20 Апреля, 2024 Суббота

Вянец працы хлебаробаў

  • 11 октября 2017 Общество Беларуская 0

    З далёкай даўніны на Беларусі чаканым і жаданым святам былі асеннія кірмашы, на якія з усёй акругі ехалі гаспадары з вырашчаным ураджаем, рамесніцкімі вырабамі, ласункамі і самымі рознымі іншымі таварамі, а пакупнікі спадзяваліся на дыхтоўныя абновы і патрэбныя набыткі. Не абыходзілася без песень і танцаў, забаў і цікавых сустрэч.

    Жыве старажытная традыцыя і да сённяшняй пары, толькі напоўнена яна ўжо сучасным зместам, галоўнае ў якім — аддзячыць руплівым рукам за працоўныя здабыткі і напоўненыя залатым зернем засекі, ушанаваць усіх, хто сеяў, даглядаў і ўбіраў хлеб.

    Абласныя “Дажынкі” праводзіліся раней ў Нясвіжы, Маладзечне, Вілейцы, Лагойску, Слуцку. У гэтым годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі — 2017” у горадзе Смалявічы сабраў пераможцаў жніва з усёй Мінскай вобласці. А да свята Смалявічы рыхтаваліся амаль усё лета і пачатак восені – прыводзілі ў парадак тэрыторыі, тратуары, асфальтавалі вуліцы, абнаўлялі фасады будынкаў. Гаспадарам актыўна дапамагалі ў гэтай справе будаўнікі з іншых раёнаў вобласці. І горад прыемна змяніў аблічча – папрыгажэў, памаладзеў, нібы ў святочнае адзенне ўбраўся.

    ГОСЦІ

    У мінулую суботу з самай раніцы ў раёне прыветна сустракалі знатных гасцей. За кожнай дэлегацыяй з рэгіёнаў вобласці былі замацаваны адказныя работнікі мясцовай адміністрацыі і арганізацый раёна, якія суправаджалі потым удзельнікаў урачыстасці на яе працягу. У складзе дэлегацый – пераможцы ўборачнай кампаніі ў сваіх рэгіёнах, кіраўнікі раёнаў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, майстры мастацтваў. Пры сустрэчы дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручылі кіраўнікам дэлегацый сімвалічныя караваі ўраджаю 2017 года і памятныя стужкі – пераможцам абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці. Затым гасцям прапанавалі крышку адпачыць з дарогі, падсілкавацца і агледзецца ў нашым краі, запрасілі на прадпрыемствы грамадскага харчавання — “Сасновая”, “Белазаўскі маёнтак”, “Азёрнае”, “Бярозка”, “Фламінга”, сталовую агратэхнічнага ліцэя, дзе да прыёму таксама старанна падрыхтаваліся.

    УРАЧЫСТАСЦІ

    Тым часам дэлегацыі раёнаў Мінскай вобласці ўжо рыхтаваліся да ўрачыстага шэсця, якое пачалося ад Дома гандлю “Родны кут” і накіроўвалася на Цэнтральную плошчу. У кожнай з дэлегацый – кіраўнікі рэгіёнаў, арганізатары жніва-2017, лепшыя працаўнікі сельскагаспадарчай галіны, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў на ўборачных работах. Маляўніча аформленыя калоны пад музыку і прывітальныя воклічы смалевічан, якія цёпла віталі гасцей на працягу ўсяго шляху калон, прыбывалі на плошчу.

    Смалявіцкая дэлегацыя таксама ўдзельнічала ва ўрачыстым шэсці. Ганаровае права прадстаўляць наш раён на “Дажынках” атрымалі перш за ўсё самыя дастойныя пасланцы сельскагаспадарчых працоўных калектываў – камбайнеры, вадзіцелі, механізатары, спецыялісты: Сяргей Пятрушка, Дзмітрый Кішчук, Аляксандр Саратаў, Генадзь Баравік, Васіль Пыжык, Юрый Кудзінаў, Генадзь Шэршань, Алег Тараненка, Міхаіл Навіцкі, Анна Лейко, Ніна Матвіенка, Міхаіл Сімановіч. У радах, побач з кіраўніцтвам раёна, ішлі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Вячаслаў Лапатка, галоўныя спецыялісты райвыканкама, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

    УШАНАВАННЕ ПЕРАМОЖЦАЎ

    У 14 гадзін дня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, на Цэнтральнай плошчы горада, пачалася ўрачыстая цырымонія абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”. Прыняць удзел у абласным свяце хлебаробаў, акрамя дэлегацый з рэгіёнаў Мінскай вобласці, прыехалі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Мінскага аблвыканкама, кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый-інвестараў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і многія іншыя госці.

