01 Марта, 2021 Понедельник

З якімі праблемамі ў сістэме ЖКГ выбаршчыкі звяртаюцца да дэпутатаў?

  • 25 августа 2017 Общество Беларуская 0

    Напэўна, у кожнага набярэцца з дзясятак гісторый, звязаных з тым, як у пад'ездзе доўга не маглі замяніць лямпачку, падчас ацяпляльнага сезона даводзілася трэсціся ад холаду ці ў двары некалькі дзён ляжала непрыбраная куча смецця. Аднак аказваецца,  што нараканні паступаюць не толькі з боку жыхароў, але і з боку работнікаў… Пра тое, якія пытанні ўзнікаюць часцей за ўсё і як іх можна вырашыць, мы пагаварылі з дэпутатам 27-га склікання Мінскага гарадскога Савета, старшынёй Пастаяннай камісіі мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях Георгіем АТАМАНАВЫМ.

     

    Фота Надзеі БУЖАН

    Цэны, смеццеправоды, сабакі...

    У самым пачатку нашай размовы Георгій Пятровіч адзначыў, что сфера ЖКГ — складаная, а часта і не цалкам зразумелая. Пры гэтым яна вельмі важная для ўсіх жыхароў горада, якія хочуць бачыць побыт камфортным, а работу абслугоўваючых структур незаўважнай, недарагой і якаснай.

    Такім чынам, заўсёды ў топе хвалюючых пытанняў — пастаянны рост кошту камунальных паслуг і яго абгрунтаванасць. За апошнія дзесяць гадоў толькі кошт адлічэнняў на капрамонт павялічыўся ў 4 разы; халоднага водазабеспячэння і водаадвядзення — у 18,5 раза; падагрэву халоднай вады — у 25 разоў; электраэнергіі — амаль у 17 разоў; газазабеспячэння на аднаго чалавека — у 12 разоў; вывазу і абясшкоджвання цвёрдых бытавых адыходаў — у 13,5 раза. А калі ўсё гэта падсумаваць...

    Нароўні з цэнамі не пакідаюць гараджан абыякавымі і тэрміны правядзення капітальнага і бягучага рамонту жылога фонду, адмова ад цеплавой рэабілітацыі пры правядзенні капітальнага рамонту жылых будынкаў, пабудаваных больш за 30—40 гадоў таму; санітарны стан, чысціня і парадак у пад'ездах у сувязі са зменай частаты іх уборкі; утрыманне і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі і дзіцячых пляцовак; заварванне смеццеправодаў у шматпавярховых жылых дамах, абслугоўванне запорна-перагаворных прылад, ці, прасцей кажучы, дамафонаў.

    І калі ўсё гэта адносіцца да досыць значных пытанняў, то ёсць сярод тэм зваротаў і такія аспекты сучаснага жыцця, якія не прычыняюць асаблівай шкоды, а, хутчэй, проста раздражняюць. Напрыклад, апошнія гады мінчане просяць прыняць меры ў адносінах да распаўсюджвальнікаў рэкламнай прадукцыі, якія мала таго што запаўняюць паштовыя скрыні, дык яшчэ і расклейваюць аб'явы там, дзе ім хочацца. І калі ў гэтым пытанні рознагалоссяў няма — наўрад ці хто-небудзь з мясцовых жыхароў радуецца такім пасланням, то вакол нормаў утрымання хатніх жывёл вядуцца жорсткія спрэчкі. Адных абурае тое, што сабак выгульваюць без наморднікаў, на дзіцячых пляцоўках ці на зялёнай зоне прыдамавых тэрыторый, пры гэтым за імі не прыбіраюць і разводзяць антысанітарыю. Іншых — што з жывёлкай няма куды падацца і кожны спрабуе табе ўказваць, як абыходзіцца з уласным любімцам. Георгій Атаманаў заўважае: каб пачаць вырашаць гэтыя пытанні, неабходна больш прадметна адрэгуляваць праваадносіны ў сферах рэкламнай дзейнасці і ўтрымання хатніх жывёл на заканадаўчым узроўні або прыняццем нарматыўнага прававога акта ўрада.

    І ліфцёр, і сантэхнік, і электрык?

    Наогул, па словах Георгія Атаманава, менавіта на дзейнасць розных падраздзяленняў службаў ЖКГ прыпадае больш за палову ўсіх зваротаў. Аднак многае залежыць ад сезоннасці — «абвастрэнне» назіраецца з пачаткам ацяпляльнага перыяду.

    Так, напрыклад, дэпутат дапамог пажылой пары, у кватэры якой адзначалася недастаткова высокая тэмпература — ЖЭС пытанне вырашыць не змог. Па патрабаванні дэпутата спецыялісты разам з санслужбай яшчэ раз наведалі кватэру, правялі замеры і літаральна праз некалькі дзён, дзякуючы ўзаемадзеянню з адміністрацыяй раёна, праблему ўдалося вырашыць.

    А жыхары другога паверха аднаго са шматквартэрных дамоў былі пазбаўленыя магчымасці карыстацца ліфтам, таму што на іх паверсе ён папросту не спыняўся. Праўда, за даброту цывілізацыі ім нечакана пачалі выстаўляць плату. Умяшанне дэпутата дапамагло зліквідаваць гэтую несправядлівасць.

    З апошняга: амаль тыдзень пасля звароту ў службу 115 не маглі памяняць у пад'ездзе лямпачку. Толькі пасля званка дэпутата ўдалося высветліць, што захварэў электрык. Але часцей зацягванне ў вырашэнні праблем звязана не з форс-мажорнымі абставінамі, а са складанай сістэмай атрымання тэндара на правядзенне тых ці іншых работ. Здавалася б, выконваць іх з-за гэтага павінны як мага больш якасна і бюджэтна, але ж пакуль дачакаешся...

    — Істотных карэктыў рэформа ЖКГ у статыстыку не ўнесла — зваротаў па-ранейшаму нямала: вялікая частка гараджан дагэтуль не можа зразумець сутнасці змен. У сувязі з гэтым, думаецца, патрэбна больш дасканалая, даступная для разумення абсалютнай большасці інфармацыйна-тлумачальная работа з насельніцтвам, — разважае Георгій Атаманаў.

    Самае дзіўнае, што прыстасавацца да новай сістэмы не могуць і самі работнікі ЖКГ. Многія выступаюць радыкальна: маўляў, вярніце старую. Пэўная доля логікі ў гэтым ёсць: узнікла новая пасада — хаус-майстар,

    а вось спецыялістаў, якія маглі б выконваць яго функцыі, няма, як і месцаў для іх падрыхтоўкі. Сантэхнік стаў хаус-майстрам, аднак працаваць з электрычнымі сеткамі ён не можа — няма неабходных уменняў і, адпаведна, допуску. Тое ж самае і з былым электрыкам у дачыненні да сантэхнічнага абсталявання, прафілактыкі і ліквідацыі праблем з вадой, цяплом, ужо не кажучы пра газазабеспячэнне або работу ліфтаў...

    Дар'я КАСКО

    kаskо@zvіаzdа.bу

    Автор: Дар'я КАСКОЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)