29 Марта, 2024 Пятница

Я не гляджу тэлевізар, або Гэта ж маё любімае шоу!

  • 25 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Не, я зусім не памылілася ў выбары загалоўка, і яго гучанне непарадаксальнае. Хутчэй наадварот, вельмі лагічнае і адпаведнае часу, трэндам і з'явам у масавай культуры спажывання відэаінфармацыі. Многія сёння з гонарам заяўляюць, што не глядзяць тэлевізар і нават не маюць дома гэтай надакучлівай скрынкі (ці ўжо хутчэй плоскай каробкі) з экранам, якая забірае так шмат часу і ўвагі. Але ж насамрэч, нават не маючы тэлевізара дома, не гледзячы яго вечарамі ўсёй сям'ёй (як у дзяцінстве), мы не перастаём быць спажыўцамі прадуктаў тэлевізійнай вытворчасці. Толькі ў новым фармаце. І з іншых крыніц. І часам кантэнт, які мы самі для сябе фарміруем, больш якасны, чым тое, што прапануе стандартная праграма тэлеперадач. Але ж мы ўсё роўна застаёмся гэткімі ж залежнымі ад прысутнасці відэа ў нашым штодзённым жыцці.

    Уладарыць відэа

    «Было б выдатна, калі б атрымалася зняць відэаролік і дапоўніць ім тэкст на нашым сайце» — прапановы-заданні такога кшталту вельмі часта чуюць на планёрках прадстаўнікі розных СМІ. Ды і самі мы, чытаючы навіны, не-не ды і паглядзім відэа, што суправаджае інфармацыю. Гэта можа быць як ролік, адмыслова зняты журналістамі, так і абсалютна выпадковыя кадры з камер відэаназірання ці відэарэгістратараў аўто. Нам мала проста тэксту, фотаздымкаў таксама недастаткова — толькі відэа можа стаць больш-менш важкім пацвярджэннем істотнасці падзеі, уразіць нас і на даўжэйшы час застацца ў памяці.

    Больш за тое, мова відэа амаль універсальная для прадстаўнікоў розных народаў, жыхароў розных кантынентаў. Ды і доўгія тэксты патрабуюць больш часу для знаёмства, чым кароткія відэасюжэты. Таму, каб быць у курсе таго, што адбываецца ў свеце, карыстальніку інтэрнэту сёння неабавязкова ўмець чытаць і пісаць — дастаткова мець досыць магутны смартфон-планшэт (а з гэтым сёння пытанняў узнікае ўсё менш і менш).

    «Там жа Кацька сварыцца з Дзімкам!»

    Кажуць, звычка — другая натура, таму многія бізнес-праекты, якія сталі паспяховымі, былі ад самога пачатку скіраваныя на фарміраванне ў пакупнікоў, спажыўцоў устойлівай звычкі да іх выкарыстання. Вось чаму высокіх рэйтынгаў у медыя дасягаюць серыяльныя вытворчасці рознага кшталту. Тут ключавымі з'яўляюцца паняцці паўтаральнасці, знаёмасці, часавай прывязанасці. Мы ведаем усіх герояў, сочым за адным і тым жа сюжэтам, разам з тым штораз атрымліваем порцыю новай інфармацыі, можам прадказваць наступныя крокі, рабіць прагнозы… І я тут кажу не толькі пра класічныя тэлесерыялы, але і пра рэаліці-шоу, якія, не маючы дакладнага сюжэта (але маючы прадуманую стратэгію развіцця), будуюцца па тым жа прынцыпе.

    Не так даўно адзін мой прыяцель, досыць вядомы беларускі пісьменнік, уганараваны некалькімі прэміямі за кнігі паэзіі і прозы, у гутарцы прызнаўся, што «падсеў» на рэаліці-шоу «Дом 2». Захапіўся і сам не заўважыў калі. Спачатку проста слухаў адным вухам, бо ўключаў канал крыху раней, баючыся прапусціць любімы мультфільм, потым глядзеў адным вокам, не аддаючы шмат увагі развіццю падзей. Але ў нейкі момант, паўтараючы штодзённы рытуал, злавіў сябе на тым, што ўважліва глядзіць шоу з думкай: «Кацька сварыцца з Дзімкам, як цікава!» Паступова, паціху і неўсвядомлена для яго самога мой сябар стаў успрымаць герояў з тэлеэкрана як сваіх знаёмцаў ці суседзяў, таму і зацікавіўся іх стасункамі. А як наступства — стаў прыхільнікам «Дома 2»...

    Ствараюцца новыя сусветы...

    І калі так лёгка трапіць у залежнасць ад не зусім якаснага па змесце відэасерыяла, то што ўжо казаць пра вытанчаныя, бездакорныя і фінансава добра забяспечаныя тэлепраекты? Некаторыя з іх сталіся цэлымі эпохамі, пасля іх, можна дакладна сказаць, свет тэлебачання не будзе ранейшым. Мыльная «Санта-Барбара», якая ўсім паспела надакучыць, сімпатычныя «Сябры», пасля якіх склаліся фактычна каноны маладзёжнай камедыі, нарэшце, «Гульня тронаў». Дарэчы, Джордж Марцін, аўтар серыі раманаў, што леглі ў аснову гэтага серыяла, некалькі дзён таму падчас прэс-канферэнцыі ў расійскім агенцтве «ТАСС» прызнаўся, што сам здзіўлены такому нечуванаму поспеху, той папулярнасці, што здабыў створаны ім сусвет. Але наконт механізма фарміравання цікавасці пісьменнік разважаў так:

    — Яшчэ Толкін у сваіх раманах паказаў, наколькі важна дэталёва распрацоўваць апісанні месцаў, дзе адбываюцца падзеі фэнтэзійнага свету, у якіх дзейнічаюць і жывуць героі. Месцы становяцца пазнавальнымі, і хоць іх не існуе ў рэчаіснасці, але яны існуюць у нашай свядомасці. Які б мастак у якім бы стылі ні намаляваў толкінаўскае каралеўства, мы яго пазналі б. Да яго аўтары, якія стваралі фэнтэзі, пісалі хутчэй казкі, не акцэнтуючы ўвагу на дэталях, часам нават не даючы імёнаў героям і не прыдумваючы назваў мясцінам, таму і не набліжалі іх да чытача і гледача.