    Пасля кароткага відэасюжэта аб важнейшых дасягненнях Мінскай вобласці на сцэну ўзняліся дырэктар ААТ “Азярыцкі-Агра”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова і кіраўнік СПК “Першамайскі” Мікалай Казлоў і ўручылі каравай з мукі новага ўраджаю старшыні аблвыканкама, як добры доказ, што хлебаробы Смалявіччыны дастойна справіліся з уборкай хлеба. “Дажынкі” – гэта вянок працы хлебаробаў”, — падкрэсліла ў прывітальным слове Ніна Вікенцьеўна. На сцэну ўзняўся і епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, які ўручыў кіраўніцтву Мінскай вобласці святую ікону, каб яна заўсёды аберагала хлебаробаў і спрыяла іх высакароднай працы.

    Святочны фестываль-кірмаш “Дажынкі” – гэта добрая нагода назваць лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, якія дасягнулі вышэйшых паказчыкаў на ўборцы ўраджаю 2017 года, выказаць ім падзяку за руплівую працу і высокую адказнасць за выконваемую справу.

    І са словамі прывітання да ўсіх удзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч Ісачанка. У прамове ён адзначыў, што хлебаробы Міншчыны сёлета ўнеслі важкі ўклад у агульны каравай – намалочана 1 мільён 900 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці зернявых і зернебабовых культур 37,6 цэнтнера збожжа з гектара. І Міншчыну з ўсёй адказнасцю можна назваць галоўнай жытніцай краіны. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна рэспублікі шчыра падзякаваў усім удзельнікам уборачнай кампаніі за самаадданую працу, высокую адказнасць і разуменне дзяржаўнай важнасці ў справе забеспячэння харчовай бяспекі краіны.

    Па выніках абласнога спаборніцтва на ўборцы зернявых культур пераможцам прызнаны Дзяржынскі раён, дзе было намалочана 119 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 57 цэнтнераў з гектара, на другім месцы – Барысаўскі раён, на трэцім – Маладзечанскі. Самая высокая ўраджайнасць атрымана хлебаробамі Нясвіжскага раёна – па 65 цэнтнераў з гектара. Найбольш важкі валавы збор зерня атрыманы ў Мінскім, Маладзечанскім, Клецкім, Слуцкім раёнах.

    Таксама былі названы прызёры спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Мінскай вобласці, 27 пераможцаў індывідуальнага спаборнітва ў некалькіх намінацыях, адзначаны жанчыны – удзельніцы ўборачнай кампаніі, якія дасягнулі лепшых паказчыкаў на жніве. Словы ўдзячнасці былі выказаны і кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый, бо менавіта ад іх умення арганізаваць работу ўборачнага канвеера ў многім залежыць канчатковы вынік жніва. На сцэну запрашаліся сямейныя дынастыі хлебаробаў, некалькі пакаленняў якіх прысвяцілі сябе гэтай прафесіі.

    Усе пераможцы былі адзначаны высокімі ўзнагародамі і падарункамі.

    З прывітальным словам да хлебаробаў Міншчыны звярнуўся намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў, які падкрэсліў, што “Дажынкі” – не толькі выказванне ўдзячнасці за хлеб, але і важны сацыяльны праект па павышэнню прэстыжнасці сельскіх прафесій і павышэнню здабыткаў працы сяльчан, бо ад становішча ў сельскай гаспадарцы ў многім залежыць дабрабыт усяго грамадства, усёй краіны. Мікалай Генадзьевіч перадаў працаўнікам Міншчыны падзяку за працу ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі Прэзідэнта.

    Удзельнікаў святочнага мерапрыемства павіншаваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун, які ўручыў Ганаровыя граматы Міністэрства групе хлебаробаў Міншчыны, у тым ліку галоўнаму аграному РУП “Шыпяны-АСК” Генадзю Шэршаню.

    Прагучала прывітанне і ад намесніка міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Аляксандра Корбута, які таксама ўручыў узнагароды Міністэрства пераможцам агляду-конкурсу па навядзенню парадку на зямлі. Першае месца ў конкурсе заняў Нясвіжскі раён.

