не толькі ў маштабах пасёлка. Гавораць, у Беларусі гэта ледзь не адзінае месца, дзе храмы каталіцкай і праваслаўнай канфесій размешчаны адзін насупраць аднаго. Сёлета споўнілася круглая дата, як касцёл Святой Тройцы атрымаў кансекрацыю. 

    Да слова, сёння касцёл у Ружанах адносяць да ўзораў архітэктуры класіцызму. Тым не менш, першапачаткова ён быў пабудаваны ў стылі ранняга барока, але з цягам часу не раз перабу-доўваўся, рэканструяваўся. Сучасны выгляд касцёл набыў у ХVIII стагоддзі. У прыватнасці, у 1768 годзе да сярэдняй часткі храма з паўночнага боку была дабудавана капліца Святога Крыжа, а ў 1787 годзе сіметрычна ёй з поўдня — капліца Святой Барбары. Да слова, у 1780-я храм перабудоўваўся па праекце запрошанага з Саксоніі архітэктара Самуэля Бекера. Наступная яго рэканструкцыя адбылася ў 1850 годзе.    

     

    І вось ужо на працягу чатырох стагоддзяў сюды прыходзяць вернікі, каб памаліцца і падзякаваць Богу. На нядаўняй суботняй службе было вельмі людна. Мноства людзей: больш за тры дзясяткі светароў, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, прыхаджане з суседніх парафій, праваслаўныя хрысціяне, якія ходзяць у храм побач, — сабраліся на святочную імшу, каб адсвяткаваць знамянальную падзею, якая здараецца так рэдка.

    Згадзіцеся, чатырыста гадоў — салідны ўзрост. За час свайго існавання касцёл ніколі не зачыняўся: тут не спыняецца гучанне Божага слова, прыняцце сакраментаў, а значыць, святыня заўсёды была сімвалам жывой веры.

    За 400 год тут працавала шмат светароў, многія з якіх пакінулі глыбокі след не толькі ў супольнасці вернікаў, але і ў гісторыі краіны. Адзін з іх — Міхал Варанецкі. І ў складаныя часы вайны, атэізму ён нёс сваё пастырскае служэнне. Гэта дзякуючы яму, калі храмы бязлітасна знішчаліся, святыню ўдалося адстаяць. Яна заставалася адзінай на вялікай тэрыторыі, куды прыхаджане маглі прыехаць на службу, пахрысціць дзетак, прыняць шлюб. Ксёндз Міхал абслугоўваў і суседнія раёны, наведваў вернікаў, нягледзячы на забароны і штрафы, прапаведаваў Божае слова.

    Яго і сёння памятаюць у Ружанах як рупліўца, гатовага ў любы час прыйсці на дапамогу, сярод ночы прыехаць да хворага. Без перабольшвання, яго заслуга ў тым, што захаваліся не толькі сцены храма, але і ўпрыгожанні — і каменны алтар фундацыі Сапегаў, і паліхромія, і абразы.

    Божае слова ў гэтым касцёле нясуць светары з манаскага ордэна місіянераў святога Вінсэнта дэ Поля. Усе яны пакідаюць тут частачку свайго сэрца, сваёй душы. Апошнія 23 гады службы правіць ксёндз Януш Пуліт, якога прыхаджане ведаюць як нястомнага Божага слугу, што ўказвае людзям шлях да Бога.

    Сёння службы ў касцёле праводзяцца кожны дзень. Кожны дзень сюды прыходзяць людзі са сваімі зваротамі да Бога. І, вядома, падзякамі і віншаваннямі.

