Новыя падручнікі з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці могуць з'явіцца ў Беларусі. Пра гэта падчас правядзення круглага стала ў БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна ГІНЧУК.

Беларускі кантэнт
У наступным навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будзе выкарыстоўвацца 41 новы вучэбны дапаможнік, 19 з іх ужо выдадзены. Яшчэ 11 выдадуць да 1 верасня. Астатнія навучальныя дапаможнікі (пераважна гэта другія часткі падручнікаў), будуць выкарыстоўвацца толькі ў ІІ паўгоддзі, таму выдавацца яны будуць да снежня. Большасць новых навучальных дапаможнікаў трапяць да вучняў трэціх і сёмых класаў. У першых класах — новыя буквары. У беларускамоўных школах з'явіцца новы буквар Анатоля Клышкі. А ў рускамоўных першакласнікі будуць вучыцца грамаце па буквары Вольгі Цірынавай. Па гэтых вучэбных дапаможніках праводзіўся конкурс. Абодва аўтары ў ім перамаглі.
Па словах Валянціны Гінчук, беларускаму кантэнту ў новых падручніках удзяляецца асаблівая ўвага:
— Адметнасцю новых навучальных дапаможнікаў з'яўляецца ў тым ліку іх нацыянальна арыентаваны змест. Мы рэкамендуем аўтарам пры распрацоўцы навучальных дапаможнікаў уключаць тэксты пра дасягненні беларускай прамысловасці, помнікі культуры, перамогі нашых спартсменаў і інш. Сам факт інфармавання пра гэта мае выхаваўчае значэнне. Напрыклад, у новым навучальным дапаможніку па гісторыі Беларусі для 6-х класаў з'явілася рубрыка «Гістарычныя славутасці». Яна знаёміць навучэнцаў і апасродкавана іх бацькоў з тымі помнікамі гісторыі, культуры, архітэктуры, якія захаваліся да нашага часу. Адпаведная рубрыка будзе прадстаўлена і ў новым навучальным дапаможніку па гісторыі Беларусі для 7-х класаў. Мяркуецца, што яна стане традыцыйнай ва ўсіх навучальных дапаможніках па гісторыі Беларусі.
Таксама новыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі будуць уключаць больш практыка-арыентаваных заданняў. Настаўнік матэматыкі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, аўтар вучэбнага дапаможніка па матэматыцы для 7-га класа Ірына Арэф'ева расказала, што пры рабоце над падручнікам неабходна было прытрымлівацца класічных падыходаў да вывучэння матэматыкі (усе лепшыя напрацоўкі папярэдніх аўтараў былі захаваныя), але ў той жа час старацца адаптаваць вучэбны матэрыял да сучаснасці. Сур'ёзную работу правялі ў дачыненні да тэкставага кантэнту. Падбіралася літаральна кожнае слова, каб тэорыя была максімальна даступнай для школьнікаў. У кожным параграфе падручніка прадугледжаны раздзел «Практыка», дзе прыводзіцца падрабязнае рашэнне тыпавых задач па вывучанай тэме.
Больш практыка-арыентаваных заданняў утрымліваецца і ў навучальным дапаможніку па беларускай літаратуры для 9-га класа. Напрыклад, заданні, якія даюць магчымасць вучню праявіць свае здольнасці ў літаратурнай творчасці: напісаць невялікі верш па зададзеных рыфмах або невялікую замалёўку па творы, што вывучаецца ў класе.
Высокая ацэнка
Цяпер вядзецца работа над электроннай праграмай да падручніка па інфарматыцы для сямікласнікаў, якая будзе валодаць большымі інтэрактыўнымі магчымасцямі, чым проста РDF-версія падручніка. Увогуле магчымасці інфармацыйных тэхналогій актыўна выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых падручнікаў. Ужо створаны электронны падручнік-навігатар па хіміі, распрацаваны электронныя праграмы да навучальных дапаможнікаў па прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», падручніках па замежных мовах. Разам з тым навучэнцы і педагогі могуць выкарыстоўваць і РDF-версіі падручнікаў, якія размешчаны ў свабодным доступе на Нацыянальным адукацыйным партале. У РDF-версіях новых падручнікаў ёсць гіперспасылкі, якія дазваляюць пераходзіць на іншыя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя на партале...
Як расказала Валянціна Гінчук, работа над новымі навучальнымі дапаможнікамі пачалася яшчэ ў 2015 годзе. Першая група, якая складаецца з васьмі падручнікаў, ужо прайшла апрабацыю — яны выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе ў 2016/2017 навучальным годзе. Па выніках апрабацыі ў канцы мая гэтага года было праведзена анкетаванне педагогаў, якое ахапіла больш за 5 тысяч настаўнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
— Большасць педагогаў ацанілі новыя навучальныя дапаможнікі на «добра» і «выдатна», — адзначыла намеснік дырэктара інстытута. — Акрамя таго, педагогам задаваліся і адкрытыя пытанні. Кожны з іх меў магчымасць унесці сваю прапанову па змяненні ці паляпшэнні дапаможніка.