     Хлебаробаў віншаваў са святам і старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза АПК Мікалай Лабушаў. А галоўны рэдактар “Сельской газеты” Сяргей Міховіч уручыў прыз (тэлевізар) інфармацыйнага холдзінга “СБ –Беларусь сегодня” лепшаму маладому механізатару вобласці, якім быў прызнаны прадстаўнік Чэрвенскага раёна.

    Самы прэстыжны падарунак свята – сертыфікат на набыццё сучаснай мадыфікацыі трактара “Беларус” — дастаўся калектыву ААТ “Смалявіцкі райаграсевіс”.

    АДКРЫЦЦЁ ЗАГСА

    Адной са старонак святочнага мерапрыемства стала ўрачыстае адкрыццё абноўленага будынка Смалявіцкага аддзела загс. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з часу заснавання рэспубліканскай службы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Ідучы да такога юбілею і рыхтуючыся да абласной урачыстасці, проста нельга было пакінуць без увагі гэтую ўстанову, дзе адбываюцца самыя важныя для кожнага чалавека падзеі ў жыцці – заключэнне шлюбу, рэгістрацыя нованароджаных і г.д.

    На адкрыццё ўстановы завіталі ганаровыя госці “Дажынак” на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. Праводзячы невялічкую экскурсію па прыгожа аздобленых залах, нядаўні кіраўнік гэтай установы Іна Шарпава, якая аддала тут рабоце 37 гадоў, пазнаёміла наведвальнікаў з гісторыяй загса. А затым была праведзена ўрачыстая рэгістрацыя яшчэ адной грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, маленькай жыхаркі Смалявічаў — Дар’і, другога дзіцяці ў сям’і смалевічан Ірыны і Аляксея Місілевічаў. І гэта сімвалічна: узаконена з’яўленне на свет новага жыхара нашага горада. Значыць, гораду жыць і развівацца.

    СВЯТОЧНЫ КІРМАШ

    А на галоўнай плошчы горада, прылягаючых да яе вуліцах панавала вясёлае ажыўленне. Працягнуліся, здавалася, бясконцыя гандлёвыя рады выставы-продажу, якія прапаноўвалі прадукцыю сельскай гаспадаркі, вырабы прамысловай і перапрацоўчай прамысловасці. Вабіла багацце садавіны, кулінарных вырабаў: разбягаліся вочы! Тут жа раскінулі свае гасцінныя ўладанні летнія кафэ, адкуль разносіўся апетытны водар кавы, шашлыкоў і печыва. На шматлікіх прылаўках былі раскладзены арыгінальныя вырабы майстроў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабы з дрэва, саломкі, лазы, керамічны посуд, карціны, цацкі і сувеніры – усё нагадвала: які таленавіты наш народ, колькі трэба ўмення і фантазіі, каб стварыць такую прыгажосць! На пляцоўцы каля Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў увагу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прыцягвала выстава сімвалаў “Дажынак” — караваяў, дзе румяны здобны хлеб — адзін за другі прыгажэйшы.

    На кірмашы была прадстаўлена прадукцыя многіх прадпрыемстваў, арганізацый, камбінатаў бытавога абслугоўвання. Запоўнілі таварам прылаўкі прыватныя прадпрымальнікі, гасцінна запрашалі на імправізаваныя падвор’і гаспадары сялянскіх сядзіб. Пад маляўнічымі шатрамі прадпрыемстваў грамадскага харчавання можна было паласавацца самымі адмысловымі прысмакамі. І ўсюды гучала музыка, песнямі і танцамі прываблівалі аматарскія творчыя калектывы. Было на кірмашы і што пабачыць, і што купіць. І многія наведвальнікі свята ішлі з напоўненымі пакетамі і сумкамі.

    Да гандлёвых радоў кірмашу пачалі прыбываць дэлегацыі гасцей, каб паглядзець, параўнаць, патаргавацца, набыць тое, што прывабіла. Як жа ехаць з кірмашу без пакупкі ці сувеніра?

    Прайшоўся па гандлёвых радах і старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка разам з іншымі сталічнымі гасцямі ў суправаджэнні старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава, сваіх калег і адказных работнікаў раёна-гаспадара і аблвыканкама. Усюды іх цёпла віталі гаспадары гандлёвых прылаўкаў, дзякавалі за цікава арганізаванае свята, дарылі сувеніры.

    А НАРОД СКАЗАЎ...

    Павел Жукаў, журналіст, г.Мядзель:

    — Я быў на многіх падобных святах, магу параўнаць: Смалявічы добра падрыхтаваліся. Горад чысты, прыгожы, гасцей шмат. Цудоўна!

