30 Апреля, 2024 Вторник

В Пружанском ЗАГСе провели сотую за год регистрацию брака

  • 25 августа 2017 Общество Беларуская 0

    У мінулую суботу ў аддзеле ЗАГС Пружанскага райвыканкама была праведзена сотая ў гэтым годзе рэгістрацыя шлюбу.

    Здавалася б звычайная цырымонія ў ЗАГСе аказалася не такой ужо і звычайнай для 25-гадовых Наталлі Жабрун і Яўгена Ануфрыенка: урачыстасць з выпадку стварэння іх сям'і стала гістарычнай.

    Маладыя людзі пазнаёміліся больш года таму — яны былі сведкамі на вяселлі сваіх сяброў.

    Гулянне закончылася, і жыццё вярнула іх да штодзённых клопатаў: Наталля працуе настаўніцай гісторыі ў СШ №5 г.Пружаны, Яўген — вадзіцелем у Ваўкавыскім РАНС. Але нягледзячы на адлегласць і не такія ўжо частыя магчымасці для сустрэч, узаемная сімпатыя перарасла ў сапраўдныя пачуцці.

    Пра тое, што Наталля і Яўген сталі сотай парай, якая сёлета зарэгістравала свае адносіны ў аддзеле ЗАГСа Пружанскага райвыканкама, маладыя даведаліся толькі непасрэдна падчас цырымоніі ўзяцця шлюбу.

    Акцэнт на віншаванні сотай пары маладажонаў — паставілі невыпадкова.

    — У 2017 годзе органы ЗАГСа Беларусі адзначаюць знамянальную дату ў сваёй гісторыі — стагоддзе з дня ўтварэння, — зазначыла падчас урачыстасці загадчыца аддзела ЗАГСа Наталля Цібароўская. — Гэтая знакавая лічба стала нагодай для таго, каб сотую цырымонію ўступлення ў шлюб зрабіць сапраўды адметнай.

    Акрамя адпаведнага пасведчання, Наталля Радзівонаўна ўручыла новай сям’і памятны падарунак — сувенірную талерку, якая будзе нагадваць не проста пра дзень стварэння іх сям’і, але і пра падзею, з якой ён супаў.

    Пажаданні дажыць у міры і згодзе як мінімум да «залатога» вяселля адрасавала новаспечаным мужу і жонцы Ануфрыенкам і старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук, якая таксама падрыхтавала падарунак маладым.

    Да віншаванняў, вядома, далучыліся і бацькі Наталлі і Яўгена, родныя і сябры, якія сабраліся на ўрачыстасці, каб раздзяліць з імі радасць гэтай падзеі.

    Хто ведае, магчыма Наталля і Яўген Ануфрыенкі некалі адзначаць не толькі «залатое» ды «брыльянтавае» вяселлі, але і «чырвонае» — стагоддзе сямейнага саюзу? Нездарма ж напачатку іх сумеснага шляху — «зялёнага» вяселля, як называюць дзень утварэння сям‘і — лічба 100 аказалася знакавай.

    Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)