26 Апреля, 2024 Пятница

Там, дзе канчаецца асфальт

  • 25 августа 2017 Общество Русский 0

    Ёсць такі анекдот: «Ох ужо нашы дарогі: сеў за руль і паскакаў!» Сапраўды, ездзiць па асфальтаванай дарозе для вяскоўцаў часта недаступнае задавальненне. Як выправіць такую сітуацыю, даведвалася карэспандэнт «Р».

    Моцна не разгонішся


    У вёску Бабічы Клецкага раёна заязджаю з лёгкім галавакружэннем. Але гэта не ад цяжкай спякоты ці мясцовай прыгажосці. А таму, што за пару кіламетраў да населенага пункта аўтамабіль пачало трэсцi так, нiбыта ён ехаў па пральнай дошцы. Трэсла яго і на ўсіх трох вуліцах вёскі, якую маленькай назваць нiяк нельга — яна мае чатыры дзясяткі дамоў.

    Па вуліцы Піянерскай на аўтамабілі моцна не разгонішся. Бо дарогу на ёй калісьці забрукавалі, а затым падсыпалі жвірам. Мой спадарожнік Сяргей Падольскі ўдакладняе: было гэта чвэрць стагоддзя таму. І з таго часу нічога не змянілася. На спідометры 20 кіламетраў у гадзiну, а мне здаецца, што кожны каменьчык адчуваю сваiм хрыбтом. Гэта Сяргей запрасіў мяне пракаціцца па вуліцах яго роднай вёскі. Цяпер ён жыве ў Мінску. Аднак пастаянна наведваецца да маці. І не-не ды і ўспомніць «добрым словам» дарожныя службы.

    — Усяго дваццаць кіламетраў ад Клецка, ва ўсiх суседніх вёсках асфальт ёсць, а наш пятачок бокам абышлі, — абураецца Сяргей. — Чаму пра гэты ўчастак забыліся? Па ім можна ехаць толькі пасля таго, як грэйдар пройдзе. А ходзіць ён не так часта, як хацелася б.

    Размаўляем, а міма на невялікай хуткасці, падскокваючы на калдобiнах, праязджае аўтобус. За ім яшчэ доўга клубіцца пыл. Ад яго жыхары дамоў, размешчаных уздоўж вуліцы, ратуюцца за зачыненымі вокнамі. І зачыняць іх прыходзіцца часта: у вёсцы досыць інтэнсіўны рух — яна ў цэнтры ўсіх дарог. Проста вуліцы ў вёсцы Бабічы — транзітныя праезды мясцовых аўтамабільных дарог: Н-8483 Межная Слабада — Бабічы — Карацк і Н-8493 Туча — Бабічы.

    Сяргей Падольскі ўпэўнены: асфальт тут патрэбны. А таму звярнуўся ў мясцовае ДРБУ № 212, а затым — у «Мінскаблдарбуд». Адказ адзін: жвіровае пакрыццё дарог знаходзіцца ў здавальняючым стане і цалкам адпавядае дзяржстандартам. На дарозе рэгулярна і па меры неабходнасці робяць рамонтную прафілактыку, скошваюць пустазелле, фарбуюць дарожныя знакі.

    Сапраўды, да дарожных знакаў і пустазелля ў мужчыны прэтэнзій няма. А вось з фармулёўкай «здавальняючы стан» ён паспрачаўся б. Кажа, што на дарозе можна падвескі пазбавіцца, ды і пасажыраў пастаянна загойдвае. А падчас дажджу вада вымывае пясок з дарогі, і яна пакрываецца ямамі ды выбоінамі.

    — Зразумела, што сродкаў на новую дарогу не хапае. Але ж павінны быць нейкія графікі або планы па рамонце, — паціскае плячыма Сяргей.

    Павінны. Толькі ў гэтым годзе «рамонт дадзеных аўтамабільных дарог не прадугледжаны» — чытаю пісьмовы адказ з Мінаблвыканкама. Пералік аб'ектаў па рэканструкцыі, будаўніцтве, капітальным і бягучым рамонтах дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў фарміруецца ў межах выдзеленых сродкаў абласных бюджэтаў.

    Пыл на аўтамабiлях


    Заклапочаныя станам праезнай часткі і ў трыццаці кіламетрах ад Мінска. Жыхары вёскі Іслач усё яшчэ спадзяюцца, што дарогу, якая праходзіць праз населены пункт, заасфальтуюць. І надзея гэтая лiтаральна растае на вачах.

    — Сем гадоў мы звяртаемся ў розныя інстанцыі, — не хавае горычы вясковы стараста Уладзімір Аткаеў. — Увесь час чуем: няма сродкаў. А што нам рабіць? Улетку задыхаемся ад пылу, а памытую бялізну сушым на ўласнай кухні, каб не пэцкалася. Калі пакінуць аўтамабіль у двары на ноч, ён пакрываецца пылам, як попелам. Праз вёску стала хадзіць шмат транспарту — едуць на новую кальцавую аўтадарогу. Ды і ў самой вёсцы аўтамабіляў хапае, асабліва летам. Так што новая дарога нам вельмі патрэбна.

    Чаму сельскія жыхары павінны марыць пра асфальтаваную дарогу як пра манну нябесную? Толькі ў Мінскай вобласці трэць аўтадарог мясцовага значэння, а гэта больш за 5 тысяч кіламетраў, жвіровыя. У краіне на мясцовых дарогах каля 11 тысяч кіламетраў наогул не маюць цвёрдага пакрыцця і з'яўляюцца грунтавымі. Праезд па іх пры неспрыяльных умовах надвор'я праблематычны. А калі яны будуць адрамантаваны — складана сказаць. Бо нават спецыялісты прызналі, што праграма «Дарогі Беларусі на 2006—2015 гады» ў частцы рамонту дарог была не выканана — з-за недастатковага фінансавання. Планавалася дасягнуць добрага стану дарог на 8,6 тысячы кіламетраў, фактычна палепшана толькі палова. Прадугледжвалася, што да 2015 года зусім не будзе дарог з нездавальняючым станам. Па факце іх стала больш за 3 тысячы кіламетраў.

    Выйсце ёсць


    Сёння праблему спрабуюць вырашыць. Урадам прапрацоўваецца пытанне выдзялення грашовых сродкаў для прывядзення сеткі мясцовых дарог у нарматыўны стан. Што тычыцца саміх дарог, то аб'ёмы работ на іх фарміруюцца ў рэгіянальных праграмах па развіцці і ўтрыманні мясцовых дарог на 2015—2019 гады.

    Так, у «Мінскаблдарбудзе» адказалі, што пасля вызначэння аб'ёмаў фінансавання Мінскай вобласці будзе распрацаваны праект пераліку мясцовых аўтамабільных дарог, якія патрабуюць першачарговага рамонту ў 2018—2020 гадах. Пры гэтым адпаведна ўлічаць інтэнсіўнасць дарожнага руху. Перавагу будуць мець дарогі, якія злучаюць раённыя цэнтры, ды i тыя, што iдуць ад райцэнтраў да аграгарадкоў, ад аграгарадкоў да цэнтральных сядзіб сельскагаспадарчых арганізацый і да сельскіх населеных пунктаў.

    Хочацца верыць, што ў гэтыя спісы трапяць вёскі Бабічы і Іслач.

    Автор: Елена МИСНИКРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)