03 Мая, 2024 Пятница

Жыццёвых кніг шчаслівыя старонкі

  • 13 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Ганна Сліж з Насілава дзесяці хлопчыкам і дзяўчынкам замяніла родную маму. Адагрэла, атуліла цяплом і ласкай і нават пасля паўналецця працягвае іх апякаць. І ўжо іх дзеці лічаць Ганну Генадзьеўну роднай бабуляй. І яе старэйшая дачка Таццяна Амангельдзіева 11 гадоў таму таксама стала прыёмнай мамай і за гэты час узяла пад сваё крыло дзесяцярых сацыяльных сірот.

    У кожнай з іх па дзве родныя дачкі, якіх пасля разводу гадавалі адны – і ў гэтым падобны іх лёс… Так і жывуць яны пад адным дахам вялікага дома ў Насілаве: дзве добрасардэчныя жанчыны,  для якіх мацярынства стала і прызваннем, і прафесіяй.

    На кожнага са сваіх прыёмных дзяцей Ганна Сліж заводзіць спецыяльны альбом з сімвалічнай назвай «Кніга жыцця». За апошнія 13 гадоў створана дзесяць такіх альбомаў...

    Выраслі і засталіся

    Віталію – 22 гады, Свеце – 19. Брат і сястра сталі першымі прыёмнымі дзецьмі Ганны Генадзьеўны. Успамінае, як прыехала ў Красненскі сацыяльны прытулак па адно дзіця, а ўбачыла іх, пазнала (адзін час працавала ў вёсцы, дзе жыла іх сям’я) і так стала шкада малых, што вырашыла забраць абодвух. «Мне з імі было няцяжка, раслі ласкавымі, паслухмянымі, адразу сталі мамай называць», — успамінае субяседніца. Брат і сястра па-ранейшаму жывуць у гэтай вялікай сям’і, хаця афіцыйна ўжо не лічацца прыёмнымі дзецьмі. «За гэты час мы сталі роднымі людзьмі», — гаворыць прыёмная маці. Света асвойвае прафесію тэхніка-тэхнолага ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, брат закончыў яго, атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Неяк ён сказаў Ганне Генадзьеўне: «У мяне адна мама, і гэта ты!». «Віталік – наша апора, гаспадар, у яго рукі залатыя — усё ўмее рабіць. Мы яму ўзялі ўчастак у Аборку. Распрацавалі, садзім там шмат бульбы. А вясной думаем пачаць будаўніцтва дома».

    Можна не сумнявацца, у іх усё атрымаецца, як атрымалася зрабіць прыбудову да дома ў Насілаве, каб хапала месца для кожнага дзіцяці. Многія ўжо выраслі, сталі самастойнымі, але сувязь з Ганнай Генадзьеўнай не перарываюць: «Віка жыве ў Чысці, у яе двое дзетак. За ёю кватэра была замацавана, мы там усе разам рабілі рамонт. І ў Машы дачушка, усе яны мае ўнукі. Сярод дарослых выхаванцаў Жэня, які закончыў каледж і паехаў у Казахстан, Антон… Надзюша-малодшая (родную дачку Ганны Генадзьеўны таксама завуць Надзея) вучыцца ў Ільі на заатэхніка, на выхадныя прыязджае да нас. Калі ўсе мае дзеці на якое-небудзь сямейнае свята да нас з’язджаюцца – цэлае вяселле атрымліваецца…».

    Пакуль мы размаўлялі з Ганнай Генадзьеўнай і яе роднымі дочкамі Таццянай і Надзеяй, дом напоўніўся галасамі прыёмных дзяцей, якія прыехалі з Лебедзеўскай школы. Іх у Ганны Генадзьеўны цяпер чацвёра, хаця вось ужо тры гады як яна на пенсіі: дзевяцікласнік Ваня, васьмікласнік Арцём, а таксама брат з сястрой — дзесяцікласнік Сяргей і сямікласніца Таня. Нельга не заўважыць, што ў доме ідэальны парадак, да якога дзеці прывучаны з маленства. І самі яны вельмі акуратныя, дагледжаныя, з густам апранутыя. Матуля гаворыць, што ўмеюць і свае дробныя рэчы памыць, і суп зварыць, і ў пакоі прыбраць. Дапамагаюць маці на кухні, у агародзе, па гаспадарцы (а яна немалая – свінні, куры, качкі). Але ў вучэбны год галоўнае – урокі, дамашнія заданні. Як правіла, у прыёмнай сям’і дзеці падцягваюцца ў вучобе, хаця спачатку ў некаторых былі праблемы. У кожнага ёсць і занятак па душы. Арцём па тры разы на тыдзень ездзіць у музычную школу, вучыцца іграць на дудзе ў вядомага музыканта Сяргея Ярука. На самым бачным месцы ў доме выстаўлены яго ўзнагароды за перамогі на розных музычных конкурсах. Таня таксама захапляецца музыкай, іграе на скрыпцы. Сяргей і Ваня займаюцца спортам. «У мяне ўсе дзеці вельмі добрыя, проста ідэальныя», — не раз за нашу размову паўтарала мая субяседніца.     