    Юрый Іванавіч Кастранкоў, вёска Прылепы:

    — “Дажынкі” – свята традыцыйнае, кожную восень праводзіцца. Але сёлета яно праходзіць з асаблівым размахам. Вельмі багаты кірмаш, свае тавары і вырабы прывезлі многія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, сельскагаспадарчыя і гандлёвыя арганізацыі з усёй Мінскай вобласці. І горад наш прыгожа прыбраўся да ўрачыстасці.

     Валянціна, г.Смалявічы:

    — Такога свята ў Смалявічах яшчэ не было. Усё так прыгожа, урачыста. Можна і выступленні артыстаў паглядзець, песні паслухаць. У гандлёвых палатках вялікі выбар ласункаў.

    Леанід Фёдаравіч Крупец, раней працаваў старшынёй Мінскага аблвыканкма, г.Мінск:

    — Смалявічы вельмі добра падрыхтаваліся да “Дажынак”. Прыкметна добраўпарадкавалі горад. Я раней не раз быў у райцэнтры: сённяшні горад не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што было колькі гадоў назад. Малайцы, смалевічане! Малайцы, што працягваеце лепшыя традыцыі, беражліва адносіцеся да таго, што было зроблена папярэднімі пакаленнямі. Мне сёння вельмі спадабалася ў вас!

    Яўгенія Давыдаўна Міхаліна, г.Смалявічы:

    — У час падрыхтоўкі да “Дажынак” Смалявічы літаральна поўнасцю змянілі сваё аблічча. Усяго за два месяцы для горада зроблена так многа, як раней і за два гады не рабілася. Многія вуліцы адрамантаваны, новы асфальт, зручныя тратуары, занава пафарбаваныя будынкі, здаецца, аж павесялелі. Вядома, не ўсё паспелі зрабіць за кароткі час падрыхтоўкі, але пачатак добры пакладзены.

    Уладзімір, работнік гандлю, г.Вілейка:

    — Утульна ў вашым горадзе, ён невялічкі, але такі чысты, адразу бачна, што рыхтаваліся грунтоўна. А свята цудоўнае: вясёлае, мнагалюднае. І пакупнікі актыўнасць праяўляюць, нават чэргі ў гандлёвых радах ёсць.

    Ала Фёдараўна Шынкевіч, былы намеснік галоўнага ўрача райбальніцы, г.Смалявічы:

    — Гэта – казка, сапраўдная казка! Вельмі спадабаўся “Горад майстроў”, уразілі багацце прадстаўленых вырабаў, майстэрства, з якім гэтыя цудоўныя рэчы былі створаны. Наогул на свяце спадабалася ўсё. Хочацца выказаць шчырую падзяку яго арганізатарам. Гэта ж колькі трэба было намаганняў прыкласці, каб свята адбылося! Дзякуй усім!

    Юля, г.Смалявічы:

    — Вельмі прыгожы быў феерверк. І сама ўрачыстасць вельмі спадабалася. Няхай “Дажынкі” да нас кожную восень прыязджаюць!

    ЁСЦЬ ХЛЕБ – ГУЧАЦЬ І ПЕСНІ

    На кірмашы ў гэты дзень было арганізавана некалькі сцэнічных пляцовак. Каля адрэстаўрыраванага кінатэтра “Радзіма”, які стаў цяпер маладзёжным цэнтрам “Smo- Родина”,  гасцей і жыхароў горада запрашала пляцоўка “Маладзёжная” (аб гэтым раскажам у асобным рэпартажы).

    На вуліцы Савецкай, непадалёк ад будынка “Беларусбанка”, размясцілася сцэнічная пляцоўка “Вітаем герояў жніва”. На працягу амаль усяго святочнага дня тут праходзілі выступленні лепшых аматарскіх калектываў і выканаўцаў Міншчыны.

    Узнагароджані, ушанаванні перадавікоў жніва, выступленні ганаровых гасцей на фестывалі хлебаробаў чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі лепшых творчых калектываў і выканаўцаў Мінскай вобласці. Фіналам ўрачыстай цырымоніі ўшанавання працаўнікоў вёскі стаў святочны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча.

    Госці пачалі раз’язджацца, бо для многіх – дарога не блізкая, але гулянне ў горадзе працягвалася да позняга вечара. Цудоўнымі песнямі парадаваў сваіх землякоў артыст эстрады Дзмітрый Калдун. А завяршылася свята маляўнічым феерверкам.

    Автор: Э.ПАТАПЧЫККрай смалявіцкі
    Теги: 

Комментарии (0)