    Парадаксальна, але часам прыдуманыя гісторыі, героі, сусветы цікавяць чытача, гледача намнога больш, чым падзеі, што адбываліся ў рэчаіснасці, і лёсы асоб, што насамрэч жылі. Той жа Марцін цяпер са здзіўленнем назірае, як свет «Гульні тронаў» пачынае жыць сваім жыццём і нават сам кіруе яго творчасцю. Зусім нечакана для сябе аўтар вырашыў напісаць яшчэ адну галіну гэтай вялікай гісторыі (як сказалі б кіношнікі, спін-оф), расказаць пра дынастыю Таргарыенаў, аднаго з каралеўскіх родаў Вестэроса. «Дзіўна, але я буду пісаць навуковую гістарычную манаграфію пра тыя падзеі, якія ніколі не адбываліся», — прызнаецца аўтар.

    Улад А4 на далоні

    — Мама, а як ты ставішся да таго, што твой сын — папулярны відэаблогер? Хто твой любімы відэаблогер? Так, гэта я, Улад. Так, ты трапіла ў маё відэа.

    Не, гэта не проста набор фраз, а прыкладны пераказ аднаго з выпускаў блога Улада А4, або Улада Бумагі.

    Узрастанне папулярнасці і ўплывовасці блогераў, іх каналаў і захапленне падлеткаў гэтай параўнальна новай з'явай інтэрнэт-прасторы ўжо зацікавіла медыяаналітыкаў і культуролагаў. Мы маем справу з новым пакаленнем, новымі сродкамі камунікацыі, новым падыходам да выбару медыя. Каб выйсці да публікі, заявіць пра сябе, сёння дастаткова мець смартфон і завесці свой канал на youtube. А потым — калі зоркі складуцца — вашы відэа будуць набіраць мільёны праглядаў, вы самі станецеся кумірам моладзі, дзяўчаты/хлопцы будуць марыць хоць неяк трапіць у выпуск відэаблога, і магчыма нехта з прыхільнікаў нават зробіць на далоні татуіроўку з лагатыпам канала (а Улад Бумага такую тату свайму падпісчыку ўжо зрабіў і прысвяціў гэтаму працэсу цэлы выпуск).

    Магчыма, прыцягальнасць вобразаў блогераў і іх каналаў у тым, што амаль сціраецца мяжа паміж гледачом і асобай на экране. З ім можна пасябраваць у сацсетках, ён можа жыць у суседнім доме ці вучыцца з вамі ў адной школе, насіць такую ж майку і такую ж прычоску, як і вы. А можа, тут ключавое якраз разуменне: кожны можа стаць зоркай, і для гэтага неабавязкова мець шмат грошай ці ўплывовых сваякоў. Дастаткова проста харызматычнасці, стараннасці і крэатыўнасці.

    Прысутнасць тут і цяпер

    Відэа дазваляе нам перамяшчацца ў прасторы. Факт. Але яго прыцягальнасць яшчэ і ў магчымасці зазірнуць у куткі, часам самыя неймаверныя, куды сам чалавек ніколі ў жыцці і не змог бы трапіць. Напрыклад, гняздо ястраба, дзе толькі-толькі вывеліся птушаняты, пустыня, у якой жывуць ільвы і жырафы, пабачыць, што цяпер адбываецца на знакамітай Эбі Роўд з вокладкі альбома The Beatles, чым жыве Таймс Сквер у Нью Ёрку і як вось проста цяпер гучыць Ніягарскі вадаспад. Такую магчымасць даюць вэб-камеры, устаноўленыя ў розных мясцінах свету, якія круглыя суткі працуюць у рэжыме анлайн. Дастаткова толькі зрабіць запыт у пошукавіку — і ўвесь свет апынецца перад вамі. Падаецца, што гэта выдатны спосаб памедытаваць і цудоўная альтэрнатыва традыцыйным каналам, прысвечаным жывёльнаму свету.

    Ці варта глядзець?

    Яны «забіваюць час», спрашчаюць мысленне, напаўняюць наш мозг не зусім патрэбнымі фактамі… Але відэа, што мы глядзім, прыносіць і шмат карысці: любімым блогерам можа стаць той, хто расказвае пра навуковыя адкрыцці і кніжныя навінкі, вэб-камера з Індыі можа падштурхнуць да падарожжа ў рэчаіснасці, а любімы серыял — гэта не абавязкова мыльная опера, але і высокаінтэлектуальны дэтэктыў. Ды самае галоўнае — тое задавальненне, што мы атрымліваем ад прагляду відэа. Вечарам пасля працы, на ўтульнай канапе, з кубачкам кавы, у цёплай кампаніі знаёмых герояў… Зрэшты, трэба ж некалі адпачываць, перазагружаць свядомасць, хай і выкарыстоўваючы для гэтага не зусім «разумныя» сродкі.

    Марына ВЕСЯЛУХА

    vesіaluha@zvіazda.by

    Автор: Марына ВЕСЯЛУХАЗвязда

Комментарии (0)