    Пасланне з нагоды 400-годдзя парафіяльнага касцёла Святой Тройцы ў Ружанах даслаў і Папа Рымскі Францішак: ён з радасцю даведаўся пра ўрачыстасць і перадаў усім яе ўдзельнікам свае цёплыя віншаванні. Прывітальны ліст зачыталі прадстаўнікі Пінскай дыяцэзіі. «У той час, як вы складаеце падзяку ўсемагутнаму Богу за шматлікія бласлаўленні, атрыманыя ад мясцовага касцёла, і за беззаганнае сведчанне веры ў цяжкія часы, святы айцец горача просіць: каб светары, законныя асобы і свецкія вернікі ўкладалі свае сілы ў развіццё парафіі».

    Антоній Дзям’янка, біскуп Пінскі, які праводзіў урачыстую службу з нагоды юбілея касцёла, падкрэсліў:

    — У Беларусі знойдзецца нямнога святынь, якія  адзначалі б такую вялікую дату. Касцёл у Ружанах — адзін са старэйшых у краіне. Калі гаварыць пра сакральныя пабудовы  ў межах Пін-скай дыяцэзіі, у даваенны час іх было каля 200. На жаль, час, войны знішчылі большасць сакральных будынкаў — усяго каля 15 засталося некранутымі. І сёння мы сабраліся, каб падзякаваць Богу, што гэты касцёл у Ружанах ужо 400 год збірае вернікаў. Сюды людзі ідуць па розных прычынах — каб падзякаваць Богу за ўсё тое, што атрымалі па волі Яго, каб перапрасіць за свае грахі і праславіць Бога, а таксама даверыцца Яму ў розных справах.

    Завяршэннем гэтай літургіі стаў хрэсны ход вакол касцёла.

    Званіца касцёла ў Ружанах бачна з любой кропкі  пасёлка. Двойчы ў дзень — роўна ў 12.00 і 18.00 гадзін — адтуль даносіцца мілагучны звон і мелодыя «Вітай, Марыя!» у гонар Багародзіцы. А яшчэ тут ёсць унікальны і чароўны арган, гукі якога і сёння, калі пашчасціць, можна пачуць падчас літургіі. Увогуле храм захаваў сваю прыгажосць, убранства: пластычныя архітэктурныя формы, абразы, алтары, у тым ліку, з ляпным арнаментам і гербам Сапегаў «Ліс», роспісы. Унікальныя  рэчы здольны захапіць любога наведвальніка. Але галоўнае, што за стагоддзі захавалі гэтыя сцены, — моцны хрысціянскі каталіцкі дух. Як шмат гадоў таму продкі прыходзілі сюды і ўзносілі свае малітвы, так і сёння людзі ідуць у касцёл. Гэтыя сцены з’яўляюцца не толькі сведкамі гістарычных падзей, але і крыніцай малітваў, якімі прасякнуты за стагоддзі. Прыхаджане сцвярджаюць, што кожны, хто прыязджае сюды, выходзіць адсюль быццам іншым чалавекам, бо тут сустракаецца з Богам: сама атмасфера святыні, стагоддзямі намоленая людзьмі, спрыяе духоўнаму ўздыму.

    І ўсё-такі ва ўсе часы галоўнай каштоўнасцю храма заставаліся вернікі: яны не даюць духоўнаму холаду авалодаць святыняй. Таму шматлікія госці жадалі, каб святыня заўсёды была напоўнена хрысціянамі, давала прыстанак людзям, якія шукаюць Бога, сустракала маладое пакаленне і радавала яшчэ многія гады. Задача сучаснікаў — захаваць святыню ў тым выглядзе, у якім атрымалі, і не толькі знешне, каб яна заставалася намоленай. Каб ніколі не здарылася так, што святар падыдзе да алтара, і на прывітальнае «Пан з вамі» яму адкажа цішыня.

    Гістарычная даведка У 1596  годзе вялікі літоўскі канцлер Леў Сапега выдзеліў сродкі на будоўлю ў сваім радавым маёнтку Ружаны Траецкага касцёла. Першапачаткова храм быў драўляны. У 1615 годзе на яго месцы з’явіўся каменны касцёл, а праз два гады — у 1617 годзе — адбылася яго кансекрацыя.

    Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота аўтара.

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)