    Безумоўна, бываюць і праблемы – як без іх у вялікай сям’і. «Ведаеце, якое ў нас галоўнае пакаранне? – гаворыць Ганна Генадзьеўна. —  Пакінуць без справы таго, хто правініўся. Усе дружна нешта робяць, а штрафнік убаку мучыцца… Вельмі эфектыўна дзейнічае. Такія выхаваўчыя моманты нам падказваюць на занятках, семінарах, якія пастаянна ладзяцца для прыёмных бацькоў у сацыяльна-педагагічным цэнтры». Раз на пяць гадоў прыёмныя мамы ездзяць і на курсы павышэння кваліфікацыі. Толькі ні на адных з іх не навучаць любіць і шкадаваць дзяцей, якіх нарадзілі іншыя жанчыны… Гэта асаблівы талент, божы дар, які даецца нямногім.

    «Хвалім нават за дрэннае»

    «Гэта яшчэ адна маленькая педагагічная хітрасць, — расказвае Таццяна. — Нават калі дзіця зрабіла нешта не так, стараюся знайсці магчымасць яго пахваліць, каб яму хацелася «дарасці» да гэтай пахвалы, дадзенай авансам, заслужыць яе».

    Стварэнне сітуацыі поспеху вельмі важна для дзяцей, якія вымушаны былі жыць у прытулку, зведалі здраду ўласных бацькоў… Добра, што дзіцячая псіхіка здольная аднаўляцца, а памяць – забываць усё дрэннае. Калючымі вожыкамі, з недаверам у вачанятах прыходзяць яны ў прыёмную сям’ю, і толькі дзякуючы любові, разуменню і цярпенню становяцца вясёлымі, паслухмянымі, стараннымі. Хаця бываюць выпадкі, калі дзеці вырастаюць, становяцца самастойнымі, і бацькоўскія гены бяруць верх. Пра гэта цяжка гаварыць жанчыне, якая столькі душэўных сіл патраціла на іх выхаванне… Таццяна не ўтойвае, што былі і слёзы, і расчараванні. Але побач мудрая мама, заўсёды падтрымлівалі дочкі, якія выраслі самастойнымі і разумнымі: Юля працуе эканамістам, Паліна вучыцца ва ўніверсітэце культуры. Вельмі дапамагаюць спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра, педагогі Лебедзеўскай школы.

    Цікава, што ўслед за маці Таццяна таксама стала «прыёмнай» бабуляй. У Аліны, адной з яе прыёмных дачок, нядаўна нарадзіўся сын. Аліна з сястрой Насцяй больш за тры гады пражылі ў сям’і Таццяны Георгіеўны, пакуль іх мама адбывала пакаранне. Вельмі цяжкім было расставанне, настолькі дзяўчынкі прывыклі, прыраслі душой. «Каб назаўсёды застацца для іх блізкім чалавекам, я стала іх хроснай мамай, — гаворыць Таццяна. — Здавалася б, выхавала сваіх дачок Юлю і Паліну, дагадавала да паўналецця прыёмных… Але патэлефануюць з сацыяльна-педага-

    гічнага цэнтра, папросяць даць прытулак новым дзецям — і пачынаецца яшчэ адзін віток. Мы прывыклі да вялікай сям’і. Калі летам дзеці адпачываюць у лагеры, я толькі першыя некалькі дзён адыходжу ад штодзённых клопатаў. А затым такі сум агортвае, не ведаеш, куды сябе дзець…».

    У Таццяны жыве чацвёра дзетак, усе яны вучні Лебедзеўскай школы: дзесяцікласніца Саша, васьмікласніца Каця, брат і сястра — пяцікласнік Дзіма і трэцякласніца Лалі. Саша раней жыла ў цёці, астатнія дзеці – у прытулку. Цяпер яны адна вялікая і дружная сям’я. Усе святы адзначаюць разам, і Дзень маці не выключэнне. Найпрыгажэйшыя букеты асенніх кветак, шчырыя словы пажаданняў для мамы Ані і мамы Тані, самых родных і самых неабходных…

    Фота: архіў сям’і СЛІЖ.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)