28 Марта, 2024 Четверг

У Маладзечанскім раёне абкаталі навінкі перапісу 2019 года

  • 03 октября 2017 Общество Русский 0

    Арганізатары пробнага перапісу насельніцтва інтрыгуюць: такога яшчэ не было. Па-першае, спіс пытанняў значна скараціўся. Па-другое, змянілася арганізацыя працэсу. Цяпер у ім задзейнічаны не толькі работнікі статыстыкі, але і прыцягнутыя органы мясцовага самакіравання. Па-трэцяе, работнікi будуць выкарыстоўваць планшэты. Усю ўнікальнасць працэсу прачуюць жыхары Маладзечанскага раёна ў бліжэйшыя два тыдні. 

    На ўчастку — горача

    Адпраўляемся ў Маладзечанскі раён. Ён абраны невыпадкова, бо адпавядае ўсім сацыяльна-эканамічным характарыстыкам, якія можна спраецыраваць на ўсю краіну. На працягу двух тыдняў раён будзе падзелены на 15 участкаў, прычым 5 з іх – стацыянарныя. Тры будуць знаходзіцца ў горадзе і па адным — у аграгарадку Лебедзева і ў вёсцы Цюрлi. Зручна! Людзі змогуць самі прыходзіць на ўчастак і праходзіць анкетаванне. І хоць камфортней паўдзельнічаць у перапісе, не выходзячы з кватэры, стацыянарныя ўчасткі не пустуюць. Напрыклад, на той, што размешчаны ў будынку тэатра «Батлейка», сталі прыходзіць ужо ў першы дзень.

    Пенсiянерка Таццяна Рубан — адна з іх. Аб пробным перапісе даведалася ў раённай газеце. Вырашыла сама прыйсці на ўчастак, таму што дома практычна не бывае.

    Што ж, пачынае апытанне перапісчыца са стандартных пытанняў пра вуліцу, дом і кватэру, потым — памер і плошча жылога памяшкання, яго добраўпарадкаванне. Затым – стандартныя пытанні пра ўзровень адукацыі, нацыянальнасць і родную мову. У сярэднім на запаўненне адной анкеты сыходзіць 5—15 хвілін. Усяго пробны перапіс у Маладзечанскім раёне ахопіць 15 тысяч чалавек. 


    У поўным узбраенні 

    Каб паглядзець, як перапісчыкі працуюць дома, адпраўляемся на Вольную, 8. Тут нас сустракае 60-гадовая Людміла Сцяпанаўна Русак. Ёй прыйшло на пошту паведамленне аб пробным перапісе. Перапісчыка лёгка пазнаць па пасведчанні (якое, дарэчы, сапраўднае толькі па прад’яўленні пашпарта), сумцы з эмблемай і, самае галоўнае,  планшэце.

    Людміла Сцяпанаўна жыве з мужам. Карэнная беларуска прыбыла ў Маладзечна па размеркаванні. Асноўны даход — пенсія. На пытанне: «Як хацелі б прайсці перапіс у 2019 годзе?» — з упэўненасцю адказвае: «Па інтэрнэце, у рэжыме анлайн». Гэтым самым здзіўляе перапiсчыцу.

    Намеснік начальніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці Наталля Томашава расказвае ў перапынках:

    — Перапіс прынцыпова адрозніваецца ад перапісу 2009 года і па арганізацыйных момантах, і па метадах апытання. Вядома, ён будзе прасцейшым, таму што мы цалкам адмовіліся ад папяровых носьбітаў.

    У пробным перапісе задзейнічаюць 35 планшэтаў. На прыладу загружаны і перапісныя лісты, і карты. Акрамя звыклых пытанняў, будуць задаваць пытанні аб сельскагаспадарчай дзейнасці: ці ёсць зямельны ўчастак? Які? Што на iм расце? У нашай краіне, адзінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, не выпрабоўваўся гэты блок пытанняў. Акрамя гэтага, узмацніўся блок па міграцыі. Ні здароўе, ні рэлігію, ні палітыку пытанні не закранаюць, паколькi  лічацца даволі далікатнымі.

    Таксама скараціўся апытальнік па працаўладкаванні. Раней паказвалі назву арганізацыі, у якой працуе чалавек, від эканамічнай дзейнасці, пасаду.

    Аб выніках своеасаблівай рэпетыцыі асноўнага перапісу казаць пакуль што цяжка. Адно вядома: планшэты паскорылі працэс і спросцілі працу перапісчыкаў. Да 2019 года плануюць даць магчымасць рэспандэнтам прайсці перапіс у рэжыме анлайн або сістэме АРІП.

    Автор: Вероника УЛАСЕВИЧРэспубліка

Комментарии (0)