Акцэнт — на даступнасць
З 2015 года вялася таксама работа і над новымі навучальнымі праграмамі па ўсіх школьных прадметах, якія паэтапна ўкараняліся ў адукацыйны працэс.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны КАРЖОВАЙ, сёлета былі створаны рабочыя групы, у склад якіх увайшлі выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навукоўцы, настаўнікі-практыкі, якія яшчэ раз прааналізавалі ўсе праграмы па ўсіх прадметах. Па выніках аналізу правялі іх карэкціроўку. У першую чаргу, спецыялісты ўлічылі міжпрадметныя сувязі. Некаторыя тэмы былі перанесены з аднаго класа ў іншы з улікам узроставых асаблівасцяў вучняў і магчымасцяў успрымання матэрыялу. Навучальныя праграмы таксама пераглядаліся з улікам адноснай завершанасці другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі (маецца на ўвазе базавая школа), паўнаты і паслядоўнасці выкладання матэрыялу. У сваю чаргу, навучальныя праграмы для базавага і павышанага ўзроўню на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі (у 10—11-х класах) былі дапрацаваны з улікам вывучэння таго ці іншага матэрыялу на базавым і павышаным узроўнях.
— Новыя навучальныя праграмы дазволяць знізіць нагрузку на школьнікаў, — запэўнівае намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольга ЗЕЛЯНКО. — У іх прапісаны канкрэтныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці па кожным раздзеле праграмы, каб педагог кантраляваў веды і ўменні навучэнцаў па зададзеных крытэрыях і паказчыках. Па-другое, вывучэнне асобных складаных для ўспрымання тэм перанесена ў старшыя класы альбо з базавага на павышаны ўзровень навучання. Напрыклад, у курсе біялогіі цяпер толькі на павышаным узроўні будуць вывучацца такія раздзелы, як «Паводзіны як вынік эвалюцыі» і «Структурная арганізацыя і рэгуляцыя функцый жывых арганізмаў».
У курсе матэматыкі толькі на павышаным узроўні будзе вывучацца тэма «Вытворная». Пазбегнуць перагрузкі школьнікаў дапаможа таксама скарачэнне залішняй тэрміналогіі па асобных вучэбных прадметах.
Напрыклад, на ўроках беларускай мовы раней вывучаліся віды аднасастаўных сказаў і праводзіўся кантроль па гэтай тэме. Цяпер ад навучэнцаў патрабуецца мець толькі агульнае ўяўленне аб аднасастаўных сказах і ўменне адрозніваць іх ад двухсастаўных, але яны не абавязаны адрозніваць пэўна-асабовыя ад няпэўна-асабовых сказаў, таму што гэтыя веды не маюць ярка выражанай практычнай накіраванасці. Акрамя таго, асобныя тэмы пераведзены з тэарэтычнага на практычны ўзровень засваення. Гэта значыць, што навучэнец не абавязаны будзе завучваць фармулёўкі правілаў па пэўных тэмах: ён будзе вывучаць матэрыял на канкрэтных прыкладах. У прыватнасці, у курсе беларускай мовы на ўзроўні практычнага прымянення выкладаецца тэма «Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці слоў розных часцін мовы». З гэтай тэмай вучняў будуць знаёміць пры рабоце з тэкстамі розных стыляў, тыпаў і жанраў. Таксама праведзена работа па ўзгадненні зместу асобных вучэбных прадметаў, каб выключыць дубліраванне блізкіх тэм у рамках прадметаў у адной адукацыйнай вобласці. Праграмы па фізіцы і хіміі цяпер добра карэлююць з праграмай па матэматыцы і наадварот.
На сумленні педагогаў
Ці засталіся яшчэ рэзервы для спрашчэння навучальных праграм? Ірына Каржова лічыць, што нельга рабіць гэта бясконца, таму што ёсць рызыка страціць тую якасць адукацыі, якой мы ганарымся. Наколькі істотна зменіцца адукацыйны кантэнт у наступным навучальным годзе можна даведацца, зайшоўшы на Нацыянальны адукацыйны партал, дзе размешчаны ўсе зацверджаныя да новага навучальнага года праграмы па ўсіх прадметах.
Да таго ж спрашчэнне навучальных праграм — не адзіны механізм зніжэння вучэбнай нагрузкі на школьнікаў. Не менш важнай умовай з'яўляецца нарміраванне дамашніх заданняў.
— Асноўны вучэбны матэрыял павінен засвойвацца на ўроку, — упэўнена Валянціна Гінчук. — Мэта дамашніх заданняў — паўтарыць і замацаваць, а новы матэрыял, які не быў засвоены на ўроку, не можа задавацца ў якасці дамашняга задання. Існуе строга нармаваны дакументам Міністэрства аховы здароўя час на падрыхтоўку дамашніх заданняў. Кожны настаўнік, напэўна, лічыць, што яго прадмет самы галоўны, але пры вызначэнні аб'ёму дамашняга задання важна ўлічваць, што, акрамя фізікі, вучань, напрыклад, будзе выконваць заданні па гісторыі, рускай мове, літаратуры...
Да новага навучальнага года на Нацыянальным адукацыйным партале будзе размешчана каляндарна-тэматычнае планаванне па ўсіх прадметах для ўсіх класаў. У ім вызначаны аб'ёмы дамашняга задання да кожнага ўрока. Для настаўніка — гэта арыенцір. Галоўнае, каб педагог на яго не заплюшчваў вочы...
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Надзеі БУЖАН

Комментарии (0)